16 лiстапада 2024, Субота, 1:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Улады падважваюць давер да рубля

54
Станіслаў Багданкевіч: Улады падважваюць давер да рубля

Экс-старшыня Нацыянальнага банка уважае немэтазгодным аднаўленне валютнага крэдытавання фізічных асоб на будаўніцтва жылля.

Як заявіў экспэрт у інтэрв'ю БДГ, гэта толькі яшчэ больш падважыць давер насельніцтва да нацыянальнай валюты.

«Я не бачу ў гэтым сэнсу. Якая патрэба атрымліваць крэдыты на жытло ў далярах, калі гэтыя даляры трэба неадкладна ператвараць у рублі, каб будаваць дамы. Таму мне не зусім зразумела, што гэта можа даць у канчатковым выніку», - заявіў ён, каментуючы просьбу Мясніковіча аб аднаўленні валютнага крэдытавання.

З ягоных слоў, такім чынам улады афіцыйна прызнаюць недавер да нацыянальнай валюты. «Выўляецца, трэба карыстацца чужой валютай пры наяўнасці сваёй. Нацыянальны банк заўсёды спрабаваў змагацца супраць далярызацыі, за ўмацаванне ўласнай валюты. У нацыянальнай валюце атрымліваюць людзі заробкі і пенсіі, вядуцца разлікі, плацяцца падаткі і гэтак далей», - адзначыў эканаміст.

Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што найперш варта умацоўваць нацыянальную валюту. «Праблема ж у нас у інфляцыі. Чаму валюта нестабільная? Таму што кошты растуць галопнымі тэмпамі. Трэба развязваць гэтую глыбінную праблему - праблему росту коштаў. Трэба, каб інфляцыя вылічалася адназначны лікам, 3-5%, а не 12%, а пагатоў не 20% і не 108%. Трэба развязваць праблему стабільнасці нацыянальнай валюты на ўнутраным рынку. А ў нас з сур'ёзным выглядам, у тым ліку і Мясніковічам, ідзе пошук абыходных шляхоў для ўздыму эканомікі і будаўніцтва жылля. Гэта не тыя шляхі, па якіх трэба ісці», - падкрэсліў ён.

Разам з тым экс-кіраўнік Нацбанка прызнаў, што, напэўна, раней не варта было адмаўляцца ад крэдытавання ў замежнай валюце. «Але калі ўжо адмовіліся, то датуль, пакуль не развяжуць праблему інфляцыі, а гэта галоўная праблема стабільнасці нацыянальнай валюты, не трэба ісці на вяртанне крэдытавання ў валюце», - заявіў экспэрт.

Нагадаем, раней Нацыянальны банк Беларусі зняпраўдзіў інфармацыю, якая з'явілася ў інтэрнэт-СМІ, аб падрыхтоўцы пастановы аб аднаўленні валютнага крэдытавання фізічных асоб на будаўніцтва жытла. У НББ кажуць аб тым, што ўправа банка да гэтага пытання пакуль не вярталася.

Напярэдадні прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч выказаў меркаванне, што аднаўленне валютнага крэдытавання фізічных асоб на будаўніцтва жылля было б цалкам мэтазгодным. Таксама кіраўнік урада папрасіў Нацыянальны банк падтрымаць ягоную ініцыятыву.

У адказ у Нацбанку заявілі, што пытанне аб магчымасці аднаўлення валютнага крэдытавання фізічных асоб на будаўніцтва жытла будзе разглядацца на ўзроўні ўправы Нацыянальнага банка.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках