15 лiстапада 2024, Пятніца, 21:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Рабочыя - закладнікі патрабаванняў урада

9
Генадзь Фядыніч: Рабочыя - закладнікі патрабаванняў урада

Скарачэнне працоўнага тыдня, да якога ўсё часцей звяртаюцца кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў, да восені можа выліцца ў сацыяльнае напружанне ў грамадстве.

Пра гэта заявіў старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, піша praca-by.info.

Толькі за апошнія некалькі месяцаў МАЗ, МТЗ, «Гарызонт» пераводзілі работнікаў на няпоўны працоўны тыдзень, матывуючы сваё рашэнне падзеннем попыту на выпусканую прадукцыю.

На думку Генадзя Фядыніча, «купляць нашы МАЗы, трактары, БелАЗы менш не сталі». Прычыну гэтай сітуацыі прафсаюзны лідар бачыць у тым, што кіраўніцтва краіны патрабуе высокіх паказчыкаў ВУП:

«А дзе іх узяць? Вось і спрацавалі прадпрыемствы на склады. Кіраўнікі прадпрыемстваў атрымалі каманду зверху. Павялічылі аб'ёмы выпускаемай прадукцыі практычна ў 2 разы, без рэальнага плана продажу гатовай прадукцыі. Да нас прыходзяць рабочыя з МАЗа, БелАЗа, трактарнага, распавядаюць, што ўсе пляцоўкі застаўленыя тэхнікай. Бо яны разумеюць, што фактычна замарожаныя абаротныя сродкі. Гэта чарговы парадокс камандна-адміністрацыйнай сістэмы ў эканоміцы. Затое можна адрапартаваць, што ВУП расце. А каму гэта трэба? Рабочаму, інжынеру, дырэктару?»

Генадзь Фядыніч лічыць, што перавод работнікаў на няпоўны працоўны тыдзень да восені можа выліцца ў сацыяльнае напружанне ў грамадстве:

«Улетку, вядома, народ па ўсёй верагоднасці будзе выказваць незадаволенасць моўчкі, а некаторых яшчэ адзін дадатковы выходны цалкам задаволіць. Самі разумееце, усё на зямлі працуюць, а як інакш пракарміцца з такімі коштамі? А вось восенню, атрымаўшы капейкі, думаю, можна чакаць на заводах абурэнняў».

Прафсаюзны лідар скептычна ставіцца да агучаных нядаўна Пятром Пракаповічам планаў урада давесці экспарт беларускай прадукцыі да 85 адсоткаў:

«Безумоўна, гэта выратавала б сітуацыю. Але на якім рэальным аналізе рынкаў збыту рабіліся гэтыя разлікі? І прадукцыя патрэбная адпаведнай якасці. Якім чынам гэтыя экспартныя паказчыкі ўлічваюць той факт, што Расея ўвайшла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і яе рынкі адкрытыя і для Захаду і для Усходу, у тым ліку на куплю аналагічнай прадукцыі, экспартуемай Беларуссю. На мой погляд, усе гэтыя планы ўрада па павелічэнні экспарту да 85% з'яўляюцца не прадуманым эканамічным разлікам, а ўсяго толькі дэкларацыяй. Тыя, хто выдае падобныя рашэнні, на практыцы не нясуць ніякай адказнасці. Бо зразумела, што бюджэтных грошай на мадэрнізацыю практычна няма. Але без новых тэхналогій, без прыватных замежных інвестыцый няма будучыні для эканомікі Беларусі. А крайнім застаецца чалавек працы».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках