16 лiстапада 2024, Субота, 5:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады дамовіліся аб продажы МЗКЦ

34
Улады дамовіліся аб продажы МЗКЦ

У якасці партнёра Менск бачыць «Канцэрн СПА «Алмаз-Антэй», «НВА «Сплаў» і «Маскоўскі інстытут цеплатэхнікі»

Прынцыповая згода аб продажы расейскаму боку кантрольнага пакета акцый ААТ «Менскі завод колавых цягачоў» (МЗКЦ) была дасягнута ў сакавіку на сустрэчы віцэ-прэм'ера ўрада Расеі Аркадзя Дварковіча і першага намесніка прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сямашкі, пішуць «Известия».

- Такое пагадненне дасягнута, і аб ім ужо праінфармаваныя Дзмітрый Мядзведзеў і Аляксандр Лукашэнка, - распавяла крыніца ва ўрадзе. Паводле яе слоў, адзіным спрэчным момантам пакуль застаецца кандыдатура пакупніка. Беларусь не хоча прадаваць менскае прадпрыемства КамАЗу або «Уралвагонзаводу», якія з'яўляюцца вытворцамі аналагічнай прадукцыі. Але менавіта такі варыянт прапануе расейскі бок.

Як заявіла крыніца, блізкая да перамоваў, у якасці пакупнікоў беларусы хацелі б бачыць «Канцэрн СПА «Алмаз-Антэй», «НВА «Сплаў», «НВК «Канструктарскае бюро машынабудавання» і ААТ «Карпарацыя «Маскоўскі інстытут цеплатэхнікі». Такі варыянт рэспубліканскія ўлады матывуюць тым, што МЗКЦ даўно супрацоўнічае з названымі арганізацыямі, пастаўляючы ім сваю прадукцыю, і мяркуецца, што новы ўласнік будзе ўдзельнічаць у развіцці і мадэрнізацыі менскага завода. Адпаведна, у беларускага боку ёсць асцярогі, што КАМАЗ і «Уралвагонзавод», з'яўляючыся канкурэнтамі, не стануць надаваць жаданай увагі развіццю прадпрыемства.

Прадукцыя МЗКЦ шырока выкарыстоўваецца ў расейскай ваеннай прамысловасці. Так, беларускі завод пастаўляе для расейскай абаронкі шасі для аператыўна-тактычных ракетных комплексаў (АТРК) «Іскандэр», рэактыўныя сістэмы залпавага агню (РСЗА) «Ураган», «Смерч», «Град», «Тарнада» ўсіх мадыфікацый, колавыя (экспартныя) варыянты зенітна-ракетных комплексаў супрацьпаветранай абароны «Тор» і «Бук», зенітных ракетных сістэм СПА С-300 і С-400. Усе мабільныя ракетныя комплексы ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння РФ працуюць на шасі МЗКЦ.

Але восенню Міністэрства абароны РФ планавала вырашыць пытанне па пераводзе сістэм узбраенняў расейскага войска на шасі айчыннай вытворчасці. Папярэдне быў абраны Бранскі аўтамабільны завод (БАЗ), куды планавалася перакінуць з МЗКЦ большую частку заказаў на спецыяльныя колавыя шасі, перш за ўсё для такіх сістэм, як АТРК «Іскандэр» і РСЗА.

Акрамя таго, МАЗаўскія машыны меркавалася замяніць тэхнікай, што выпускаецца БАЗам і КАМАЗам.

Аднак, паводле ацэнак высокапастаўленай крыніцы ў Мінабароны, замяніць менскія цягачы адразу не атрымаецца: прадукцыя бранскага завода адносіцца да больш лёгкай вагавай катэгорыі - да 40 т, а прадукцыя КАМАЗа яшчэ знаходзіцца на стадыі эксперыментальных узораў. Дастаткова шмат прэтэнзій і да грузавікоў КАМАЗа, якія пастаўляюцца ў войскі: масавая вытворчасць пакуль не належнай якасці, кажа суразмоўца газеты.

Як адзначае віцэ-прэзідэнт Цэнтра стратэгічных камунікацый Дзмітрый Абзалаў, ініцыятыва беларускага боку не зусім эфектыўная. Саюз з такімі прадпрыемствамі, як холдынг «Алмаз-Антэй», не прыцягне новых заказчыкаў, і канкурэнтаздольнасць сумеснай прадукцыі ўпадзе. Застанецца топ-менеджмент МАЗа ў дзеючым фармаце, але Менскі аўтамабільны завод пры гэтым можа спыніць працу. Цяпер перадумовы да гэтага ўжо маюцца, так як у дзяржавы няма грошай ўкладвацца ў яго мадэрнізацыю, а патрэбны прарыў, адзначае эксперт.

Пры гэтым Дзмітрый Абзалаў нагадвае, што КАМАЗ з'яўляецца самым эфектыўным аўтазаводам у Расеі на сённяшні дзень - ён мае стабільны рынак збыту і атрымлівае прыбытак без удзелу дзяржінвестыцый.

Крыніца ва ўрадзе адзначыла, што, хутчэй за ўсё, расейскім чыноўнікам удасца ўгаварыць беларускіх калегаў прыняць прапанову КАМАЗа.

- Тым больш што ў сакавіку стварэнне расейска-беларускага холдынгу было анансавана на самым высокім узроўні. Пра яго заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у Санкт-Пецярбургу пасля перамоваў з Лукашэнкам, - падкрэсліў ён.

Тады ж міністр прамысловасці і гандлю Расіі Дзяніс Мантураў заяўляў, што ўжо да сярэдзіны красавіка бакі павінны вызначыць схему кіравання холдынгам.

- Гэта будзе асобная кіруючая кампанія, якая павінна ўзяць на сябе функцыі кіравання дзвюма вытворчымі аб'яднаннямі КАМАЗа і МАЗа, - сказаў міністр.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках