15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ежы Памяноўскі: Размовы з Лукашэнкам бессэнсоўныя

44
Ежы Памяноўскі: Размовы з Лукашэнкам бессэнсоўныя

У Варшаве праходзіць міжнародная канферэнцыя «Бунт дзеля свабоды: забыты ген беларусаў».

Яна адкрылася ва ўніверсітэце Лазарскага 8 сакавіка і прадоўжыцца да 10 сакавіка. У канферэнцыі бяруць удзел прадстаўнікі Беларусі, Польшчы, Літвы, Вугоршчыны, Швецыі, Францыі, Ізраіля і ЗША. Яна праходзіць пры падтрымцы Фонду Конрада Адэнаўэра, Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі і Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Канферэнцыю адкрыў Ежы Стэмпень, дырэктар Інстытута грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі і былы старшыня Канстытуцыйнага трыбуналу Польшчы. Ён нагадаў, што выстава праводзіцца ўжо ў пяты раз і вабіць удзельнікаў з многіх краін свету.

Затым з прывітальным словам выступіў дырэктар універсітэта Лазарскага Юліюш Мадэй. Ён зачытаў словы з ліста грамадскага дзеяча Пятра Рудкоўскага, які атрымаў напярэдадні канферэнцыі.

«Цяперашняя канферэнцыя павінна паказаць, што бунт для дасягнення свабоды сыходзіць сваімі каранямі ў гісторыю Беларусі. Падчас расейскай савецкай акупацыі ён быў здушаны і пазбаўлены ўласных палітычных і культурных цэнтраў. Я хачу, каб вы зразумелі, што дэмакратыя і грамадзянская супольнасць у выпадку Беларусі не з'яўляюцца прапановай звонку. Яны вынікаюць з гістарычнага досведу Беларусі», - працытаваў ён радкі з ліста.

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ежы Памяноўскі нагадаў удзельнікам канферэнцыі аб падзеях, якія адбыліся ў цэнтры Менска пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

«Так здарылася, што прырода падарыла нам вясну, але чамусьці неўзабаве вярнула зіму. Гэта нагадвае сітуацыю з правадыром Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які аднойчы прыняў пастанову, а пазней адмовіўся ад яго. Гаворка ідзе аб падзеях 19 снежня 2010 года. І так атрымліваецца, што калі прыродзе мы можам дараваць, то дыктатара – не», - сказаў ён.

Таксама Ежы Памяноўскі распавёў аб падтрымцы, якую Польшча выдае для дэмакратызацыі Беларусі.

«Лёгка сказаць пра тое, чаго б мы хацелі, але цяжка сказаць пра тое, што мы здолелі. Польскія планы дэмакратызацыі Беларусі - гэта такое паняцце, якое носіць палітычны і тэарэтычны характар. Гаворка ідзе аб вялікай колькасці інструментаў, якімі мы карыстаемся ў замежнай палітыцы для дасягнення дэмакратычных пераменаў у Беларусі. Я б сказаў, што мы асуджаныя на дэмакратыю, гэта не толькі наш выбар, але і наш абавязак. Інструменты, якімі мы валодаем, павінны быць адпаведна дабраныя і выкарыстаныя.

Раней мы спрабавалі мець стасункі асабіста з Лукашэнкам і ягонымі прадстаўнікамі, але ў выніку гэта выявілася бессэнсоўным. Цяпер мы пераключыліся на падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, беларускай апазіцыі. Ствараюцца разнастайныя праграмы падтрымкі. Дастаткова ўспомніць тэлеканал «Белсат», які ўключае сотні журналістаў, што працуюць у Варшаве, Кіеве, Вільні, Брусэлі і Менску. Варта адзначыць актыўнасць дырэктаркі «Белсата» Агнешкі Рымашэўскай, якая атрымала мноства ўзнагарод. Існуе таксама вялікая колькасць іншых праектаў, якія былі рэалізаваны пры дапамозе Польшчы і нашага фінансавання.

Наш голас мае большае значэнне ў Еўразвязе і ў дыялогу з самымі важнымі міжнароднымі партнёрамі, для якіх Беларусь з'яўляецца неад'емнай тэмай. Рашучая пазіцыя Польшчы ў дачыненні да дэмакратызацыі Беларусі падтрымліваюцца і іншымі краінамі. Гэта палітыка санкцый, але таксама і канструктыўная палітыка, накіраваная на падтрымку разумных, таленавітых і здольных людзей, якія змагаюцца за свабоду слова і дзеянні, людзей, якія здолеюць рэалізаваць сябе ў свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, нягледзячы на тое, што Лукашэнка спрабуе давесці, што без яго ў іх нічога не атрымаецца», - заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы.

Аляксандр Бракель, кіраўнік беларускага офіса Фонду Конрада Адэнаўэра ў Вільні падкрэсліў, што ўсякі народ мае права на супраціў у тым выпадку, калі ўлады не выконваюць свае абавязанні.

«Я сам з адукацыі гісторык і мне заўсёды прыемна прысутнічаць на такіх канферэнцыях, спазнаваць нешта новае аб мінулым. Аднак мне здаецца, што ў гэтым выпадку гаворка пойдзе не толькі пра мінуўшчыну, але і пра будучыню. Ангельскі філосаф Томас Гобс выказваў меркаванне, што народ мае права на супраціў, калі ўлада не выконвае сваіх абавязанняў. Ведаеце, Томас Гобс зусім не быў дэмакратам, ён быў прыхільнікам абсалютызму, але, тым не менш, прытрымліваўся гэтай пазіцыі. Супраціў - гэта экстрэмальныя захады для таго, каб спыніць беззаконне ўлады. Калі дэмакратыя і прававая дзяржава функцыянуюць добра, то не будзе патрэбы ў бунце», - сказаў ён.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках