16 лiстапада 2024, Субота, 1:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка рыхтуе ўдар па бізнэсу

156
Лукашэнка рыхтуе ўдар па бізнэсу

Правадыр запатрабаваў ад сілавікоў зрабіць больш жорсткай барацьбу з «эканамічнымі злачынствамі».

Прымаючы з дакладам дзяржсакратара Рады бяспекі Леаніда Мальцава, Лукашэнка раскрытыкаваў недастатковую, на ягоную думку, працу сілавікоў у гэтым кірунку.

«Мяне вельмі насцярожвае тое, што ў нас фактычна гэтай праблемай займаецца Камітэт дзяржаўнай бяспекі, а астатнія на лаўрах спачываюць і мяркуюць, што гэта не іх праблема. Але ж пракуратура ў нас галоўная структура, якая павінна займацца барацьбой з карупцыяй, курыраваць і кантраляваць гэтую працу», - заявіў ён.

Правадыр таксама заўважыў, што «МУС мае магчымасці значна большыя, чым Камітэт дзяржбяспекі».

«Скажу проста, што ўчастковыя міліцыянты і наогул міліцыя ведае ўсё, што робіцца ў краіне. Але ад МУС я такіх дзеянняў пакуль не бачу, - канстатаваў Лукашэнка.

Правадыр мяркуе, што ўзровень карупцыі ў Беларусі прыкметна ніжэйшы, чым у іншых краінах, аднак у гэтай сітуацыі ні ў якім разе нельга дапусціць яго росту.

Лукашэнка падкрэсліў, што чакае большай актыўнасці праваахоўных органаў у барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.

«Недапушчальна, калі ў справядлівай, сумленнай і прыстойнай краіне існуюць такія правапарушэнні. Мы не можам дапусціць, каб праз эканамічныя правапарушэнні ў нас адбылося расслаенне грамадства. Яно ўжо сёння ёсць: ён мае нейкіх паўтары крамкі, а сям'я ездзіць на трох самаходах, набытых за мільёны даляраў. Адкуль, калі прыбыткі вельмі маленькія з гэтай паўтары крамы? Значыць, недзе хаваюць, займаюцца левымі схемамі, хаваюць ад падаткаабкладання даходы і гэтак далей. Я наўмысна перабольшваю і бяру гэты дробны прыклад. Але ў нас ёсць «кіты» буйнейшыя, якія сыходзяць ад падаткаабкладання», - сказаў правадыр.

Беларусь ужо знаходзіцца ў лідарах паводле колькасці зняволеных у Еўропе. На 100 тысяч жыхароў нашай краіны прыпадае 438 вязняў турмаў і калоній. Праваабаронцы мяркуюць, што зняволеных у Беларусі значна больш - ад 500 да 800 на 100 тысяч чалавек. Вялікая колькасць людзей знаходзіцца ў турмах за нязначныя эканамічныя злачынствы.

Вядомыя выпадкі, калі буйных бізнэсоўцаў выпускалі на волю пасля выплаты імі на карысць дзяржавы вялікай сумы. Напрыклад, алігарх Віктар Шаўцоў быў арыштаваны ў 2012 годзе. «Яго злачынства - у эканамічнай сферы. Правапарушэнне - эканамічная сфера. Шкоду нанёс дзяржаве? Удвая, утрая суму большую - грошы на стол, і пайшоў. Не заплаціць грошы - будзе сядзець у турме», - сказаў тады Лукашэнка. Праз некаторы час стала вядома, што Шаўцоў - на волі.

Экспэрты і праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на жорсткасць пакаранняў, якія ўжываюцца да прадпрымальнікаў, а таксама на занадта вялікую колькасць тых, хто апынаецца за кратамі за эканамічныя злачынствы.

Напісаць каментар 156

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках