16 лiстапада 2024, Субота, 4:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сябра Сухарэнкі абвясцілі ў вышук па «балотнай» справе

1
Сябра Сухарэнкі абвясцілі ў вышук па «балотнай» справе

Сябар экс-кіраўніка КДБ Беларусі Сцяпана Сухарэнкі Гіві Таргамадзэ абвешчаны ў вышук у Расеі.

Следчыя органы Расеі вынеслі пастанову аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага грузінскага палітыка Гіві Таргамадзэ і абвясцілі яго вышук, пішуць naviny.by.

Месцам злачынства супраць інтарэсаў суседняй дзяржавы, па версіі следства, быў Менск. У адным з інтэрв'ю Таргамадзэ назваў былога старшыню КДБ Беларусі Сцяпана Сухарэнку сваім сябрам...

Як паведамляе сайт Следчага камітэта РФ, Галоўным следчым упраўленнем вынесеная пастанова аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага былога кіраўніка камітэта па абароне і бяспецы парламента Грузіі Гіві Таргамадзэ. Зроблена гэта ў рамках «крымінальнай справы аб масавых беспарадках і прымяненні гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады на Балотнай плошчы ў Маскве, а таксама падрыхтоўцы да арганізацыі масавых беспарадкаў у шэрагу рэгіёнаў Расейскай Федэрацыі».

Таргамадзэ абвінавачваецца ў нібыта падрыхтоўцы да арганізацыі масавых беспарадкаў на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі сумесна з Сяргеем Удальцовым, Канстанцінам Лебедзевым, Леанідам Развазжаевым і іншымі асобамі, гэта значыць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.30 і ч.1.арт.212 КК РФ . Сёння следствам абвешчаны вышук Таргамадзэ. У бліжэйшы час следчыя маюць намер хадайнічаць перад судом аб яго завочным арышце.

Нагадаем, што падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стаў фільм канала НТВ «Анатомія пратэсту-2». Па сцвярджэнні НТВ, гаворка на сустрэчы ішла аб фінансаванні расейскага пратэстнага руху з-за мяжы. На паказаным у «Анатоміі пратэсту-2» запісы Таргамадзэ прапануе лідэру «Левага фронту» Удальцову арганізаваць нейкую «правакацыю» з выкарыстаннем «чачэнцаў» і іншыя акцыі, накіраваныя на захоп улады. Следства прызнала відэаматэрыялы сапраўднымі - эксперты не выявілі ў іх прыкмет мантажу, а сама сустрэча «змоўшчыкаў» праходзіла летам 2012 года ў Менску ў адным з жылых памяшканняў.

Пазней прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі назваў Таргамадзэ чалавекам, які «спрабаваў, і, можа быць, да гэтага часу гэта робіць, падбухторваць грамадзян Расейскай Федэрацыі да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, якія маглі выяўляцца ў здзяйсненні тэрарыстычных актаў, да незаконнага захопу ўлады». Выступаючы перад журналістамі ў прамым эфіры, Пуцін назваў здымку ў Менску «пераканаўчай» і распавёў, як змоўшчыкі патрапілі ў аб'ектыў схаванай камеры.

«Яны выпадкова, павінен вам раскрыць дзяржаўную тайну, патрапілі пад здымку ў кантраляваным памяшканні, - заявіў расейскі прэзідэнт і дадаў: - Гэта аб'ектыўныя дадзеныя. Супраць гэтага не папрэш. Ён (Таргамадзэ) іх інструктаваў з нагоды таго, як здзейсніць злачынствы ў Расейскай Федэрацыі».

Сам жа Таргамадзэ у інтэрв'ю расейскаму выданню «Новая газета» адхрысціўся ад знаёмства з расейскімі апазіцыянерамі, але пацвердзіў, што часта бываў у Менску, назваў экс-кіраўніка КДБ Сухарэнку сваім сябрам і распавёў пра свае сувязі з беларускімі апазіцыянерамі і ўрадам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках