24 снежня 2024, aўторак, 6:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка папросіць у Пуціна яшчэ $2 мільярды ў доўг

191
Лукашэнка папросіць у Пуціна яшчэ $2 мільярды ў доўг

Беларускі кіраўнік ляціць на сустрэчу ў Санкт-Пецярбург прасіць грошы.

Праект пагаднення аб выдзяленні Расеяй дзяржаўнага крэдыту Беларусі ў аб'ёме 2 млрд. USD на мэты «мадэрнізацыі беларускай эканомікі» ўжо падрыхтаваны афіцыйным Менскам, піша штотыднёвік «Белорусы и рынок».

Пагасіць крэдыт плануецца да 2027 года. Прычым беларускі бок мае намер пагасіць крэдыт 40 роўнымі долямі, а першы плацёж па крэдыце ажыццявіць у 2018 годзе.

Звяртаючыся з просьбай да кіраўніцтва РФ аб дзяржкрэдыце, беларускі бок нагадвае пра раней дасягнутыя з расейскім урадам дамоўленасці па рэалізацыі 5 сумесных інтэграцыйных праектаў.

Пра жаданне атрымаць ад Расеі крэдыт у памеры 2 млрд. USD пад мадэрнізацыю прадпрыемстваў, Лукашэнка казаў яшчэ 21 снежня падчас наведвання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і зносін са студэнтамі ВНУ.

Паводле яго слоў, аб выдзяленні такога крэдыту ішла гаворка падчас праведзенага напярэдадні візіту ў Расею.

«18 і 19 снежня адбыліся перамовы ва ўрадзе Расеі і з прэзідэнтам Расеі па многіх-многіх пытаннях, - сказаў тады Лукашэнка. - Калі я ім сказаў - аднаму і другому: вы падумайце, калі мы родныя браты, мы павінны дапамагаць у перыяд крызісу. Нам трэба пару мільярдаў даляраў крэдытаў, каб ажыццявіць мадэрнізацыю нашых прадпрыемстваў».

Па словах кіраўніка, адмоўнага адказу на гэтую прапанову ён не атрымаў. «Наадварот, кажуць: так, мы разгледзім, мы ў гэтай частцы дапаможам», - адзначыў Лукашэнка.

Нагадаем, расейскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў 12 снежня на пасяджэнні саюзнага Саўміна прапанаваў беларускаму боку вызначыць 5 кампаній і ўдыхнуць у іх новае жыццё. «Не важна, будуць гэта чыста беларускія кампаніі або сумесныя беларуска-расейскія, мы павінны ўдыхнуць у іх новае жыццё і прад'явіць грамадству вынікі», - заявіў Мядзведзеў.

Праз 2 месяцы, 12 лютага, расейскі віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч падчас візіту ў Беларусь ацаніў ступень гатоўнасці шэрагу беларускіх прадпрыемстваў да больш глыбокай інтэграцыі з расейскімі кампаніямі. Дварковіч наведаў МАЗ, «Гродна Азот» і «Гомсельмаш», але з-за сціснутага графіка не паспеў, як планавалася, пабываць на Менскім заводзе колавых цягачоў (МЗКЦ).

Трэба меркаваць, беларускія прадпрыемствы, якія былі праінспектаваныя віцэ-прэм'ерам Расеі, могуць стаць прэтэндэнтамі на атрыманне расейскага крэдыту. Але, верагодна, пры ўмове стварэння на іх базе СП з удзелам расейскага капіталу.

Беларускі прэм'ер Міхаіл Мясніковіч тады запэўніў Дварковіча, што ўжо ў 2013 годзе можна рэальна стварыць 5 СП з расейскімі кампаніямі. Якія гэта 5 СП, ён не ўдакладніў. Пакуль вядома, што гаворка ідзе пра стварэнне холдынгу на базе МАЗа і КамАЗа, а таксама пра магчымую прыватызацыю ААТ «Гродна Азот», цікавасць да якога выказвае расейская кампанія «Еўрахім» (мяркуецца, што кампанія выкупіць 25% плюс адну акцыю беларускага прадпрыемства).

Курыруюць стварэнне сумесных беларуска-расейскіх кампаній першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка і віцэ-прэм'ер Расеі Аркадзь Дварковіч.

Напісаць каментар 191

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках