Суд па «шпіёнскай справе»: дапытваюць Багданава
2- 14,002
У якасці сведкі па «шпіёнскай справе» Андрэя Гайдукова дапытваюць яго сябра Іллю Багданава.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміла каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Таццяна Севярынец. Сёння яна была каля будынку суда.
«Я захапілася размовай з адным са сведкаў Іллёй Багданавым, які накіроўваўся ў суд, і прапусціла адваката. Можа, і, дзякуй Богу, каб я лішні раз не згадвала інфармацыю, якая можа нашкодзіць Андрэю. Вядома, хочацца, каб людзі ведалі, што да чаго, але не ўсё можна казаць. Я была каля суда, а на другім баку вуліцы Шубіна, дзе знаходзіцца Віцебскі абласны суд, у кустах поўна «ціхароў». Як толькі я пачала размову з Іллёй, яны адразу сталі насупраць, дасталі рацыі і насцярожана глядзелі. Мы пагаварылі, і я, спадзяюся, натхніла Іллю. Наколькі я ведаю, ён не такі ўжо дрэнны сведка для Андрэя», - адзначыла маці палітвязня Паўла Севярынца.
Яна дадала, што была каля будынку суда да 11 гадзін і не бачыла там Вольгу Гайдукову, якой дазволілі выступіць у якасці сведкі.
«Яна пазбягае кантактаў з журналістамі, таму што вельмі баіцца нашкодзіць сыну. Што тычыцца сённяшняй заявы старшыні КДБ, то, як гаворыцца, яго словы ды Богу ў вушы. Наша судовая сістэма настолькі гнілая і не выклікае ніякага даверу ніводнаму слову, хто б што ні казаў, няхай гэта будзе Вакульчык ці старшыня Віцебскага абласнога суда Хамічонак. Дадзенае абвінавачванне цалкам узятае з паветра, і гэта не толькі маё меркаванне», - падагульніла Таццяна Севярынец.
Нагадаем, сёння кіраўнік КДБ Беларусі Валерый Вакульчык заявіў, што Андрэя Гайдукова могуць асудзіць не па артыкуле 356 КК РБ - «здрада дзяржаве».
Старшыня КДБ перакананы, што судовы працэс па «шпіёнскай справе» будзе аб'ектыўным.
Суд над палітвязнем Андрэем Гайдуковым пачаўся 12 чэрвеня. Пра тое, што працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, паведаміў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Андрэя Гайдукова судзяць у Віцебскім абласным судзе. Актывіст апазіцыі быў этапаваны ў абласны цэнтр 3 чэрвеня. Яго сваякам адмовілі ў сустрэчы з ім.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, Андрэя Гайдукова затрымалі «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Праваабаронцы і актывісты апазіцыі лічаць гэта абвінавачванне бессэнсоўным.
Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася пра тое, што актывіста затрымалі за распаўсюджванне газеты «Хартыя'97». Пераслед Андрэя Гайдукова звязваюць з яго апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.