15 лiстапада 2024, Пятніца, 17:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд над Гайдуковым: ідуць допыты міліцыянтаў

19
Суд над Гайдуковым: ідуць допыты міліцыянтаў

У якасці сведак па «шпіёнскай справе» дапытваюць супрацоўнікаў міліцыі.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў праваабаронца Павел Левінаў. Сёння ён быў у будынку суда.

«Будынак па-ранейшаму ачэплены супрацоўнікамі праваахоўных органаў і людзьмі ў цывільным. Калі я быў на прыёме ў старшыні Віцебскага суда Мікалая Хамічанка, то зразумеў, што ў будынак у якасці сведак прыходзілі міліцыянты і заходзілі ў залу судовага пасяджэння, дзе, па ўсёй бачнасці, ідзе працэс над Андрэем Гайдуковым. Я сказаў старшыні, які ўчора адсутнічаў у горадзе, што трэба было загадзя папярэдзіць грамадскасць пра тое, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Ён пагадзіўся з гэтай заўвагай і сказаў, надалей будзе паступаць такім чынам», - адзначыў праваабаронца.

Ён таксама пакінуў патрабаванне на імя суддзі Галіны Урбановіч аб змене меры стрымання Гайдукова, так як ён не нясе ніякай небяспекі для грамадства, і няма сэнсу трымаць яго пад вартай.

«Я прывёў прыклады, калі высокапастаўленыя службовыя асобы здзяйснялі цяжкія злачынствы, але нават пасля ўступлення прысуду ў сілу яшчэ некаторы час знаходзіліся на волі. Таксама пакінуў старшыні суда маніторынг першага дня працэсу, у якім былі выяўленыя парушэнні правоў Андрэя Гайдукова, і папрасіў прыняць неадкладныя меры для таго, каб іх ліквідаваць і зрабіць так, каб яны не паўтараліся ў будучыні. Пасля я запатрабаваў неадкладна разгледзець зварот Беларускага Хельсінкскага Камітэта па накіраванню мяне ў якасці назіральніка на гэты працэс. У нас завязалася дыскусія. Я паведаміў, што гатовы даць падпіску аб невыдаванні, і заявіў, што магчыма працэс з'яўляецца закрытым, таму што Гайдукоў моцна збіты. Так, у яго ёсць адвакат, але Андрэй сядзіць у клетцы, а адвакат далёка і фактычна не можа мець зносіны з падабаронным. Старшыня сказаў, што паспрабуе даць адказ прама сёння», - падкрэсліў Павел Левінаў.

Нагадаем, суд над палітвязнем Андрэем Гайдуковым пачаўся ўчора. Пра тое, што працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, паведаміў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Андрэя Гайдукова судзяць у Віцебскім абласным судзе. Актывіст апазіцыі быў этапаваны ў абласны цэнтр 3 чэрвеня. Яго сваякам адмовілі ў сустрэчы з ім.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Андрэя Гайдукова затрымалі «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Праваабаронцы і актывісты апазіцыі лічаць гэта абвінавачванне бессэнсоўным.

Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася пра тое, што актывіста затрымалі за распаўсюджванне газеты «Хартыя'97». Пераслед Андрэя Гайдукова звязваюць з яго апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках