15 лiстапада 2024, Пятніца, 18:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пітэр Доран: Дыялог з Лукашэнкам прывядзе да нулявога выніку

16
Пітэр Доран: Дыялог з Лукашэнкам прывядзе да нулявога выніку

Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі даказалі сваю эфектыўнасць.

Пра гэта галоўны палітычны аналітык Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі (CEPA) Пітэр Доран заявіў у інтэрв'ю галоўнаму рэдактару сайту charter97.org Наталлі Радзінай.

Пітэр Доран - адзін з аўтараў нашумелага дакладу «Дэмакратычныя перамены ў Беларусі: план дзеянняў», падрыхтаванага CEPA і праваабарончай арганізацыяй Freedom House (ЗША).

- Пітэр, я неаднаразова чула ад вас, што ў Захаду павінен быць план для Беларусі. Раней пра неабходнасць выпрацоўкі стратэгіі заяўляў Збігнеў Бжэзінскі. Якой, на ваш погляд, павінна быць гэтая стратэгія?

- Я думаю, што б мы не рабілі - Еўрапейскі Звяз і Злучаныя Штаты - мы павінны каардынаваць нашы намаганні ў планах на будучыню. Якія планы? Яны датычацца ўсіх карысных рэчаў, якія прапануе Захад пасля дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Сярод іх - фінансавая і тэхнічная дапамога, садзейнічанне ў будаўніцтве грамадзянскай супольнасці, якое Захад гатовы аказаць у выпадку пераменаў. Гэтыя планы маюць шэраг пераваг і вельмі выразна ўзаемадзейнічаюць з нашым бачаннем дэмакратычнай будучыні Беларусі. Мы рыхтуемся да таго, каб дапамагчы людзям у Беларусі самім вызначаць сваю будучыню ў перыяд трансфармацый. Некаторая праца ўжо была праведзена, але пакуль яе недастаткова. Я думаю, што ЗША і ЕЗ разам сфармуюць пасланне, з дапамогай якога мы зможам зрабіць шмат добрага.

- Гэта значыць, патрэбны аналаг «плана Маршала» для Беларусі. А што цяпер? Падобна на тое, сёння еўрапейскія палітыкі не маюць намеру працягваць палітыку санкцый супраць Лукашэнкі, яны зноў хочуць «дыялогу». Пра які дыялог з дыктатарам можа ісці гаворка? Ці будзе ён паспяховым?

- Традыцыя ўцягвання ў дыялог ізаляванага боку не даказала сваю эфектыўнасць у мінулым, і я не думаю, што яна будзе эфектыўная ў будучыні. Я думаю, што тут больш падыходзіць тое, што мы бачылі ў апошнія два гады сумесных дзеянняў Злучаных Штатаў і Еўрапейскага Звяза. Было заяўлена: гэта дыктатура, гэта ненармальная сітуацыя, і мы павінны зрабіць крокі для таго, каб прадэманстраваць нашу прыхільнасць дэмакратычнай будучыні Беларусі. Гэта правільны шлях. Думаю, што санкцыі, якія ўвялі сумесна Злучаныя Штаты і Еўрапейскі Звяз з'яўляліся правільным курсам да гэтага часу. Яны даказалі сваю эфектыўнасць, аказаліся настолькі дзейснымі, наколькі гэта было магчыма. Вяртанне да палітыкі супрацоўніцтва з рэжымам прывядзе да таго ж выніку, што і ў мінулым - да нулявога.

- Часам, калі мы гаворым пра мэтавыя, «кропкавыя» эканамічныя санкцыі, у прыватнасці, у дачыненні да беларускіх нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў, еўрапейскія палітыкі сцвярджаюць, што гэта ўдарыць па людзях, а не па рэжыму. Як вы лічыце?

- Я думаю, што людзі ў Беларусі разумеюць, што санкцыі не з'яўляюцца накіраванымі супраць іх. Санкцыі абумоўленыя жаданнем забяспечыць лепшую будучыню для іх шляхам палітычных перамен у краіне. Калі людзі ў Беларусі гэта разумеюць, то я хацеў бы спадзявацца, што лідары ЗША і Еўропы таксама зразумеюць, што гэта правільна. Я думаю, што ўзровень санкцыяў, які мы бачым, прымальны, але я ўпэўнены, што мы павінны знайсці спосаб для таго, каб падтрымліваць і ў будучыні тую адзіную палітыку, якую мы назіралі ў апошнія два гады. Я спадзяюся, што мы не ўбачым разыходжанняў паміж палітыкай ЗША і ЕЗ. Гэта нявыгадна нікому. Я натхнёны цеснай каардынацыяй, якая ёсць цяпер, і ўпэўнены, што так будзе працягвацца і ў будучыні.

- Што вы думаеце пра распаўсюджанае сёння ў Еўропе меркаванне, што калі санкцыі супраць Лукашэнкі будуць узмоцненыя, то ён сыдзе ў Расею?

- У шматлікіх сітуацыях Лукашэнка быў вымушаны звяртацца да Расеі не з-за таго, што мы рабілі, а з-за сваёй уласнай палітыкі. Эканамічныя рэформы былі «замарожаныя», палітычныя рэформы - прыпыненыя. І сітуацыя, якую мы бачым цяпер у Беларусі, з'яўляецца вынікам рашэнняў, якія былі прынятыя на працягу апошніх 15 гадоў. Яна стала коштам таго, што Лукашэнка сам звярнуўся да Расеі па дапамогу.

Я хачу ўбачыць той дзень, калі Беларусь зможа пачаць прыватызацыю эканомікі такім чынам, каб самі беларусы атрымалі перавагі ад гэтага. Гэта можа ажывіць эканоміку, даць новыя магчымасці. Да гэтага часу, без якіх-небудзь дадатковых эканамічных пераўтварэнняў, гэтая мадэль магла існаваць. Але ў далейшай перспектыве як для Расеі, так і для Еўрапейскага Звяза неабходныя перамены ў Беларусі - і эканамічныя, і палітычныя - для таго, каб забяспечыць устойлівае развіццё Беларусі. І калі мы даможамся свайго, то я думаю, што для беларускага народа адкрыецца шмат новых магчымасцяў.

- Што вы думаеце пра ініцыятыву Еўрапейскага Звяза «Дыялог аб мадэрнізацыі»?

- Калі б мы ўлічвалі ўрокі гэтага рэгіёну, які прайшоў пераходны перыяд пасля крушэння камунізму, то не казалі б пра частковыя, незавершаныя, палавіністыя рэформы. Праграмы эканамічнай прыватызацыі і эканамічных пераўтварэнняў у такім выпадку не працуюць. З іх дапамогай адбываецца толькі продаж актываў. Наадварот, калі праводзяцца эканамічныя рэформы і прыватызацыя адначасова з палітычнымі пераўтварэннямі, адкрываюцца найбольшыя магчымасці. Польшча з'яўляецца адным з прыкладаў паспяховага правядзення прыватызацыі разам з лібералізацыяй палітычнай сферы. Важныя ўрокі падаюць і іншыя прыклады краін Еўрапейскага Звяза.

- Адзін з вашых пастулатаў: калі мы ўвядзем санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў, то гэта не толькі акажа ціск на рэжым, але і ўратуе гэтыя прадпрыемствы ад продажу.

- Так, кампаніі, супраць якіх у цяперашні час уведзеныя санкцыі, належаць дзяржаве, і даходы, якія яны атрымліваюць, дазваляюць уладам працягваць выжыванне. Я думаю, што сігнал, які быў пасланы беларускаму рэжыму, у поўнай меры адпавядае гэтаму. Выкарыстанне рэсурсаў гэтых прадпрыемстваў для забеспячэння выжывання дыктатуры недаравальна. Да таго ж, не варта забываць пра палітвязняў у Беларусі. Рэпрэсіі, якія праводзіць рэжым, не змяніліся. Так што, калі ў Беларусі не адбудуцца істотныя змены ў параўнанні з тым, што мы бачылі на працягу апошніх двух гадоў, палітыка ў адносінах да яе ўладаў не павінна мяняцца.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках