28 снежня 2024, Субота, 16:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Лабковіч: Улады не здолеюць замаўчаць сітуацыю з правамі чалавека

4
Уладзімір Лабковіч: Улады не здолеюць замаўчаць сітуацыю з правамі чалавека

Даклад Рады ААН вельмі важны для таго, каб пытанне выканання правоў чалавека ў Беларусі заставалася актуальным у свеце.

Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў сябра Рады праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Лабковіч, камэнтуючы даклад аб Беларусі, падрыхтаваны спецдакладчыкам Рады ААН Міклашам Харашці.

«Пасля зацвярджэння дакладу спецдакладчыка ў Радзе правоў чалавека ААН, гэты дакумэнт будзе змяшчаць не толькі высновы, але і рэкамендацыі для беларускай стараны, якія неадкладна павінны быць выкананыя афіцыйным Менскам. Але, на жаль, той факт, што цяперашні спецдакладчык ні разу не быў запрошаны ў Беларусь, а беларускія ўлады не прызнавалі факту ягонага прызначэння, сведчыць аб тым, што ягоны даклад ніякіх чынных дзеянняў з боку сённяшняга рэжыму не выкліча», - адзначыў юрыст.

Ён падкрэсліў, што ААН і АБСЕ - гэта адзіныя міжнародныя структуры, у якіх Беларусь яшчэ хаця б фармальна ўдзельнічае.

«Безумоўна, гэты даклад з'яўляецца вельмі важным знакам для ўсяго свету аб тым, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі з'яўляецца праблемнай, і гэтае пытанне беларускі рэжым замаўчаць і зняць з парадку дня нават такіх інстытутаў як ААН не здолее. Мы спадзяемся, што мандат спецдакладчыка будзе працягнуты, і Міклаш Харашці прадоўжыць сваю працу і ў наступным годзе. Гэта вельмі важна для таго, каб пытанне правоў чалавека ў Беларусі заставалася актуальным на міжнароднай арэне», - мяркуе праваабаронца.

Ён упэўнены, што ўсялякія дзеянні з боку ААН вельмі раздражняюць і нэрвуюць цяперашні рэжым.

«Нагадаю, што беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з Рабочай групай адвольных затрыманняў ААН, якая прыняла пастанову аб незаконным арышце Алеся Бяляцкага. Варта адзначыць, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не з'яўляецца унікальнай, і на постсавецкай прасторы параўнальная з Узбекістанам і Азербайджанам. На жаль, на сённяшні дзень мы знаходзімся ў дрэннай кампаніі краін, дзе груба і сістэматычна парушаюцца правы чалавека», - дадаў юрыст.

Праваабаронца адзначыў, што гэты дакумэнт кардынальна адрозніваецца ад дакладу Юстаса Палецкіса тым, што даклад Рады правоў чалавека ААН рыхтаваўся з праваабарончага пункту гледжання.

«Ён, безумоўна, аналізуе стаўленне Беларусі да тых міжнародных абавязкаў, якія краіна ўзяла на сябе ў рамках ААН, а даклад Палецкіса - гэта палітычная ацэнка тых ці іншых працэсаў. Таму з ім трэба спрачацца», - падсумаваў Уладзімір Лабковіч.

Нагадаем, сёння Рада правоў чалавека ААН абмяркоўвае даклад аб Беларусі.

Дакумэнт, які падрыхтаваны спецдакладчыкам Рады ААН Міклашам Харашці і апісвае сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне на працягу апошняга года, прэзэнтаваны сёння на сэсіі, якая праходзіць у Жэнэве.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках