15 лiстапада 2024, Пятніца, 21:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь увайшла ў 20-ку найбуйнейшых прадаўцоў зброі

40
Беларусь увайшла ў 20-ку найбуйнейшых прадаўцоў зброі

Экспарт узбраенняў з Беларусі вырас на 165%.

Такія дадзеныя прыводзіць у сваёй штогадовай справаздачы Стакгольмскі інстытут даследавання праблем міру (SIPRI), апублікаванай сёння.

Рэйтынг быў складзены на падставе дадзеных аб экспарце звычайных узбраенняў у 2008-2012 гадах. На працягу чатырох апошніх гадоў Беларусь павялічыла продаж зброі на 165% у параўнанні з 2003-2007 гадамі. Паводле дадзеных інстытута, наша краіна ўваходзіць у першую дваццатку найбуйнейшых пастаўшчыкоў узбраенняў у свеце, перадае «Радыё Свабода».

Рэйтынг найбуйнейшых прадаўцоў зброі ўзначальваюць ЗША, Расея, Германія, Францыя і Кітай. Галоўныя пакупнікі - Індыя, Кітай, Пакістан, Паўднёвая Карэя і Алжыр.

Нагадаем, улады Беларусі неаднаразова абвінавачваліся ў ваенным супрацоўніцтве з краінамі-ізгоямі.

Стакгольмскі інстытут даследавання праблем міру ужо заяўляў раней пра тое, што Менск прадае зброю Дамаску. Беларусь, паводле дадзеных даследчыкаў, уваходзіць у тройку найбуйнейшых пастаўшчыкоў узбраенняў для сірыйскага дыктатара.

Супрацоўніцтва з Асадам тычыцца не толькі гандлю. Беларускія спецыялісты аказвалі і тэхнічную падтрымку. Некаторыя прадпрыемствы, у прыватнасці ААТ «Тэтраэдр» дапамагалі Сірыі у мадэрнізацыі сродкаў СПА. Таксама спецыялісты мяркуюць, што дапрацоўка 48 сірыйскіх ЗРК «Бук» у мінулым годзе была выканана пры садзейнічанні беларускага прадпрыемства «Алеўкурп». Пра ваенную падтрымку рэжыму Асада з боку Лукашэнкі неаднаразова заяўляла і сірыйская апазіцыя. У верасні мінулага года фірма «Белзнешпрамсэрвіс» была абвінавачаная Міністэрствам фінансаў ЗША ў продажы Дамаску засцерагальнікаў для авіябомбаў. Раней Вашынгтон заяўляў таксама пра тое, што гэтая фірма супрацоўнічае з Іранам.

Абвінавачванні ў адрас афіцыйнага Менска гучалі і ў сувязі з пастаўкамі зброі ў Судан. Эксперты ААН у сакавіку 2013 года заяўлялі аб тым, што Беларусь прадае ў гэтую афрыканскую краіну самалёты і ракеты ў парушэнне міжнародных санкцый. Гэта ўзбраенне выкарыстоўваецца супраць паўстанцаў у правінцыі Дарфур

У 2011 годзе міжнародныя арганізацыі паведамлялі пра тое, што беларускія ўлады прадавалі зброю і ў Лівію. У гэтай краіне тады ішла грамадзянская вайна паміж прыхільнікамі і праціўнікамі рэжыму Кадафі. Паведамлялася, што з Менска ў Трыпалі вылецеў самалёт Іл-76 са зброяй.

Беларускі след быў заўважаны і на ваенным парадзе ў Пхеньяне. Некаторыя назіральнікі адзначылі падабенства паміж шасі для паўночнакарэйскіх ракетных установак і прадукцыяй Менскага завода колавых цягачоў.

Нагадаем, у сакавіку беларускія ўлады ўстанавілі новыя правілы і парадак вызначэння і ліцэнзавання тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, якія могуць быць выкарыстаныя для стварэння ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі. Паўнамоцтвамі для вызначэння адпаведных тавараў надзелены Аператыўна-аналітычны цэнтр, а ліцэнзаванне пасярэднікаў у гандлі даверана Дзяржаўнаму ваенна-прамысловаму камітэту. Такім чынам, гандаль зброяй закрылі ад «выпадковых» гульцоў.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках