31 снежня 2024, aўторак, 0:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: На журналістаў ціснуць з дапамогай Крымінальнага кодэкса і КДБ

17
Наталля Радзіна: На журналістаў ціснуць з дапамогай Крымінальнага кодэкса і КДБ

Семінар АБСЕ па чалавечым вымярэнні «Прававая база забеспячэння свабоды СМІ» праходзіць у Варшаве з 13 па 15 траўня.

Адкрываючы семінар, прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч заявіла, што многія ўрады краін-членаў Арганізацыі, парушаючы свабоду слова, заяўляюць, што дзейнічалі згодна з нормамі нацыянальнага заканадаўства.

«Я з гэтым не згодна. Усе краіны-члены ўзялі на сябе абавязацельствы ў рамках АБСЕ. Многія нацыянальныя заканадаўствы маюць патрэбу ў рэфармаванні, фармулёўкі законаў размытыя і дазваляюць парушаць свабоду слова. На першы погляд добра напісаныя законы з'яўляюцца пустымі, калі служаць толькі адной групоўцы. Абавязацельствы АБСЕ неабходна выконваць і не трэба адчуваць сябе пакрыўджанымі, калі я нагадваю пра гэта. Многія журналісты знаходзяцца за кратамі. Хоць яны проста выконвалі сваю працу, іх абвінавачваюць у тым, што яны «тэрарысты» або «хуліганы». Так не павінна адбывацца ў краінах, якія называюць сябе дэмакратычнымі. Ніхто не павінен быць кінуты за краты толькі за тое, што ён крытыкуе ўрад», - заявіла Дуня Міятавіч.

На семінары выступалі прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый і няўрадавых арганізацый краін-членаў АБСЕ.

Распавядаючы пра праблемы са свабодай слова, незалежныя журналісты і праваабаронцы з краін постсавецкай прасторы - Казахстана, Беларусі, Азербайджана і Арменіі - раскрытыкавалі АБСЕ за адсутнасць інструментаў уплыву на сітуацыю ў іх краінах.

На семінары АБСЕ выступіла галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, якая нагадала, што пад крымінальным пераследам застаецца ў Беларусі журналістка расейскай «Новой газеты», жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Халіп, журналіст польскай «Газеты Выбарчай» Анджэй Пачобут, фатограф Антон Сурапін, распаўсюднік незалежнай прэсы Андрэй Гайдукоў, а таксама адзначыла, што ў апошні час у Беларусі пачасціліся выпадкі адміністрацыйных арыштаў журналістаў. Так, у цяперашні час адбываюць арышт Аляксандр Ярашэвіч і Зміцер Галко, раней быў арыштаваны Генадзь Барбарыч, пракуратура вынесла папярэджанне Алегу Груздзіловічу.

Журналістка адзначыла новыя тэндэнцыі - артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія прымяняюцца да журналістаў у Беларусі, сёння вельмі разнастайныя.

«Калі раней журналістаў прыцягвалі, у асноўным, па артыкулах «паклёп на прэзідэнта» і «абраза прэзідэнта», то цяпер мы бачым, што Ірына Халіп атрымала 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай за «удзел у масавых беспарадках», супраць Антона Сурапіна распачалі крымінальную справу па артыкуле «дапамаганне ў парушэнні дзяржаўнай мяжы» толькі за размяшчэнне ў інтэрнэце фотаздымкаў так званага «плюшавага дэсанту».

Моладзевага актывіста Андрэя Гайдукова за распаўсюд газеты «Хартыя-97» КДБ наогул прыцягнуў па артыкуле «здрада дзяржаве». І тэрміны пагражаюць за парушэнні гэтых артыкулаў адпаведныя - 3, 5, 7 гадоў пазбаўлення волі. Прызнаюцца экстрэмісцкімі нават фатаграфіі, як гэта адбылося з альбомам «Прэс-фота». Наогул, тэндэнцыя апошняга часу - усё больш палітычных зняволеных сталі такімі з-за таго, што спрабавалі рэалізаваць сваё права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.

Узмацніўся і ціск спецслужбаў на журналістаў. Яны падвяргаюцца шантажу, незаконнай вярбоўцы, ідзе спроба сакрэтнага навязвання СМІ «куратараў» з КДБ, якія, пагражаючы рэпрэсіямі, спрабуюць кіраваць кантэнтам незалежных СМІ».

Ёсць інфармацыя, што ў бліжэйшы час у Беларусь прыедзе прадстаўнік АБСЕ па свабодзе слова. Хацелася б перасцерагчы еўрапейскіх палітыкаў: беларускія ўлады могуць вызваліць аднаго або двух журналістаў, але гэта не зменіць сітуацыю ў корані. Важна разумець, што свабода слова будзе забяспечаная ў краіне толькі пры змене дыктатарскай ўлады на дэмакратычную», - заявіла Наталля Радзіна.

У ходзе семінара АБСЕ галоўны рэдактар charter97.org сустрэлася з віцэ-старшынёй Камітэта ПА АБСЕ па правах чалавека Ізабель Сантас. У ходзе сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, становішча палітычных зняволеных, а таксама магчымасць выключэння беларускай афіцыйнай дэлегацыі з Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках