ЗША падоўжылі санкцыі супраць Лукашэнкі
70- 14.06.2013, 0:15
- 60,638
Санкцыі супраць беларускага кіраўніка і яго атачэння падоўжаныя на год.
Дакумент аб іх падаўжэнні падпісаны прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам 13 чэрвеня, паведамляе прэс-служба Белага дома (пераклад - charter97.org).
«У 2012 годзе ўрад Беларусі працягнуў падаўленне палітычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ. «Парламенцкія выбары», якія прайшлі 23 верасня, не адказвалі міжнародным стандартам», - гаворыцца ў ім.
У дакуменце таксама ўказана, што беларускія ўлады ў мінулым годзе адвольна арыштоўвалі, затрымлівалі і заключалі у турмы грамадзян за крытыку службовых асоб і за ўдзел у дэманстрацыях, а таксама перашкаджалі працы незалежных журналістаў.
«Парушэнні правоў чалавека і палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы ЗША», - гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, летам 2006 года распараджэннем прэзідэнта Джорджа Буша ЗША заблакавалі ўласнасць і актывы дзесяці прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Лукашэнкі, Лідзіі Ярмошынай (старшыня ЦВК), Віктара Галаванава (былы міністр юстыцыі), Віктара Шэймана (былы памочнік Лукашэнкі па асаблівых даручэннях ), Змітра Паўлічэнкі (былы камандзір САХРа), Сцяпана Сухарэнкі (былы старшыня КДБ), Аляксандра Зімоўскага (былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі), Уладзіміра Навумава (былы міністр унутраных спраў), Наталлі Пяткевіч (былая намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі).
Санкцыі прадугледжваюць блакаванне ўласнасці і актываў пералічаных беларускіх чыноўнікаў. Амерыканскім кампаніям забаронена заключаць з імі здзелкі.