16 лiстапада 2024, Субота, 1:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рух да дэвальвацыі

48
Рух да дэвальвацыі

Наперадзе - цяжкі год для беларусаў.

У артыкуле разглядаюцца асноўныя тэндэнцыі развіцця ў рэальным і грашовым сэктарах беларускай эканомікі ў 2012 годзе. Аўтар ацэньвае магчымасць развязання найбольш актуальнай, на ягоную думку, праблемы 2013 - дасягнення замежнаэканамічнай раўнавагі.

Рэальны сэктар, зніжэнне аб'ёмаў вырабу і інвестыцый.

ВУП

Статыстыка паказвае дынаміку паказчыкаў развіцця эканомікі праз стасунак паказчыкаў за справаздачныя перыяды суседніх гадоў. Напрыклад, у студзені - лістападзе 2012 ВУП павялічыўся ў параўнальных коштах на 2% у параўнанні з такім жа перыядам 2011 года, аб'ём прамысловай вытворчасці - на 6,1%. Такім чынам, беларуская эканоміка ў 2012 г., паводле афіцыйнай версіі, увесь час расце, хоць і запавольвае тэмпы росту ў другім паўгоддзі. Гэта запаволенне сведчыць аб распачатым спадзе ў эканоміцы апошнімі месяцамі, калі лічыць дынаміку паказчыкаў ад месяца да месяца. У тым ліку і аб спадзе ВУП у 3-м квартале ў параўнанні з другім (спад склаў, паводле нашай ацэнкі, не менш за 5%).

Прамысловасць

Статыстыка стасуе прырост ВУП на 50% за кошт укладу прамысловасці. Але і аб'ём прамысловай вытворчасці скарачаўся, пачынаючы з красавіка (гл. графік 2). У лістападзе 2012 года ён знізіўся ў параўнанні з пачаткам года на 27%, або на 1,7 млрд дал (у коштах студзеня). Паказчыкі прамысловасці і рост ВУП былі б ніжэйшыя, калі б не рост экспарту скандальна вядомых распушчальнікаў. Спыненне іх экспарту і вытворчасці, пачынаючы са жніўня, паўплывала, вядома, на зніжэнне паказчыкаў работы прамысловасці. Але мы не згодныя з тымі аналітыкамі, якія тлумачаць глыбокі спад у прамысловасці толькі скарачэннем вытворчасці распушчальнікаў.

Выраб распушчальнікаў, пад выглядам якіх экспартаваліся нафтапрадукты без пералічэння экспартных мытаў у расійскі бюджэт, складаў штомесяц прыкладна 0,35 млн т у студзені-ліпені 2012 года. Спыненне вытворчасці распушчальнікаў дало зніжэнне аб'ёму прамысловай вытворчасці прыкладна на 0,4 млрд дал у месяц (пры сярэднім кошце беларускіх нафтапрадуктаў на сусветным рынку 840 дал/т). Такім чынам, зніжэнне аб'ёмаў прамысловай вытворчасці ў лістападзе дзеля спынення вырабу распушчальнікаў вызначыла не больш за чвэрць яго зніжэння.

У параўнанні з студзенем у лістападзе скараціўся аб'ём вырабу машын і абсталявання (-14,8%), у металургіі (-12,8%), у горназдабыўной прамысловасці (-6%), у тэкстыльнай і швачнай вытворчасці (-7,6% ), вытворчасць пластмас і гумавых вырабаў (-3%) Знізіўся выраб шэрагу найважных для Беларусі тавараў, напрыклад, мінеральных угнаенняў усіх тыпаў (- 15,4%), трактараў (-10%), кар'ерных самаскідаў (-3,7%) , аднакаўшовых пагрузчыкаў (у 4,3 разы). Павелічэнне аб'ёмаў вырабу транспартных сродкаў (2,4%) і ў харчовай прамысловасці (11,6%) не змагло кампэнсаваць зніжэнне аб'ёмаў у іншых галінах. У верасні - лістападзе на 9% павялічыліся запасы гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў, якія трымаліся да таго на ўзроўні 48-50% ад месячнага аб'ёму вытворчасці.

Асноўная прычына зніжэння вытворчасці ў прамысловасці - страта канкурэнтаздольнасці тавараў апрацоўчай прамысловасці. Звернем увагу на распачатае затаварванне вялікагрузнымі самаскідамі БелАЗа (на 1 снежня 2012 года на складох сабралася самаскідаў на 2,7 месяцы працы прадпрыемства). Выступаючы на БелАЗе ў жніўні 2011 г., прэм'ер Мясніковіч папярэджваў: «Калі не рабіць захады, то ў 2012 годзе і наступных гадах БелАЗ страціць свае канкурэнтаздольныя якасці». Таму што кошт самаскідаў крыху ніжэйшы, адзначыў прэм'ер, чым у замежных канкурэнтаў, але яны значна саступаюць ім у якасці, Але ў краіне не было рэсурсаў, каб мадэрнізаваць хоць бы вядучыя прадпрыемствы прамысловасці. Інвестыцыі ў сельскую гаспадарку, якія выдаюцца з нацыянальнага бюджэту ў 2012 года. перасягалі інвестыцыі ў прамысловасць і будаўніцтва ў 2,6 разы. Прыватныя інвестыцыі ў дзяржпрадпрыемствы, якія вырабляюць цяпер блізу 70% ВУП, не ідуць.

Павышэнне рэальных прыбыткаў насельніцтва ў 2012 года на 19% яшчэ больш панізіць канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў на сусветным рынку..

Варта адзначыць, што часткова на спад у прамысловасці паўплывалі жорсткая крэдытна-грашовая палітыка, якая зрабіла крэдыты дарагімі, і кан'юнктура на сусветным рынку, дзе ў 2012 г. скараціліся аб'ёмы замежнага гандлю.

Сельская гаспадарка

У 2012 годзе выраб жывёлагадоўчай прадукцыі ў натуральным вымярэнні вырас на 4-6%, збожжа сабрана на 14% больш. Кармоў з траў на адну галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавана менш чым у мінулым годзе на 22%, а ў кармавых адзінках - на 4,5%. А гэта значыць, што дадатковы збор збожжа будзе выдаткоўвацца на кампэнсацыю нястачы травяністых кармоў.

Аграпрамысловы комплекс вырабляе параўнальна шмат прадукцыі жывёлагадоўлі. Пры колькасці насельніцтва краіны толькі ў 0,1% насельніцтва свету, дзель Беларусі на сусветным рынку масла склала 10% (3-е месца ў свеце), сыру - 7% (4-е месца). Але эфектыўнасць вытворчасці вельмі нізкая. У сярэднім у краіне ўраджайнасць збожжавых і агароднінных культур у 2-3 разы ніжэйшая, чым у развітых краінах, нягледзячы на тое, што ўгнаенняў на 1 гектар уносіцца амаль у 2 разы больш. Надоі малака на карову і дзённыя прыбаўленні жывёлы тут ніжэйшыя прыкладна ў 2 разы.

Ніхто не лічыць, у колькі рэальна абыходзіцца грамадству выраб сельгаспрадукцыі. Сельская гаспадарка - галіна з доўгім абарачэннем капіталу, блізкім да 9 месяцаў. Тэмпы інфляцыі склалі за 11 месяцаў 2012 г. - 120,9%. Рэнтабельнасць продажаў у галіне без уліку субсідый дзяржавы за 11 месяцаў склала, паводле статыстыкі, 9,6%. Пры гэтым стратнымі сталіся 29,6% гаспадарак. Але калі лічыць з улікам тэмпаў інфляцыі і хуткасці абарачэння капіталу, то ўся галіна выяўлецца стратнай. Велічыня крэдыторскай запазычанасці сельгаспрадпрыемстваў (лізінг, крэдыты і падатковыя выплаты) паводле стану на 1 лістапада 2012 была блізкая да кошту ўсёй прадукцыі галіны за год і перасягала дэбіторскую ў 9,7 разы. Гэта значыць, прадпрыемствы сельскай гаспадаркі вінныя іншым суб'ектам гаспадарання ў 9,7 разоў больш, чым апошнія вінныя ім. Становішча пагаршаецца тым, што значная частка мяса-малочнай прадукцыі экспартуецца коштамі ніжэйшымі за сабекошт. Напрыклад, у 2012 г. масла экспартавалася ў Расею коштам 3,5 USD/кг пры сабекошце 6-7 USD.

Інвестыцыі

За студзень - лістапад інвестыцыі ў асноўныя фонды скараціліся на 14,75% да ўзроўню 2011г. Настолькі ж скарацілася і жыллёвае будаўніцтва. У другім паўгоддзі было замаруджанае зніжэнне інвестыцый, дапушчанае ў пачатку года. Гэта стала вынікам патрабаванняў прэзідэнта павялічыць фінансаванне дзяржаўных праграм насуперак перасцярогам з боку МВФ і Расеі не павялічваць дзяржвыдаткі. Асноўнай крыніцай крэдытавання інвестпраектаў сталі бюджэт (16%) і ўласныя сродкі арганізацый (40,5%). Дзель банкавых крэдытаў у асноўны капітал у 2012 годзе скарацілася з 35,4% (2011 г.) да 26,9%. Роля простых замежных інвестыцый нязначная - 2,2%, крэдытаў замежных банкаў - 3,3%. Запланаванае прыцягненне ПЗІ на чыстай аснове ў суме 4,6 млрд USD у 2012 г. зрываецца: за студзень-верасень паступіў 1,1 млрд дал.

Эфектыўнасць інвестыцый у вытворчасць зніжаецца. Напрыклад, прырост дададзенай вартасці на 1 даляр інвестыцый у прамысловасць складае 88 цэнтаў у 2002-2006 гг. і 22 цэнты ў перыяд 2007-2011гг. (Хамчукоў, Барадзінская. Развіццё прамысловасці Рэспублікі Беларусь: асноўныя задачы і стрымвальныя чыннікі. / / Эканамічны бюлетэнь НДЭІ № 10, 2012. Мн., стр.6).

Рост прыбыткаў насельніцтва абганяе магчымасці эканомікі

Рэальны заробак у лістападзе 2012 года ў параўнанні са снежнем 2011 года павялічыўся ў 1,2 разы. У далярах у намінальным вымярэнні ён вырас з 340 долараў у снежні 2011г. да 496 дал у лістападзе 2012 года. Але паколькі за гэты час намінальны курс даляра практычна застаўся нязменным (8500 рублёў), то ён здэвальваваўся на памер тэмпу інфляцыі. Гэта значыць, што ў лістападзе 2012 года на 496 дал можна было купіць столькі ж тавараў, колькі на 415 даляраў у снежні 2011г.

Выдаткі насельніцтва на харчаванне і алкаголь у студзені-верасні 2012 года склалі, паводле звестак статыстыкі, 46,4% спажывецкіх выдаткаў сем'яў (у 2010г - 41,2%). Але гэта яшчэ не ўсе выдаткі насельніцтва на харчаванне. Субсідыі дзяржавы сельскай гаспадарцы складаюць блізу 5% ВУП (у 5-6 разоў вышэй, чым у Расіі). Гэта азначае, што насельніцтва ў форме розных падаткаў, якія ўваходзяць у кошт нехарчовых тавараў і паслуг, плаціць за харчаванне яшчэ блізу 3 млрд дал у год. У выніку выдаткі насельніцтва на харчаванне і алкаголь склалі ў 2011г. у Беларусі блізка што 53% (у ЗША - 13%, Польшчы - 22,5%, Літве - 32%, Расеі - 32,7%, Украіне - 52,4%). Паводле гэтага паказчыку Беларусь належыць да бедных краінах свету.

Бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ), г.зн. рыса беднасці, склаў у студзені-лістападзе 2012 года 800 тыс руб. на чалавека. Ніжэй за рысу беднасці ў 2012 года знаходзіліся 9,9% насельніцтва (у 2010г. - 5,2%), ніжэй за 2 БПМ -47,9% (2010г. -35,7%). У сярэднім узровень грашовых даходаў насельніцтва ў 2012 годзе трохі перасягнуў узровень 2010 года.

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва за 2012 выраслі на $ 3 млрд і павялічыліся ў параўнанні з пачаткам года на 19% пры росце ВУП толькі на 2%. Для падтрымання даходаў на ўзроўні, дасягнутым на канец 2012 года, у 2013г. спатрэбіцца павялічыць выплаты насельніцтву яшчэ на $ 3 млрд нават пры адсутнасці эканамічнага росту. Гэта азначае, што ў 2013г. яшчэ больш павялічыцца разрыў паміж магчымасцямі эканомікі і спажываннем насельніцтва.

2. Грашовы сэктар

Адзначым некаторыя асаблівасці развіцця грашовага сэктара эканомікі, якія будуць уплываць на яе стан у 2013 годзе.

Асаблівасці крэдытна-грашовай палітыкі

Тэмпы інфляцыі ў 2012 годзе былі штучна заніжаныя. Грашовая маса М2 * (гатовыя грошы, уклады да запатрабавання, тэрміновыя дэпазіты, каштоўныя паперы, выпушчаныя банкамі для пазабанкавага абарачэння) павялічылася з 43,3 трлн руб. на 1.01.2012 да 62 трлн руб. на 1 снежня. Пры росце грашовай масы на 43% і ВУП на 2% (паводле звестак за студзень-лістапад) інфляцыя павінна была б скласці 140%, але яе фактычныя тэмпы росту былі ніжэйшыя (120%). Гэта стала вынікам крэдытна-грашовай палітыкі Нацыянальнага банка. Па-першае, ён стымуляваў насельніцтва накіраваць частку грашовай масы, якая апынулася ў яго на руках, на дэпазіты ў камерцыйныя банкі, і, па-другое, выключыў частка грашовай масы з банкаў, прадухіліць яе траплянне ў сферу абарачэння.

Стымулам для росту ашчадку насельніцтва стала высокая стаўка рэфінансавання, якая зазвычай служыць для вызначэння ніжэйшай мяжы стаўкі тэрміновых дэпазітаў. Стаўка рэфінансавання для фізічных асоб была значна павышаная ў канцы 2011г. (да 54% у снежні), каб збіць высокую інфляцыю, затым яна знізілася да 21% у сярэдзіне 2012 года і ўвосень зноў стала павялічвацца (верасень-37,1, лістапад - 43,3%). Камерцыйныя банкі не маглі браць уклады пад такія высокія адсоткі, бо яны не змаглі б размясціць іх у форме крэдытаў пад яшчэ больш высокія адсоткі. Але фактычныя адсоткі для дэпазітаў таксама былі высокімі - 30-40%. У выніку ўсе рублёвыя дэпазіты насельніцтва павялічыліся за студзень-лістапад на 6 трлн руб. Такім чынам, амаль палову прыросту даходаў насельніцтва накіравала ў банкі, не выставіўшы адпаведны попыт на таварных рынках.

Пад канец 2012 года чаканне насельніцтвам чарговай інфляцыі і дэвальвацыі значна ўзраслі. Пра гэта сведчыць рост дзелі тэрміновых укладаў да 1 месяца з 10% у кастрычніку да 31,7% у лістападзе ў агульнай суме ўкладаў.

Другая задача - частковая стэрылізацыя грашовай масы, назапашанай у банкавай сістэме, - таксама была развязаная. На працягу 2012 Нацыянальны банк павысіў стаўку абавязковага рэзэрвавання ў рублёвых крэдытах з 7,5% да 10%, у валютных - з 7,5% да 12,5%. У выніку прырост абавязковых рублёвых рэзэрваў павялічыўся на 6,4 трлн руб. У сярэдзіне 2012 года Нацыянальны банк вярнуў камерцыйным банкам 1 млрд дал і забраў у іх адпаведную суму рублёў (некалькі гадоў таму назад Нацыянальны банк учыніў своп (абмен) з камерцыйнымі банкамі: ён узяў у іх часова 4 млрд дал, якія ўклаў у золатавалютныя рэзэрвы, а наўзамен даў банкам адпаведную суму ў рублях). З абарачэння было вынята яшчэ 8,5 трлн рублёў. Акрамя таго, карыстаючыся рознымі прыладамі (напрыклад, кароткатэрміновымі аблігацыямі), Нацбанк вымаў з абарачэння ў ў асобныя перыяды да 6 трлн рублёў. Гэтага было дастаткова, каб стрымліваць інфляцыю ў зададзеных параметрах.

Цяпер курс даляра ніжэйшы за вольны рынкавы курс

У першым паўгоддзі 2012 года Нацыянальны банк падтрымліваў завышаны курс даляра, скупляючы пры гэтым $ 1,6 млрд. У другім паўгоддзі, наадварот, ён штучна стрымаў яго рост, прадаўшы на валютным рынку $ 2,2 млрд. У выніку пры інфляцыі ў 120% намінальны курс даляра за студзень- лістапада практычна не змяніўся. Гэта значыць, што рэальны кус даляра ўпаў да вольнага рынкавага курсу прыкладна на 20%. Акрамя таго, рэальныя адсоткі на дэпазіты ў валюце цяпер заніжаныя да адсоткаў на рублёвыя дэпазіты ў 2-3 разы. Каб выключыць маніпуляцыі для вымання прыбытку з розніцы ў прыбытковасці валютных і рублёвых дэпазітаў, Нацыянальны банк дазволіў прадпрыемствам выкарыстанне валютных крэдытаў толькі для аплаты імпарту.

Нацыянальны банк дасягнуў сваіх мэтаў: узровень інфляцыі не выйшаў за межы планавых значэнняў, і дасягнуты заробак у 500 даляраў пад канец 2012 года. Як і было абяцана прэзідэнтам. Але пры гэтым былі істотна пагоршаныя варункі працы рэальнага сэктара: страчаны эфэкт ад дэвальвацыі 2011г. і крэдыты сталі задарагімі для шмат якіх прадпрыемстваў. Перш за ўсё для прыватных прадпрыемстваў, бо пры крэдытаванні дзяржпраграм (напрыклад, развіццё сельскай гаспадаркі і жыллёвае будаўніцтва). Крэдыты прадпрыемствам, якія ўдзельнічаюць у дзяржпраграмах, выдаюцца з вельмі льготных адсоткамі, а страты банкаў кампэнсуюцца дзяржавай.

Сальда рахунку бягучых аперацый аплатнага балансу

Упершыню за шмат гадоў гэта сальда было дадатным на працягу хоць бы першых двух кварталаў 2012 года. ($ 0,06 і $ 0,64 млрд адпаведна) дзякуючы бязмытнаму экспарту «распушчальнікаў» у першым паўгоддзі на $ 2,8 млрд і змазачных аліў на $ 1,02 млрд. Але «распушчальны» бізнэс скончыўся: Расея дамаглася занясення распушчальнікаў, змазачных аліў і некаторых іншых субліматаў (нафтапрадуктаў, не абкладаных мытам пры іх экспарце) у спіс тавараў, якія абкладаюцца экспартнымі мытамі пры іх вывазе за межы Мытнага саюза. Ужо ў 3-м квартале сальда зноў стала адмоўным ($ -0,83 млрд.)

Спыненне экспарту распушчальнікаў і змазачных аліў у другім паўгоддзі 2012 года пасля скандалу з Расеяй пагоршыла сітуацыю ў беларускай эканоміцы. Сальда гандлю таварамі ў сярэднім за месяц у перыяд найбольшага росквіту гандлю распушчальнікамі(сакавік - чэрвень 2012 года.) складала $ 330 млн. Затым месячнае сальда паволі знізілася да -630 у лістападзе. Прыкладна на 50% гэта адбылося за кошт спынення экспарту распушчальнікаў. Астатняя частка спаду выклікана развіццём крызісу ў эканоміцы краіны і ў глабальнай эканоміцы. (Напрыклад, у 3-м квартале пачалося зніжэнне экспарту шэрагу тавараў беларускай прамысловасці.) Адпаведна ў 3-м квартале сальда рахунку бягучых аперацый знізілася на $ 1,5 млрд у параўнанні з 2-м кварталам. З улікам таго, што ў лістападзе адмоўнае сальда гандлёвага балансу (-630 млн.) амаль у тры разы перасягнула сярэднемесячнае сальда за 3-і квартал ($ 170 млн), можна меркаваць, што ў 4-м квартале сальда бягучага рахунку перасягне $ -1 млрд.

Паказчыкі рахунку бягучых аперацый аплатнага балансу (млрд. дал)

Каментар да артыкула «Сальда інвестыцыйных даходаў»: тут улічаныя і пералічэнні ў Беларусь працоўных мігрантаў. За 1-3 кв 2012 гэтыя пералічэнні склалі, паводле звестак аплатнага балансу, $ 0,52 млрд. Эксперты ацэньваюць гэтыя пералічэнні ў $ 1,5-2 млрд у год.

Каментар да артыкула «Сальда трансфертаў»: у 2007-2010 гг. экспартныя мыты на нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай нафты, ўключаліся ў кошт пастаўлянай з Расеі нафты. Затым яны былі выключаныя з кошту нафты і сталі перадавацца ў расейскі бюджэт у форме трансфэртаў з беларускага бюджэту. На гэтую сумую, пачынаючы з 2011г., павялічылася сальда гандлёваго балансу і павялічыліся паказчыкі трансфэртаў.

Дзель сальда бягучага рахунку ў ВУП (апошні радок табліцы 1) паказвае, наколькі спажыванне насельніцтва адпавядае магчымасцям эканомікі. З пададзеных звестак відаць, што пасля 2005г. краіна спажывала больш, чым вырабляла, з нарастальным тэмпам.

Гэтае звышспажыванне кампэнсоўвалася фінансаваннем вонкавага свету (замежныя крэдыты і г. д.). Назапасілася замежная запазычанасць, якая склала на 1 студзеня 2012 года $ 34,1 млрд. У першым паўгоддзі 2012 года звышспажыванне кампэнсоўвалася даходам ад экспарту субліматаў, і замежная завінавачанасць за гэты час нават панізілася (да $ 32,96 млрд. на 1.09. 2012).

2013г.

У 2013г. неадкладнай праблемай эканомікі Беларусі застаецца праблема замежнаэканамічнай раўнавагі.

Па-першае, у выніку спынення экспарту распушчальнікаў і павышэння грашовых прыбыткаў насельніцтва пасля іх падзення ў 2011г. зноў да ўзроўню 2010г. адмоўнае сальда бягучага рахунку аплатнага балансу вернецца, мабыць, таксама на ўзровень 2010г. (блізу $ -8 млрд.)

Па-другое, узрастаюць выплаты для вяртанню замежнай дзяржаўнай запазычанасці (2012 год - $ 1,6 млрд, 2013 - $ 3,1 млрд). Сітуацыя на валютным рынку вызначаецца не толькі абавязаннямі дзяржавы, але і сумай выплат завінавачанасці на працягу года ўсімі суб'ектамі гаспадарання - $ 10,5 млрд. на 1.10.2012 г. (без уліку гандлёвых крэдытаў). У цэлым адток валюты з краіны складзе прыкладна $ 18,5 млрд.

Прыток валюты ў 2013г забяспечаны астатнімі ратамі крэдыту Еўразійскага банка развіцця ($ 1 млрд), магчымасцю выкарыстання ў акрутнай сітуацыі часткі ЗВР (да $ 4 млрд. Калі ніжэй, то ўзнікне спантанная і некіраваная дэвальвацыя, як гэта і адбылося ў 2011г.) Прэзідэнт казаў пра магчымыя крэдыты ў $ 1 - $ 2 млрд. Дадаткова варта ўлічыць паступлення ад мігрантаў ($ 1 млрд). Запазычанне на рынку еўрааблігацый пад магчымыя для Беларусі адсоткі азначае ўваходжанне краіны ў фінансавую піраміду. Запазычанні ўрадам унутры краіны (прыкладна $ 0,25 млрд у 2012 годзе) на прыток валюты ў краіну і на курс даляра практычна не ўплываюць

Пакуль праглядаецца сплата запазычанасці з вялікім напружаннем у суме $ 7 - $ 8 млрд з $ 18-18,5 млрд. Калі прыток валюты ў краіну будзе меншы за адток, то рэальны курс валюты будзе няўхільна павышацца. Без прытоку валюты стане немагчымым стрымліванне паніжанага курсу долара. Надыдзе дэвальвацыя і зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.

Фінансаванне чаканага дэфіцыту аплатнага балансу цяпер цяжка ажыццявіць нават пры радыкальным пераходзе да рынкавай эканомікі і стварэння добрых варункаў для прыватнага капіталу. Толькі ў такіх варунках можна было б разлічваць на прыток ПЗІ, крэдыт МВФ, больш высокія даходы ад прыватызацыі, прыток у эканоміку валюты беларускіх прадпрымальнікаў і грамадзян. Але падзеі канца 2012 года паказалі, што кіраўніцтва краіны да такога варыянту не імкнецца.

Наперадзе - цяжкі год для беларусаў.

Леанід Злотнікаў, «Беларуская аналітычная майстэрня», адмыслова для charter97.org.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках