Яцэк Сарыюш-Вольскі: Санкцыі супраць Лукашэнкі адмяняць нельга
21- 31.05.2013, 7:43
- 27,046
Ніякага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіў дэпутат Еўрапейскага парламента ад Польшчы Яцэк Сарыюш-Вольскі пасля абмеркавання скандальнага дакладу Юстаса Палецкіса. Яно адбылося ўчора і выклікала, па словах аўтара, гарачую дыскусію і крытыку.
Яцэк Сарыюш-Вольскі быў адным з тых, хто выступіў супраць некаторых пунктаў дакладу.
- З чым у дакладзе Палецкіса вы не згаджаецеся?
- З двума пунктамі. Па-першае, са сцвярджэннем, што ў Беларусі наступіла паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, а па-другое - з тым, што трэба зняць санкцыі. Гэта два элемента справаздачы, якая змяшчае шмат пазітыўных рэчаў, але гэтыя прынцыповыя пункты адступаюць ад цяперашняй лініі Еўрапарламента. Нагадаю, што гэта ўжо 38-я справаздача па Беларусі за ўсю гісторыю Еўрапарламента. Ні адна іншая краіна ў свеце не мела столькі рапартаў. Даклад Юстаса Палецкіса адыходзіць ад лініі Еўрапарламента і Еўразвяза, які праводзіць двухбаковую палітыку: з аднаго боку - увядзенне санкцый за недэмакратычныя паводзіны ўладаў, а з другога - адкрытасць для грамадства.
- Вы будзеце ўносіць праўкі ў гэты рапарт?
- Я буду патрабаваць выкрасліць гэтыя два пункты з рапарта. І буду прапаноўваць некаторыя іншыя фармулёўкі.
- Вы казалі, што Палецкіс не быў накіраваны ў Беларусь у якасці спецыяльнага дакладчыка.
- Палецкіс фармальна з'яўляецца дакладчыкам па Беларусі. Але гэты візіт быў яго ўласнай ініцыятывай, быў неафіцыйным, ён не быў дэлегаваны Еўрапейскім парламентам. Гэта розныя рэчы.
Нагадаем, даклад быў падрыхтаваны для Еўракамісіі, Рады ЕЗ і Службы знешніх дзеянняў Еўракамісіі па выніках візіту Юстаса Палецкіса ў Менск 18-21 сакавіка і выклікаў неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы раскрытыкавалі словы пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне ў 2012 годзе. Палецкіс, у сваю чаргу, сцвярджае, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў. Пазней еўрадэпутат прызнаў: фармулёўка пра «паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека» ў справаздачы няўдалая і будзе змененая.
Папраўкі ў дакумент прымаюцца да 5 чэрвеня. Другі разгляд камісіяй запланаваны на 8 ліпеня, галасаванне - на 9 ліпеня. Абмеркаванне гэтага дакумента на пленарнай сесіі Еўрапарламента чакаецца ў верасні 2013 года.
Юстас Палецкіс фігуруе ў плане лорда Бэла па выратаванні рэпутацыі дыктатуры Лукашэнкі. Справаздача змяшчае пункт «Прамое лабіраванне», дзе гаворыцца аб працы з канкрэтнымі афіцыйнымі асобамі і палітыкамі ЕЗ.