28 снежня 2024, Субота, 17:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камітэт Еўрапарламента раскрытыкаваў даклад Палецкіса

43
Камітэт Еўрапарламента раскрытыкаваў даклад Палецкіса

Скандальная справаздача аб сітуацыі ў Беларусі была разгледжаная Камітэтам па замежных справах Еўрапарламента.

Сённяшняе абмеркаванне было гарачым і эмацыйным. Пра гэта паведаміў аўтар справаздачы, дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Юстас Палецкіс, перадае БелаПАН.

«Я чакаў гарачай і эмацыйнай дыскусіі пры абмеркаванні даклада. Так і было», - заявіў еўрадэпутат.

Юстас Палецкіс адзначыў, што ў ходзе сённяшняга абмеркавання прагучала шмат крытыкі з нагоды фармулёўкі аб «паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека».

«Я ўжо казаў, што гэтая фармулёўка атрымалася няўдалай і будзе змененая», - адзначыў ён. Еўрадэпутат нагадаў, што выснову аб паляпшэнні сітуацыі ён зрабіў на падставе звестак, апублікаваных на сайце ПЦ «Вясна», дзе паведамлялася: у 2012 годзе ў Беларусі было зафіксавана ў тры разы менш рэпрэсій, арыштаў, затрыманняў, ператрусаў, чым у 2011-м. У той жа час фраза праваабаронцаў аб тым, што «атмасфера запалоханасці знізіла актыўнасць грамадзян» у папярэдні варыянт дакладу не патрапіла «з-за неабходнасці скарачаць» тэкст дакумента, патлумачыў Палецкіс.

На працягу наступнага тыдня ў даклад па Беларусі можна будзе ўносіць праўкі. Як паведаміў Юстас Палецкіс, у яго запланаваны шэраг сустрэч з калегамі з Еўрапарламента, на якіх будуць абмяркоўвацца папраўкі і дапаўненні да дакумента.

Спецдакладчык таксама сказаў, што ўжо атрымаў папраўкі да дакладу ад кіраўніка беларускага Цэнтра прававой трансфармацыі Алены Танкачовай.

«Я паспеў азнаёміцца з гэтымі матэрыяламі да пачатку пасяджэння. Танкачова даслала мне вельмі добра падрыхтаваны матэрыял, які будзе ўлічаны пры далейшай працы над дакладам», - запэўніў Палецкіс.

Паводле яго інфармацыі, наступнае абмеркаванне дакладу на пасяджэнні Камітэта па замежных справах папярэдне запланавана на 8 ліпеня, а ў верасні дакумент будзе вынесены на разгляд пленарнай сесіі Еўрапарламента.

«Думаю, што там таксама будзе гарачае абмеркаванне, - лічыць Палецкіс. - Нам трэба будзе знайсці кампраміс паміж тымі дэпутатамі, хто лічыць, што перад самітам Усходняга партнёрства ў Вільні ёсць магчымасць наладзіць з Менскам дыялог пры ўмове вызвалення палітвязняў, і тымі, хто лічыць, што акрамя вызвалення палітвязняў павінны быць выкананыя і іншыя ўмовы».

Нагадаем, даклад быў падрыхтаваны для Еўракамісіі, Рады ЕЗ і Службы знешніх дзеянняў Еўракамісіі па выніках візіту Юстаса Палецкіса ў Менск 18-21 сакавіка і выклікаў неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы раскрытыкавалі словы пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне ў 2012 годзе. Палецкіс, у сваю чаргу, сцвярджае, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў. Пазней еўрадэпутат прызнаў: фармулёўка пра «паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека» ў справаздачы няўдалая і будзе змененая.

Дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Яцэк Сарыюш-Вольскі паставіў пад сумнеў мандат Палецкіса. Ён сказаў, што аўтар скандальнай справаздачы аб сітуацыі ў Беларусі, ездзіў у Менск па ўласнай ініцыятыве або па запрашэнні мясцовых уладаў.

Нагадаем, Юстас Палецкіс фігуруе ў плане лорда Бэла па выратаванні рэпутацыі дыктатуры Лукашэнкі. Справаздача змяшчае пункт «Прамое лабіраванне», дзе гаворыцца аб працы з канкрэтнымі афіцыйнымі асобамі і палітыкамі ЕЗ.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках