Суд над Гайдуковым будзе закрытым
14- 30.05.2013, 12:34
- 21,589
Судовыя слуханні па справе Андрэя Гайдукова, які абвінавачваецца ў «здрадзе дзяржаве», пройдуць за зачыненымі дзвярыма.
Пра гэта паведаміў журналістам у чацвер у Менску старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык, адказваючы на пытанне агенцтва «Інтэрфакс-Захад».
«Безумоўна, ён будзе закрытым», - сказаў Вакульчык.
Пры гэтым ён адзначыў: «Я думаю, што пасля таго, як будзе абвешчанае рашэнне суда, тыя людзі, якія яго абаранялі, апынуцца ў нязручным становішчы». «Ён не паспеў здзейсніць злачынства, быў своечасова выяўлены, але гэта было, як мы кажам, класіка - усё было зроблена чыста», - сказаў кіраўнік КДБ.
Вакульчык таксама ўдакладніў, што прад'яўленае Гайдукову абвінавачванне не мянялася.
Нагадаем, матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да Гайдукова паступілі ў Віцебскі абласны суд.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, Андрэя Гайдукова затрымалі «падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Гэта абвінавачванне многія лічаць бессэнсоўным. Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася аб тым, што актывіста затрымалі за распаўсюджванне газеты «Хартыя'97».
Праваабаронцы пераслед Гайдукова звязваюць з яго апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.