ЕЗ зняў санкцыі з «Аквадыва» і «Спорт-пары»
72- 31.05.2013, 14:03
- 54,359
Адмененыя еўрапейскія санкцыі супраць дзвюх беларускіх фірмаў і былога намесніка галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии».
Пра гэта паведамляе афіцыйнае выданне Еўразвяза Eur-Lex (пераклад - charter97.org).
Спіс неўязных у ЕЗ беларускіх чыноўнікаў, суддзяў і журналістаў скараціўся на адно прозвішча. У дакуменце адзначаецца, што знятыя ўсе абмежавальныя меры ў дачыненні да былога намесніка рэдактара газеты «Советской Белоруссии» Ганны Шадрынай.
Таксама санкцыі знятыя з двух беларускіх кампаній - «Аквадыў» і «Спорт-пары».
«Рада ЕЗ лічыць, што адна асоба і дзве арганізацыі павінны быць выдаленыя са спісу суб'ектаў, супраць якіх дзейнічаюць абмежавальныя меры ЕЗ», - гаворыцца ў пастанове, тэкст якой апублікаваны ў выданні.
Рашэнне аб зняцці санкцый было прынята 29 траўня.
Адным з уласнікаў СТАА «Малінаўшчызненскі спіртагарэлачны завод «Аквадыў» праз даччыныя структуры з'яўляецца «кашалёк» Лукашэнкі Уладзімір Пефціеў. Кампанія патрапіла пад дзеянне абмежавальных мер ЕЗ у сакавіку мінулага года.
Сузаснавальнікам ЗАТ «Спорт-пары» з'яўляецца спартыўны клуб Лукашэнкі, які ўзначальвае яго сын Зміцер. Санкцыі супраць яго былі ўведзеныя 20 чэрвеня 2011 года.
Нагадаем, пасля таго як Шадрыну змясцілі ў «чорны» спіс, яна не без дапамогі набліжанага да Лукашэнкі алігарха Уладзіміра Пефціева спрабавала праз суд дамагчыся выключэння свайго прозвішча з «чорнага спісу» ЕЗ.
У студзені 2011 года Еўразвяз ужо ўводзіў санкцыі супраць 188 беларускіх чыноўнікаў, якім быў забаронены ўезд ва ўсе 27 краін ЕЗ. Гэты спіс уключае ў сябе і Лукашэнку. Санкцыі выкліканыя жорсткім здушэннем акцыі апазіцыі 19 снежня 2010 года, а таксама агульнай сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.