15 лiстапада 2024, Пятніца, 14:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Зісер: «Радзіна, я вас пасаджу!»

349
Юрый Зісер: «Радзіна, я вас пасаджу!»

Намеснік начальніка ААЦ пры Лукашэнку і ўладальнік TUT.by прадэманстравалі на канферэнцыі АБСЕ ўзровень свабоды выказвання ў Беларусі.

14-15 лютага ў Вене праходзіць канферэнцыя «Інтэрнэт-2013: Фарміраванне палітыкі па абароне свабоды СМІ».

Ад Беларусі, акрамя афіцыйнай дэлегацыі ў АБСЕ, былі запрошаныя галоўны рэдактар charter97.org Наталля Радзіна, намеснік начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку Уладзімір Рабаволаў, уладальнік партала TUT.by Юрый Зісер і інтэрнэт-даследчык Міхаіл Дарашэвіч.

Як стала вядома charter97.org, непасрэдна АБСЕ запрасіла на канферэнцыю толькі Наталлю Радзіну і Міхаіла Дарашэвіча, а Уладзімір Рабаволаў і Юрый Зісер былі запрошаныя па рэкамендацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Афіцыйныя СМІ напярэдадні мерапрыемства паведамілі, што Беларусь прадстаўляюць толькі двое апошніх, падкрэсліўшы, што галоўны каральнік інтэрнэту - ААЦ - «незалежны рэгулятар інтэрнэту», а Юрый Зісер - прадстаўнік грамадзянскай супольнасці, з якім праходзяць кансультацыі з нагоды гэтага самага «рэгулявання».

Сёння намеснік начальніка ААЦ выступіў на панэлі «Кіраванне інтэрнэту множнымі удзельнікамі». Прамова чыноўніка была пабудаваная ў прапагандысцкім ключы. Галоўны «рэгулятар» заявіў, што ў Беларусі «права на доступ да інфармацыі замацавана ў Канстытуцыі», «у Беларусі ні ў якім разе не абмяжоўваюць свабоду выказвання», «у нас няма карысных выкапняў, таму для нас самае галоўнае гэта інтэлектуальны патэнцыял», «мы хочам увайсці ў гэтым годзе ў ТОП-30 краін па развіцці інтэрнет-тэхналогій». Адзначыў таксама, што працы ААЦ вельмі перашкаджае манаполія інтэрнэт-правайдэра «Белтэлекам» і ў бліжэйшы час гэта пытанне «будзе вырашана». Як асаблівую заслугу афіцыйнага Менска ў забеспячэнні правоў грамадзян на доступ інфармацыі Рабаволаў адзначыў адмену ідэнтыфікацыі карыстальнікаў па пашпартах у інтэрнэт-кафэ.

Адносна існавання «чорных спісаў», у якія трапілі апазіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы, уключаючы сайт charter97.org, «Беларускі партызан», праваабарончага цэнтра «Вясна» і нават блогі, Рабаволаў заявіў, што «дзяржава мае права вырашаць, што рабіць людзям у дзяржаўных установах. На працы яны павінны працаваць, а не чытаць сайт «Хартыя-97». І наогул, сказаў ён, дзяржава рэгулюе інтэрнэт у краіне ў тым ліку і таму, што яна стварае нацыянальнае заканадаўства.

Пасля Уладзіміра Рабаволава выступіла галоўны рэдактар charter97.org Наталля Радзіна, якая патлумачыла прысутным, як на самой справе працуе ў Беларусі ўказ Лукашэнкі «Аб рэгуляванні інтэрнэту» і што з сябе ўяўляе ААЦ.

Перш за ўсё, адзначыла журналістка, ААЦ пры Лукашэнку - гэта спецслужба, якая была створаная для цэнзуры інтэрнэту ў краіне, які ўяўляе ўсё большую небяспеку для рэжыму з-за немагчымасці цэнзураваць кантэнт і аўдыторыі незалежных інтэрнэт-сайтаў, якая пастаянна расце. «У іх нават геральдыка, як у КДБ, а былы іх начальнік сёння ўзначальвае Камітэт дзяржбяспекі», - адзначыла журналістка.

Згодна з указам беларускага дыктатара, інтэрнэт-правайдэры вядуць рэгістрацыю карыстальнікаў і захоўваюць інфармацыю пра аказаныя ім інтэрнэт-паслугі, а па рэкамендацыі ААЦ створаны спіс сайтаў, доступ якім заблакаваны ў дзяржаўных ўстановах.

«Паколькі амаль уся эканоміка ў Беларусі дзяржаўная, незалежныя інтэрнэт-сайты ў выніку гэтага ўказа губляюць велізарную аўдыторыю. Сайт charter97.org, напрыклад, у 2010 годзе, калі быў прыняты ўказ, не толькі патрапіў у гэтыя «чорныя спісы», але ў гэтым жа годзе быў забіты заснавальнік сайта Алег Бябенін, рэдакцыя сайта двойчы была падвергнутая ператрусам і канфіскацыі ўсёй тэхнікі, журналісты , у тым ліку я, рэдактар, былі арыштаваныя. Цяпер прадстаўнік ААЦ выхваляецца перад АБСЕ адменай «пашпартнага кантролю» ў інтэрнэт-кафэ. Гэта, аказваецца, велізарны прагрэс! А што ён можа сказаць, напрыклад, пра тое, што ў Беларусі прысуджаныя да абмежавання волі журналісты Ірына Халіп, Анджэй Пачобут? Калі расследуюць гібель Алега Бябеніна, Змітра Завадскага, Веранікі Чаркасавай? Дзе ваша «свабода выказвання», калі ў краіне няма незалежнага тэлебачання, радыё і амаль не засталося незалежных газет? Адказаць вам няма чаго. Таму ці не прыязджайце сюды ці маўчыце і не маніце так нахабна і адкрыта», - звярнулася Радзіна да Рабаволава.

Журналістка таксама падкрэсліла другі важны аспект: згодна ўказу Лукашэнкі, сайты беларускіх фірмаў і прадпрыемстваў былі пазбаўленыя права мець хостынг за мяжой.

«Чаму на гэтую канферэнцыю МЗС парэкамендаваў запрасіць Юрыя Зісера, і на гэтым мерапрыемстве ён не разлучаны з прадстаўніком ААЦ? Таму што ён валодае найбуйнейшай хостынгавай кампаніяй у Беларусі і ў выніку гэтага ўказу атрымаў звышпрыбытак. Таму гэты бізнэсмэн сёння, выступаючы з усіх трыбун, заяўляе, што ўказ аб цэнзуры інтэрнэту быў прыняты пры кансультацыі з грамадзянскай супольнасцю. Хоць на самай справе, адбылася звычайная карупцыйная здзелка - улады з канкрэтным бізнэсмэнам», - адзначыла Наталля Радзіна.

Рэакцыя Юрыя Зісера на выступленне рэдактара charter97.org шакавала ўдзельнікаў панэлі канферэнцыі АБСЕ, сярод якіх былі прадстаўнікі МЗС краін Еўразвяза і Дзярждэпартамента ЗША. Бізнесмен пракрычаў: «За карупцыю я вас пасаджу! Можаце ў Беларусь не вяртацца!».

Намеснік начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку Уладзімір Рабаволаў

Вось так сайт charter97.org блакуюць у беларускіх дзяржустановах

Напісаць каментар 349

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках