15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША ўвялі новыя эканамічныя санкцыі

55
ЗША ўвялі новыя эканамічныя санкцыі

Уведзеныя санкцыі супраць «ТМ Сэрвісіз» (TMS) і кіраўнічай кампаніі холдынгу радыёлакацыйных сістэм (КБ «Радар»).

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць шэрагу юрыдычных і фізічных асоб у Беларусі, Кітаі, Венесуэле, Іране, Сірыі і Судане. Фігурантам спісу інкрымінуецца парушэнне пунктаў амэрыканскага закона аб нераспаўсюджванні зброі масавага знішчэння ў дачыненні да Ірана, Паўночнай Карэі і Сірыі, перадае ІТАР-ТАСС.

Як паведаміў дзярждэпартамэнт ЗША, санкцыі ўжываюцца ў дачыненні да дзвюх арганізацый з Беларусі - кампаніі «ТМ Сэрвісіз» (TMS) і кіраўнічай кампаніі холдынгу радыёлакацыйных сістэм (КБ «Радар») ды іх даччыных кампаній.

«ТМ-сэрвісіз» - кампанія менш вядомая. У каталогах яна праходзіць як кампанія, што займаецца навуковымі распрацоўкамі ў сферы бяспекі. У 2011 годзе яна ўжо з'яўлялася ў чорных спісах ЗША. Тады прагучала інфармацыя, што беларускі бізнэсовец Юрый Чарняўскі паспрабаваў здабыць тэхналогіі для сваёй кампаніі TM Services у расейскай фірмы Optolink з мэтай іх наступнага продажу Ірану, паведамляе «Народная воля».

А вось што да кіраўнічай кампаніі холдынгу «Сістэмы радыёлакацыі», то ёю з'яўляецца ААТ «КБ Радар». Аднак апроч яго ў холдынг уваходзяць ААТ «Алеўкурп» і ААТ «Волат».

«Волат» - гэта, як вядома, платформы вайсковага прызначэння вырабу Менскага завода колавых цягачоў. ААТ «Алеўкурп» - прадпрыемства абароннага сэктара, якое спецыялізуецца распрацоўцы і мадэрнізацыі радыёлакацыйных сістэм і сістэм кіравання зброяй. Ці пашыраюцца санкцыі на іх, пакуль незразумела.

Як выснавалі амэрыканскія ўлады, дзеянні гэтых кампаній і грамадзян патэнцыйна былі здольныя ўнесці «матэрыяльны ўклад у распрацоўку зброі масавага знішчэння або крылатых і балістычных ракет». Больш канкрэтных звестак на гэты конт замежнапалітычнае міністэрства ЗША не падае.

На практыцы ўжытыя санкцыі азначаюць, што ўраду ЗША забаронена ўкладаць кантракты з мэтай набыцця тавараў, паслуг і тэхналогій у занесеных у «чорны спіс» юрыдычных і фізічных асоб, спрыяць ім. Акрамя таго, гэтыя юрыдычныя і фізічныя асобы не могуць з гэтага часу набываць у ЗША зброю і вайсковую тэхніку, паслугі для іх абслугоўвання ды іншыя тавары, продаж якіх за мяжу рэгулюецца амэрыканскімі правіламі экспартнага кантролю.

Пастанова аб дастасаванні санкцый была прынятая 20 снежня мінулага года. У дзеянне яна ўвайшла 5 лютага. Адпаведнае распараджэнне падпісаў выканаўца абавязкаў памочніка дзяржсакратара ЗША ў міжнароднай бяспецы і нераспаўсюджванні Сайман Лімадж. Тэрмін дзеяння санкцый - два гады. Датэрмінова яны могуць быць скасаваныя на пастанову дзяржсакратара ЗША Джона Кэры.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках