Алег Воўчак: Будзем маўчаць - усё станем «шпіёнамі»
27- 13.06.2013, 20:49
- 36,125
Андрэя Гайдукова абвінавачваюць у «накідванні Рэспубліцы Беларусь палітычнага курсу, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам».
Акрамя таго, у віну грамадскаму актывісту ставіцца тое, што ён «шукаў фінансаванне на сваю дзейнасць у фондзе амбасады ЗША і заклікаў да кропкавых санкцый». Гэтыя факты, а таксама тое, што Гайдукова судзяць за замкнутымі дзвярыма, даюць падставы назваць справу палітычнай. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю сайту «Беларускі партызан» кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак.
«Праз два тыдні пасля арышту Гайдукова мы даведаліся, што арышт звязаны з падачай дакумэнтаў на грант у амбасаду ЗША. «Прававая дапамога насельніцтву» ўжо заяўляла, што ніякай эканамічнай падкладкі, ніякага шпіянажу ў справе Гайдукова няма. Гэта спрэс палітычная справа, накіраваная на запалохванне дэмакратычных актывістаў», - сказаў праваабаронца.
Ён адзначыў, што яго арганізацыя ўважае Гайдукова за палітвязня.
«Мы ўжо заявілі афіцыйна, што Андрэй Гайдукоў з'яўляецца палітвязнем - за два дні да нашай заявы далучыліся сем арганізацый, у тым ліку рух салідарнасці «Разам». Мы мяркуем, што на сённяшні дзень Гайдукоў адпавядае крытэрам палітвязня.
Гайдукоў актыўна ўдзельнічаў у апазіцыі - гэта ўжо відавочна. Ён з'яўляецца актывістам «Еўрапейскай Беларусі». Удзельнічаў у выбарчай кампаніі адной з дэмакратычных груп Наваполацка. Удзельнічаў у прэзідэнцкай кампаніі 2010 года ў камандзе Андрэя Саннікава. З'яўляецца кіраўніком аргкамітэта для стварэння «Саюза маладых інтэлектуалаў». КДБ яшчэ раней пагражала спыніць гэтую дзейнасць.
Ужо сам факт, што КДБ вядзе справу Гайдукова, а следчы яшчэ раней адзначыўся ўдзелам у палітычных справах, у тым ліку пасля падзей 19 снежня 2010 года, сведчыць пра палітычны характар крымінальнага пераследу. Папярэдняе расследаванне вялося аднабока, прадузята і з абвінаваўчым ухілам. Усе восем месяцаў існавала праблема доступу адваката да абвінавачанага. Абаронца даў падпіску аб невыдаванні, нават не сказаў пра сутнасць абвінавачвання. У чым складаецца сутнасць абвінавачвання - грамадскасць так і не даведалася аж да ліста Таццяне Севярынец. Суда яшчэ не было, а праваахоўныя органы заявілі аб ягонай вінаватасці.
І самае істотнае, што пацвярджае палітычны характар справы, - адсутнасць усялякай інфармацыі пра справу Гайдукова: поўная ізаляцыя самога абвінавачанага і ізаляцыя грамадства ад гэтай справы. Яшчэ да пачатку працэсу было заяўлена, што працэс будзе закрытым, хоць гэта прэрагатыва суда», - сказаў праваабаронца.
Алег Воўчак адзначыў, што шчыры ліст Таццяне Севярынец на фоне васьмімесячнай ізаляцыі абвінавачанага выглядае дзіўным. Ён заявіў, што справа пачынае новы фармат ціску на апазіцыю.
«Гэта не адзінкавая справа, гэта сігнал усім дэмакратычным структурам, якія працуюць з замежнымі партнёрамі. Магчыма, гэта будзе не астатняя шпіёнская справа, і бліжэй да прэзідэнцкай кампаніі такіх спраў будзе ставіцца ўсё больш. Тым больш, што на ўваходзе ў замежныя амбасады дзяжураць супрацоўнікі міліцыі, якія перапісваюць пашпартныя звесткі ўсіх, хто ўваходзіць. А грамадскасць, акрамя нас, ніяк не рэагуе на гэтае беззаконне.
Гайдукова абвінавачваюць толькі таму, што ён звярнуўся па падтрымку ў амбасаду ЗША. Але гранты не забароненыя ні міжнародным, ні беларускім заканадаўствам. Ён меў права звярнуцца ў амбасаду (факт звароту Гайдукова ў амбасаду трэба спраўдзіць), пасольства магло выдаць грант, які, згодна з беларускім заканадаўствам, ён павінен быў зарэгістраваць у Дэпартамэнце гуманітарнай дапамогі. Саджаць за адны думкі - у Беларусі такога яшчэ не было. Гісторыку Аляксею Каралю гэта справа нагадвае часы, калі інтэлігенцыю саджалі толькі за думкі.
«Прававая дапамога насельніцтву» мяркуе, што Гайдукоў нічога не ўчыняў і не замахваўся на дзяржаўны лад, намер не можа ўважацца за падрыўную дзейнасць - павінна быць канкрэтнае дзеянне, крокі. Ён не меў ніякага дачынення да дзяржсакрэтаў, у тым ліку да збору інфармацыі аб эканамічнай сітуацыі на прадпрыемствах. Не выключана, што ліст Таццяне Севярынец стаў наўмысным укідваннем, каб праверыць грамадскую думку - апазіцыя стане на абарону Гайдукова або прамаўчыць? Прамаўчыць - значыць, можна саджаць, стане на абарону - можна памяняць санкцыю і зменшыць тэрмін.
Таму цяпер трэба правесці шырокую тлумачальную кампанію сярод актывістаў дэмсіл аб справе Гайдукова. Беларускія арганізацыі (экалагічныя, эканамічныя, сацыяльныя, культурныя) павінны разумець, што наяўнасць замежных партнёраў можа прычыніцца да такіх жа наступстваў. Таму суд і праходзіць у закрытым рэжыме», - сказаў Алег Воўчак.
Праваабаронца адзначыў, што Беларусь можа ісці шляхам Расеі, дзе прадстаўнікоў апазіцыі прылічаюць да агентаў замежных спецслужбаў.
«У цяперашняй сітуацыі маўчаць ніяк нельга, а то ў адзін дзень мы ўсе ператворымся ў «шпіёнаў». Трэба ўсялякім коштам дамагацца вызвалення Гайдукова, галоўнае - не праспаць гэты момант. Я ўпэўнены, што Гайдукоў будзе прызнаны палітвязнем і БХК, і іншымі праваабарончымі арганізацыямі. Мала таго, трэба звяртацца ў Amnesty International, каб яго прызналі вязнем сумлення», - заявіў Алег Воўчак.