Еўранэст: Улада ў Беларусі нелегітымная
67- 28.05.2013, 18:02
- 84,208
На сесіі Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» прайшло пасяджэнне рабочай групы ў справах Беларусі.
У пасяджэнні ўзялі ўдзел супрэзідэнт Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства», былы кіраўнік МЗС Украіны Барыс Тарасюк, старшыня рабочай групы для Беларусі ў Еўранэсце Яцэк Сарыюш-Вольскі, дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента аб Беларусі, аўтар скандальнага дакладу пра сітуацыю ў краіне Юстас Палецкіс, дэпутаты Еўрапарламента ад Польшчы Марэк Сівец і Марэк Мігальскі, дырэктар тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы, прадстаўнікі дэлегацый Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы, Украіны ў Еўранэст.
Ад Беларусі ў пасяджэнні ўдзельнічалі: лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, намеснік старшыні партыі «Справядлівы свет» Валерый Ухналёў, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў і намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Першая частка пасяджэння была прысвечана сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі і з доступам беларусаў да інфармацыі.
Прадстаўляючы кіраўнікоў сайта charter97.org і тэлеканала «Белсат», старшыня рабочай групы для Беларусі ў Еўранэсце Яцэк Сарыюш-Вольскі адзначыў, што гэтыя СМІ, а таксама «Радыё Рацыя» вяшчаюць на Беларусь з-за мяжы і сёння ім неабходная пэўная падтрымка са стараны Еўразвязу.
«ЕЗ не падтрымлівае гэтыя СМІ, а павінен дапамагаць», - сказаў дэпутат Еўрапарламента.
Далей Яцэк Сарыюш-Вольскі прапанаваў ацаніць сітуацыю ў Беларусі Наталлі Радзінай і Агнежцы Рамашэўская-Гузы.
«Па-першае, хацелася б адзначыць важнасць таго, што Беларусь прадстаўлена ў Парламенцкай асамблеі «Усходняга Партнёрства» толькі апазіцыяй. На жаль, на сённяшняе пасяджэнне запрошаныя некаторыя палітыкі, якія заклікаюць Еўропу супрацоўнічаць з дыктатурай.
Улада Лукашэнкі ў Беларусі нелегітымная. Дыктатар утрымлівае яе з дапамогай фальсіфікацый выбараў і дапамогай рэпрэсіяў.
Усялякія перамовы і дыялогі з Лукашэнкам успрымаюцца як здача Захадам сваіх пазіцыяй, як здрада ідэалам свабоды і дэмакратыі.
Я разумею што сёння модна весці «дыялогі» з тыранамі і забойцамі з усяго свету. Толькі нельга забываць пра людзей, якія знаходзяцца ў турмах і зазнаюць там катаванні. Нагадаю, што ў Беларусі ўжо больш за два гады ўтрымліваюцца ў турмах палітычныя зняволеныя», - заявіла напачатку выступу галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна.
Журналістка адзначыла, што сайт charter97.org перажыў у Беларусі ўсё што толькі магчыма, і яго гісторыя добра дэманструе сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі. Сёння, з ейных слоў, патрэбная вялікая падтрымка незалежным СМІ ўнутры краіны, медыям, якія працуюць з-за мяжы, таксама трэба развіваць падпольны друк.
«Забойства заснавальніка сайта Алега Бябеніна, арышты журналістаў, ператрусы, канфіскацыя тэхнікі. Сама я была арыштаваная 19 снежня 2010 года ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, сядзела ў турме КДБ, мне пагражала да 15 гадоў турмы. Вымушана была бегчы напярэдадні суда.
Калі б у мяне было больш часу, я б падрабязна вам распавяла аб жудасных варунках у беларускіх турмах, ці пра тое, як мне пагражалі новымі арыштамі за спробу расказаць праўду аб катаваннях у ізалятары КДБ ці заклікаць Захад увесці супраць рэжыму Лукашэнкі жорсткія санкцыі.
Сайт charter97.org сёння вымушаны працаваць з Варшавы. Але адная Польшча не ў стане эфектыўна дапамагчы незалежным СМІ. Ёй павінны дапамагчы іншыя краіны Еўразвязу.
Нашая праца вельмі патрэбна беларусам. Унікальнасць сітуацыі ў Беларусі ў тым, што сёння сайт charter97.org, які піша аб палітычнай сітуацыі ў краіне, папулярнейшы за сайты знаёмстваў і сайты продажаў аўтамабіляў. Гэта значыць ва ўмовах дыктатуры людзям як ніколі патрэбная свабодная інфармацыя.
У нас у краіне забівалі журналістаў, закрылі амаль усе незалежныя газеты, знішчылі незалежную тэлевізію і радыё.
Што мы сёння маем? Тэлевізію «Белсат», якая вяшчае з Польшчы, але якоя даступная толькі ўладальнікам спадарожнікавых антэн, дзве радыёстанцыі «Рацыя» і «Еўрарадыё», якія не здольныя пакрыць вяшчаннем усю краіну і сайт charter97.org з вялікай аўдыторыяй, але які ўлады спрабуюць блакаваць у дзяржустановах.
Унутры краіны працягваюць працаваць некалькі газет і сайтаў, але ў вельмі складаных варунках пастаяннага ціску з боку ўладаў і шантажу з боку спецслужбаў. У апошні час у Беларусі часта арыштоўваюць журналістаў, двое з іх - Ірына Халіп і Анджэй Пачобут - адбываюць працяглыя тэрміны абмежавання волі.
Сёння незалежныя СМІ патрэбныя беларусам, а незалежным медыя ў сваю чаргу патрэбная ваша дапамога. Падтрымка незалежных СМІ павінна быць павялічана ў разы, бо ў цяперашнім аб'ёме яна недастатковая. Патрэбная падтрымка СМІ ўнутры краіны, медыя, якія працуюць з-за мяжы, трэба развіваць падпольны друк.
Многія з краін ЕЗ купляюць сёння ў Лукашэнкі нафтапрадукты. Гэта таксама можа стаць вагаром уздзеяння, калі Еўропа паставіць правы чалавека вышэй сваіх бізнэс-інтарэсаў. Пакуль мы назіраем адваротнае, і гэта пагражае тым самым каштоўнасцям, на якіх грунтуецца адзіная і свабодная Еўропа.
Але я аптыміст. Я бачыла, якой сілай з'яўляецца салідарнасць. Салідарнасць плюс палітычная воля Еўропы можа вельмі хутка дапамагчы беларусам здабыць свабоду», - сказала Наталля Радзіна.
Агнешка Рамашэўская-Гузы адзначыла важнасць працы беларускіх СМІ з-за мяжы:
«Вельмі важна, каб прыярытэты Еўразвязу ў дапамозе былі правільна расстаўленыя. Я думаю, што адзін з найважнейшых прыярытэтаў - дапамога незалежным СМІ. Важна дапамагаць медыя, якія могуць працаваць. А чаму яны могуць працаваць? Таму што ў іх цэнтры за мяжой, а людзі працуюць унутры. Я кажу аб сайце charter97.org, «Радыё Рацыя» і тэлеканале «Белсат». Нас часам разглядаюць як СМІ, якія вяшчаюць на Беларусь. Але мы працуем у Беларусі: мы працуем з грамадзянамі Беларусі, якія нас глядзяць, слухаюць і чытаюць, нашы карэспандэнты працуюць унутры краіны.
Такая схема працуе эфектыўна, бо цэнтр выведзены з-пад пагрозы. І беларускія ўлады ведаюць, што, калі яны паспрабуюць замінаць нашай актыўнасці, у іх не вельмі гэта атрымаецца. Мы ўсё роўна будзем працаваць, бо яны нас не дастануць. Усе аўтарытарныя ўрады трымаюцца на самой палітычнай уладзе, на спецслужбах і дзякуючы кантролю над СМІ. Таму калі мы спрабуем змагацца з дыктатурай, трэба дапамагаць незалежным СМІ», - сказала дырэктар ка «Белсата».
Усе ўдзельнікі панэлі пагадзіліся з тым, што трэба больш эфектыўна падтрымліваць незалежныя СМІ, якія працуюць як у Беларусі, так і за мяжой.
Другая частка пасяджэння рабочай групы доўжылася блізу 20 хвілін і ў ёй узялі ўдзел толькі прадстаўнікі палітычных партый і рухаў.
Пасля заканчэння пасяджэння палітыкі распавялі charter97.org, пра што ішла гаворка:
Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
«У кожнага ўдзельніка беларускай дэлегацыі свае падыходы і меркаванні. Здаецца, што было пачутае ўсё, што мы хацелі данесці. Яшчэ да пасяджэння рабочай групы мы сустрэліся з дэпутатамі Еўрапарламента Ежы Бузэкам, Яцэкам Пратасевічам і Філіп Качмарэкам.
Па-першае, мы сказалі, што не трэба паўтараць старыя памылкі. У перыяд прэзідэнцкай кампаніі 2010 года было адчуванне, што можна дамовіцца з уладай. Да чаго гэта прывяло, мы ўсе ведаем. Няма сэнсу наступаць на старыя граблі, каб атрымаць новы гузак на лбе.
Па-другое, лепш часам не рабіць нічога, чым рабіць дрэнныя рэчы. Напрыклад, Латвія інвеставала ў беларускі рэжым пад мільярд даляраў праз карупцыйныя схемы з распушчальнікамі і нафтапрадуктамі. Гэта не інвестыцыя ў дэмакратыю, гэта кансервацыя сітуацыі. Калі МВФ напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі вылучыў Лукашэнку 3,5 мільярды даляраў нібыта на мадэрнізацыю эканомікі, гэтыя грошы пайшлі на подкуп выбарцаў.
Ёсць у нас і крытычны погляд на тое, што называецца «Дыялог для мадэрнізацыі». На сённяшні дзень здаецца, што гэтая ініцыятыва арыентавана на рашэнне наступнай задачы: уцягнуць у гэты дыялог беларускія ўлады. А гэта няправільна. Дыялог для мадэрнізацыі павінен быць разлічаны на сярэднестатыстычнага грамадзяніна, ён павінен разумець, што, калі Лукашэнка сыходзіць, нічога страшнага не адбываецца, бо ёсць вельмі добры пакет прапаноў у эканамічнай, сацыяльнай сферах, які стварае «падушку бяспекі». Наадварот, чым хутчэй сыдзе гэты рэжым, тым хутчэй адбудуцца пазітыўныя рэформы, якія прынясуць вынік.
Што да пакрокавай стратэгіі. Мы яшчэ раз сказалі, што першы крок - гэта вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, другі - сумленныя і свабодныя выбары. Менавіта паслядоўнасць такіх крокаў можа прынесці вынік. Калі ж мы захапляемся незразумелым і няпэўным дыялогам, гэта прывядзе сітуацыю ў тупік», - заявіў лідар АГП.
На сустрэчы таксама абмяркоўвалі пытанне прысутнасці на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні афіцыйных беларускіх уладаў.
«У прынцыпе, усе пагадзіліся, што трэба ўвязваць гэтае пытанне з сітуацыяй у краіне. Я заявіў аб тым, што, калі будуць вызваленыя некаторыя палітвязні і будзе абвешчана аб правядзенні свабодных выбараў, на саміт можа прыехаць хтосьці ад улады, але не са спісу неўязных у ЕЗ. Гэта ў Беларусі ніхто не зразумее. Нашыя калегі - Аляксей Янукевіч, Юрась Губарэвіч і Андрэй Дзмітрыеў - выступалі за тое, каб афіцыйныя ўлады прысутнічалі. Проста прозвішча Макея не называлася, але гэта мелася на ўвазе. Але паколькі іншыя выступалі супраць, то на абвастрэнне яны не пайшлі», - паведаміў лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Намеснік старшыні партыі «Справядлівы свет» Валер Ухналёў:
«Відавочная зацікаўленасць еўрапарламентарыяў у сітуацыі Беларусі. Але, як мне здалося, няма выразнай, адзінай пазіцыі, што рабіць. Усе на раздарожжы. У тым ліку, Палецкіс са сваім незразумелым дакладам, які выявіўся ягонай асабістай ініцыятывай, а не як гэта нам падавалася. Спадзяюся, што нашы прапановы дапамогуць Еўрапарламенту вызначыцца. Ёсць разуменне, што трэба развязаць два прынцыповыя пытанні: вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў і сумленныя свабодныя выбары. Нельга пераступаць праз выкананне гэтых патрабаванняў, нельга ставіць калёсы наперадзе каня. Калі гэтыя пытанні не развязваюцца, тады ўсе размовы аб мадэрнізацыі, аб дыялогу застаюцца проста размовамі. На жаль, пакуль не ўсе гэта тут разумеюць, але, мне здаецца, гэты мэсэдж мы данеслі. Нельга пераступаць праз прынцыповыя рэчы, інакш ставяцца пад пытанне еўрапейскія каштоўнасці».
Лідар партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі:
«Беларусь павінна быць прадстаўленая ў Еўранэсце і «Усходнім партнёрстве», але не беларускімі ўладамі, бо яны сёння не атаясамліваюць беларускі народ, у краіне няма свабодных выбараў. Тут павінна быць прадстаўленая апазіцыя, грамадзянская супольнасць, незалежныя экспэрты. Улада ў Беларусі зменіцца, і ў першую чаргу - гэта нашая задача. Мы павінны ўжо цяпер будаваць стратэгічныя праекты, распрацоўваць праграмы супольна з Еўразвязам.
Я спрабаваў таксама давесці, што беларускі рэжым сёння бачыць гатоўнасць ЕЗ весці перамовы з грамадзянскай супольнасцю і стварае свае псеўданезалежніцкая арганізацыі, якія пад выглядам грамадзянскай супольнасці або незалежных палітычных партый спрабуюць патрапіць на розныя мерапрыемствы, хоць, напраўду, з'яўляюцца часткай гэтай сістэмы. Мы не павінны гэтага дапусціць. Еўрапейцы павінны дакладна разумець: хто ёсць хто ў Беларусі.
Нельга запрашаць на саміт «Усходняга партнёрства» чыноўнікаў з «чорнага спісу». Запрашэнне Макея выкліча здзіўленне, бо ў турмах працягваюць знаходзіцца палітзняволеныя, а ён асабіста прычынны да фальсіфікацый выбараў і да рэпрэсій. Беларусь павінна быць прадстаўленая на саміце «Усходняга партнёрства» грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнай апазіцыяй, бо беларускія ўлады сёння не здольныя нават слухаць, што ім кажа Еўразвяз».