Мая Качыянчыч: Макей застаецца ў спісе неўязных у ЕЗ
37- 22.06.2013, 11:10
- 35,191
Рада ЕЗ не прымала ніякіх пастаноў адносна зняцця санкцый з кіраўніка МЗС Беларусі.
Пра гэта заявіла ў Бруселі Мая Качыянчыч, прэс-сакратарка Вярхоўнага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бяспекі Еўразвязу Кэтрын Эштан, перадае БелаПАН.
“На дадзены момант я магу сказаць наступнае: міністр Макей зараз знаходзіцца ў спісе, і Радай не прымалася ніякіх пастаноў аб змяненні яго становішча адносна візавых санкцый і замарозкі рахункаў. Дадзены спіс, аднак, перыядычна абмяркоўваецца і пераглядаецца”, - заявіла прэс-сакратарка.
Такім чынам яна пракаментавала інфармацыю аб тым, ці плануе Рада міністраў замежных спраў краін ЕЗ на паседжанні ў панядзелак 24 чэрвеня абмяркоўваць пытанне аб статусе Макея.
Беларускае пытанне ў парадку не значыцца, аднак, як раней паведамляў віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч, на паседжанні ў Люксембургу можа быць разгледжана пытанне аб выключэнні са спісу неўязных у Еўразвяз міністра замежных спраў Беларусі. Паводле слоў Пратасевіча, адпаведная пастанова ўжо падрыхтаваная, што, зрэшты, не азначае яе аўтаматычнае прыняцце. Нават аднаго голасу “супраць” досыць для блакавання пастановы, падкрэсліў ён.
Пра тое, што візавыя санкцыі супраць кіраўніка МЗС Беларусі могуць быць знятыя ўжо ў чэрвені, паведаміў журналістам 11 чэрвеня і намеснік міністра замежных спраў Літвы Андрус Крывас. Паводле яго слоў, прыпыненне санкцый будзе часовае і перыядычна будзе пераглядацца.
“На самой справе ўнутры ЕЗ абмяркоўваецца, і дзяржавы-чальцы набліжаюцца да пагаднення аб тым, што для таго, каб падтрымаць каналы камунікацыі з беларускімі ўладамі, трэба прыпыніць знаходжанне Макея ў спісе асоб, у дачыненні да якіх прымяняюцца абмежаванні ЕЗ. Такое прыпыненне магчымае на пэўны перыяд, пакуль Макей будзе займаць пасаду міністра замежных спраў. Тут важна акцэнтаваць, што, калі такое пагадненне будзе дасягнутае паміж членамі ЕЗ, то гэтыя меры ў дачыненні да Макея будуць не скасаваныя, а менавіта прыпыненыя”, - сказаў літоўскі чыноўнік.
Уладзімір Макей быў унесены ў “чорны спіс” ЕЗ у студзені 2011 года, як кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, які да чыніўся да жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года і наступным пераследам актывістаў апазіцыі.