24 снежня 2024, aўторак, 6:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зінгерыс: Лукашэнка пудрыць нам мазгі і націскае на эканамічныя фактары

70
Зінгерыс: Лукашэнка пудрыць нам мазгі і націскае на эканамічныя фактары

Беларускі дыктатар у чарговы раз спрабуе «абдурыць» Еўрапейскі Звяз.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў намеснік кіраўніка Камітэта па еўрапейскіх справах Сейма Літвы, віцэ-прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Эмануэліс Зінгерыс.

- 26 сакавіка ў Вільні адбылася канферэнцыя, якая называлася «Чаго чакаць Беларусі ад старшынства Літвы ў Еўразвязе?». Пераадрасуем гэтае пытанне вам. Чаго, на ваш погляд, чакаць Беларусі ад Літвы?

- Толькі не маладушнасці. Вы зладзілі нам экзамен і лікбез па мужнасці. Першы экзамен Літва здавала з 11 сакавіка 1990 года з дапамогай заходніх і рускіх дэмакратаў. Здалі і своечасова «зматалі вуды» ў вольны свет. Расце пакаленне, якое ўжо не вернеш назад, якое не будзе схіляць галовы помніку Дзяржынскаму. Цяпер ніякі бюракрат не асмеліцца накрычаць на маладога літоўца. Монстар пад назвай «страх», які пераважаў у Савецкім Саюзе, адышоў у нябыт.

Да беларусаў у часы ранняга Вялікага княства Літоўскага не дацягнулася мангола-татарская арда, было ўведзенае Магдэбургскае права, якое змяшчае пачатковыя паняцці тых часоў аб правах грамадзян у гарадах. Пад сцягамі Касцюшкі і Каліноўскага паўставалі беларусы, літоўцы, палякі. Спадзяюся, гэты ход гістарычных падзей на ўзроўні інстынкту не дазволіць літоўцам, якія ведаюць гісторыю, здаць справу свабоды беларусаў. Спадзяюся, гістарычная адказнасць не дазволіць літоўскім палітыкам вітаць на Віленскім саміце ў лістападзе прадстаўнікоў рэжыму.

Экзамен па Алесю Бяляцкаму быў даволі ясным для літоўскай бюракратыі: ці разумеюць тыя, што здаючы Бяляцкага, яны здаюць Еўрапейскі Звяз, НАТА і ідэі заходняга свету? Выявілася, што частка бюракратаў не разумее, што яны з'яўляюцца грамадзянамі Еўрапейскага Звяза і жывуць на Захадзе. Але яны даведаліся пра гэта пры дапамозе беларусаў. Гэта быў новы экзамен - на сталасць дэмакратыі.

- Але зараз еўрапейскія палітыкі замест увядзення супраць дыктатуры дзейсных мер і санкцый збіраюцца пайсці на чарговы «дыялог» з дыктатурай Лукашэнкі.

- Па-першае, на жаль, ёсць адзін дадатковы фактар - хітрасць беларускага рэжыму і спробы ўсякімі спосабамі запудрывання мазгоў, націску на эканамічныя фактары, выкарыстоўваючы прамысловыя кругі суседніх краін, стварыць сваю логіку падзей.

На жаль, сцэнар паўтараецца пры кожнай маленькай аперэтачнай «адлізе». Раптам маркіз Карабас ператвараецца ў замілавальнага анёлка, ці ледзь не ў анёла кахання. Аказваецца, што гэта спадар Лукашэнка на два месяцы. Пасля гэтага ён зноў ператвараецца ў маркіза Карабаса і закрывае лялек у маленькую турму, ключык ад якой трымае ў кішэні камізэлькі.

Гэта аўтарытарнае прадстаўленне ў цэнтры Еўропы пад назвай «Лялечны тэатр спадара Лукашэнкі», на жаль, выкарыстоўвае ў якасці персанажаў 9,5 мільёнаў людзей са сваімі перажываннямі і асабістым жыццём, у якое ён урываецца і калечыць.

Нельга дапусціць, каб гэты цырк паўтарыўся перад самітам ў Літве. Патрэбныя гарантыі непрымання аперэтачных «адліг», незваротнасці дэмакратычных пераменаў і поўнага выканання рэзалюцый Еўрапейскага парламента.

Па-другое, жульніцкія спробы рэжыму трымаць на кручку беларускую палітычную эліту, саджаць яе прадстаўнікоў у турму і адмаўляць ім у рэабілітацыі, павінны быць спыненыя. Вязні сумлення павінны быць рэабілітаваныя.

Па-трэцяе, хачу адзначыць, што цалкам апраўдаўся праект Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні. Працэс зносін акадэмічнай моладзі надзвычай важны. Нас па-сапраўднаму злуе, калі мы чуем, што студэнтаў у аддзяленнях КДБ і ва ўладных структурах пытаюцца пра тое, дзе і чаму яны вучацца. Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, якая не дапушчаная да Балонскага працэсу, у якім прымае ўдзел нават Расея. Гэта працэс па абмене студэнтамі і прафесарамі.

Тое ж тычыцца заканадаўства пра паклёп на Лукашэнку і таго, што нават ціхае плясканне ў ладкі можа трактавацца як злачынства. Няўжо Лукашэнка думае, што Захад сышоў з розуму і кожныя два гады ён можа паўтараць рытуалы пагарэлага лялечнага тэатра па адным і тым жа сцэнары?

Дзверы турмы для 13 палітвязняў павінны быць адчыненыя. Патрэбныя гарантыі, што падобнае не паўторыцца, інакш ніякіх спартыўных ігрышчаў не будзе. У Лукашэнкі, вядома, больш магчымасцяў, чым у сярэдняга алігарха, але ён не зможа падкупіць урады Велікабрытаніі ці ЗША. Ён не зможа ўкараніцца ў структуры Еўрапейскага Звяза і палітычную мараль дэмакратычнага свету. Нават спадар Пуцін на такое не цягне.

Успрыманне сілы аднаго лялькавода завышанае. Усім, хто знаёмы з класічнай літаратурай - ад Набокава да Кафкі і Оруэла - зразумела, з чым мы маем справу. На гэты раз, спадзяюся, не ўдасца яму абдурыць Еўрапейскі Звяз, хоць я не ўпэўнены, што ён, цішком, праз сваіх людзей, не шэпчацца з некаторымі еўрапарламентарыямі і з прадстаўнікамі розных палітычных партый. Але партрэт спадара Лукашэнкі настолькі зразумелы, што палітыкі, гатовыя весці справы з ім, будуць пабойвацца свайго электарату.

- Звяз Айчыны-хрысціянскія дэмакраты Літвы былі даволі прынцыповыя ў дачыненні да беларускага рэжыму. Наколькі зменіцца стаўленне новага сацыял-дэмакратычнага ўрада Літвы да Лукашэнкі?

- Я не магу сказаць, таму што знаходжуся зараз у апазіцыі. На ўсіх людзей, якія адмаўляюцца ад бізнесу з спадаром Лукашэнкам, могуць ціснуць і шукаць супраць іх усё, што заманецца. Але для дзяржаўнай бяспекі Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі, Чэхіі, Славакіі - бліжэйшых да Беларусі краін - абсалютна ясна, што гэты рэжым (калі ўжываць словы са старых падручнікаў) прадстаўляе актыўную варожую ідэалогію для еўрапейскага свету.

Паглядзім, саміт у Вільні пакажа. Калі без сур'ёзных дэмакратычных пераменаў на ім з’явяцца прадстаўнікі рэжыму, значыць, пазіцыі здадзены.

Я не думаю, што можна вешаць партрэты Дзяржынскага або Леніна ў Літве - гэта за гранню магчымага. Але можна сеяць ідэалогію цынізму, закулісных дамоўленасцей і маленькіх змоў паміж краінамі і некаторымі іх эканамічнымі пластамі, пускаючы пыл у вочы, запускаючы іх у Беларусь, каб яны хутчэй бегалі, хутчэй зарабляючы грошы пры дапамозе асабістага ўмяшання адміністрацыі Лукашэнкі. Але гэтым людзям не варта забываць, што яны не пад прыкрыццём правілаў, як у Германіі ці ў Італіі, дзе зарабіць грошы цяжэй. Бураціна закапаў грошы пад дрэвам, але адкапаць іх, на жаль, не змог.

Несумненна, мы б віталі комплекс рашэнняў з боку адміністрацыі Лукашэнкі. Ён павінен уключаць у сябе таксама спрошчанае перамяшчэнне ў памежнай 50-кіламетровай зоне. Парламент Літвы пад кіраўніцтвам кансерватараў гэтую дамову ратыфікаваў. Яна тычыцца мільёна чалавек як з беларускага, так і з літоўскага боку, у тым ліку - жыхароў Гродна і Ліды. Дзе адказ з Менска? Ні адказу, ні прывітання.

- Як вы ставіцеся да ініцыятыў еўрадэпутата ад Літвы Юстаса Палецкіса, які выступае за чарговы «дыялог» Захаду з Лукашэнкам?

- Я не буду каментаваць. Абставіны мне не вядомыя.

- Але затое вядома, што ён у спісах людзей, якія трапілі ў план лорда Бэла па «адмыванню» іміджу Лукашэнкі.

- Пра гэта трэба спытаць спадара Палецкіса. Я з'яўляюся нацыянальным палітыкам, а ён - дэпутатам Еўрапарламента. Я думаю, што там яго і спытаюць. У яго імунітэт еўрапейскага парламентарыя, таму на гэтым я пастаўлю кропку.

- Ці трэба пускаць беларускіх чыноўнікаў на саміт у Вільню?

- Тых, якія знаходзяцца ў «чорных спісах», - не. Ніхто не думае пра адмену гэтых спісаў. Стаіць пытанне аб некалькіх людзях, якіх хочуць адтуль выкрасліць па настойлівай просьбе Лукашэнкі - пра міністра замежных спраў і пра кагосьці яшчэ. Пра гэта больш ведаюць людзі з Еўрапейскага парламента, якія наведваюць Беларусь. Мяне ўжо шмат гадоў не пускаюць на тэрыторыю Беларусі.

Магу сказаць, што, калі ў Лукашэнкі ёсць «мужнасць» лётаць у аддаленыя краіны - Венесуэлу і Іран, можа знойдуцца сілы аформіць з дапамогай «парламента» шэраг законаў, якія дадуць больш правоў беларускаму народу.

Думаю, што будзе чарговая аперэтачная «адліга» без гарантый на будучыню, без гарантый правоў вольнага выразу для грамадзян. Магчыма, Лукашэнка не лічыць свой народ еўрапейскім. Мы лічым, што беларусы - такія ж еўрапейцы, як чэхі, славакі і палякі. Мы бачым тысячы маладых людзей, якія выглядаюць так жа, як літоўцы і палякі, узрушаюча гавораць на англійскай, нямецкай і французскай. Для яго гэта незразумела. Хай прыгледзіцца ў маладыя, неадцэнзураваныя ўсмешкі беларускіх студэнтаў і пашукае ў іх сваю будучыню. Я не думаю, што гэтыя ўсмешкі абяцаюць доўгае жыццё дыктатуры.

Мы чакаем цэлага комплексу крокаў, якія б аднавілі тое, што Беларусь страціла на працягу апошніх 18 гадоў, крокаў, якія наблізілі б яе хаця б да ўзроўню Украіны ці Малдовы, на тэрыторыі якіх ёсць свабода слова і волевыяўлення. За словы супраць прэзідэнта там не садзяць. Украіна і Малдова са скрыпам, але набліжаюцца да ЕЗ. Літва з усіх магчымых тэм занялася менавіта палітыкай еўрапейскага суседства. Не мы вінаватыя ў тым, што Беларусі няма ў тэхнічным раскладзе еўрапейскага суседства.

- Як вы ставіцеся да новай ініцыятывы ЕЗ «Дыялог для мадэрнізацыі Беларусі»?

- Лукашэнка ізаляваў Беларусь нават ад бліжэйшых суседзяў. Калі ў яго ёсць думкі аб мадэрнізацыі, то ён можа паскорыць яе сямімільнымі крокамі пры дапамозе законаў аб свабодных СМІ, правах чалавека і дзесяткаў іншых рэчаў, якія былі знішчаныя за апошнія 18 гадоў.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках