16 лiстапада 2024, Субота, 8:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Звальненні на Івацэвіцкім заводзе жалезабетонных вырабаў

18
Звальненні на Івацэвіцкім заводзе жалезабетонных вырабаў

Чарговым гарачым пунктам у спісе прадпрыемстваў Берасцейшчыны, дзе працоўныя выказваюць незадаволенасць, становіцца Івацэвіцкі завод жалезабетонных вырабаў.

Як распавялі карэспандэнту charter97.org супрацоўнікі прадпрыемства, трыванне скрнчылася, калі заробак за снежань мінулага года склаў крыху больш за 1 мільён рублёў, ды і яго выплацілі з затрымкай. Фактычна працоўныя атрымліваюць толькі устаноўлены афіцыйна ў краіне мінімальны заробак, за які аніяк немагчыма пракарміць сям'ю.

Пры гэтым на прадпрыемстве строма пагоршыліся і варункі працы: працаваць у цэхах даводзіцца пры мінусовай тэмпературы, а адміністрацыя спыніла забеспячэнне персанал спецвопраткай. Акрамя таго, не ўсюды ёсць вада, хоць яе належыць выкарыстоўваць для вытворчых патрэб: рабочым даводзіцца дастаўляць яе вёдрамі з іншых цэхаў.

Больш за ўсё здзіўляе той факт, што яшчэ два гады таму завод у Івацэвічах уважаўся за цалкам паспяховы: заробак складаў блізка што 500 даляраў у рублёвым эквіваленце, выплачвалі яго своечасова, хоць тады працавалі на прадпрыемстве 350 чалавек.

Цяпер у выніку безграшоўя калектыў прыкметна скараціўся, ходзяць чуткі і пра новыя звальненні, таму тыя, што засталіся на вытворчасці, спрабуюць самастойна разабрацца, чаму завод апынуўся ў такой крызіснай сітуацыі.

«Нам нічога як след не тлумачаць: маўляў, змарнавалі магчымасці для выхаду на новыя рынкі збыту і цяпер заявак няма, - распавядае адна з супрацоўніц завода. - Нібыта ранейшы дырэктар набраў крэдытаў, каб набыць новую італійскую лінію для вырабу пліт, але справа не пайшла, а запазычанасць засталася, і сплачваць яе няма чым».

У якасці апраўдання цяперашняе кіраўніцтва завода спасылаецца на тое, што прадпрыемства раней вырабляла збольшага пліты перакрыцця, запатрабаваныя ў будаўнічых арганізацый. А паколькі тэмпы будаўніцтва жылля ў Беларусі строма скараціліся, то і патрэба ў гэтай прадукцыі знікла. У выніку за мінулы год завінавачанасць прадпрыемства склала блізу 6 мільярдаў рублёў, не лічачы падатковых выплат, платы за энэргарэсурсы і банкавыя крэдыты.

«Дык няхай проста прызналі б, што завод - банкрут, і не варта было нам жыць незразумелымі чаканнямі», - дзеліцца работніца прадпрыемства. Але пайсці на такі крок адміністрацыя не важыцца, каб не атрымаць прачуханца ад вышэйшых структур. Цяпер абмяркоўваецца варыянт рэарганізацыі завода ў Івацэвічах шляхам далучэння да іншага прадпрыемства. Аднак пакуль не абвяшчаецца нават, што гэта за прадпрыемства і як быць з запазычанасцю, якая «вісіць» на шыі завода жалезабетонных вырабаў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках