15 лiстапада 2024, Пятніца, 22:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марэк Мігальскі і беларускія палітвязні - у падтрымку Бяляцкага

1
Марэк Мігальскі і беларускія палітвязні - у падтрымку Бяляцкага

Больш 20 вядомых палітыкаў, праваабаронцаў і журналістаў падтрымалі вылучэнне Алеся Бяляцкага на міжнародную прэмію імя Вацлава Гавела.

Гэтая ўзнагарода ў галіне абароны правоў чалавека прысуджаецца адзін раз у год Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы (ПАРЕ) у супрацоўніцтве з Бібліятэкай Вацлава Гавела і фондам «Charta 77», нагадвае сайт еўрадэпутата Марэка Мігальскага, аднаго з ініцыятараў намінавання беларускага праваабаронцы на яе атрыманне (пераклад - charter97.org).

Прэмія падкрэслівае выключную дзейнасць актывістаў грамадзянскай супольнасці, якія працуюць у сферы абароны правоў чалавека ў Еўропе і за яе межамі.

Вылучэнне Алеся Бяляцкага падтрымалі вядомыя грамадскія дзеячы і арганізацыі, у тым ліку дэпутат Еўрапейскага парламента Марэк Мігальскі, галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі ў 2010 годзе Андрэй Саннікаў і Алесь Міхалевіч, каардынатары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і былыя палітычныя вязні Зміцер Бандарэнка і Уладзімір Кобец, сябры Працоўнай групы па інвестыцыях Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Вольга Захарава і Юрый Джыбладзэ, Беларускі Свабодны тэатр, грамадзянскія кампаніі «Free Belarus Now» і «Мы памятаем», камітэт «Вызваленне».

Марэк Мігальскі падкрэсліў, што палітвязняволены кіраўнік ПЦ «Вясна» прысвяціў усё сваё жыццё барацьбе за правы чалавека ў Беларусі.

«Яго стаўленне характарызуецца велізарнай адданасцю і ўстойлівасцю ў барацьбе за правы чалавека і мужнасцю ў супрацьстаянні рэжыму. Алесь Бяляцкі ўсведамляў, наколькі небяспечная справа, якой ён займаецца. Яго неаднаразова затрымлівалі, прысуджалі да турэмнага зняволення. Ён чакаў арышту і прысуду, але вырашыў не пакідаць краіну. Для яго заўсёды самым галоўным было дапамагчы іншым, клапаціцца аб правах чалавека і змагацца за дэмакратызацыю краіны. Ён прысвяціў гэтай барацьбе ўсё сваё жыццё», - сказаў Марэк Мігальскі.

Дэпутат таксама адзначыў, што ўручэнне Алесю Бяляцкаму прэміі імя Вацлава Гавела будзе ўзнагародай не толькі для палітвязня, але і для ўсёй грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Прыводзім спіс тых, хто падтрымаў вылучэнне праваабаронцы на атрыманне прэстыжнай узнагароды:

Наталля Рaдзіна, рэдактар сайта charter97.org, Варшава, Польшча;

Вольга Захарава, сябра Працоўнай групы па інвестыцыях Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі;

Ірына Багданава, кампанія за правы чалавека «Free Belarus Now», Лондан, Велікабрытанія;

Эніра Браніцкая, дырэктар ТАА «Упраўленне па правах людзей з абмежаванымі магчымасцямі», Менск, Беларусь;

Вольга Бандарэнка, Юлія Бандарэнка, камітэт «Вызваленне»;

Дар'я Корсак, праваабаронца, Варшава, Польшча;

Андрэй Саннікаў, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»;

Юрый Джыбладзэ, сябра Працоўнай групы па інвестыцыях Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі;

Алег Волчак, юрыдычная дапамога насельніцтву, Менск, Беларусь;

Наталля Каляда, Мікалай Халезін, Беларускі Свабодны тэатр, Лондан, Велікабрытанія;

Ірына Красоўская, Валерыя Красоўская, грамадзянская кампанія «Мы памятаем»;

Зміцер Бародка, дырэктар Беларускага дома ў Варшаве;

Алесь Міхалевіч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, дырэктар «Саюза для мадэрнізацыі», Прага, Чэшская Рэспубліка;

Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»;

Уладзімір Кобец, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»;

Аляксандр Атрошчанкаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»;

Зміцер Дрозд, грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь»;

Алег Мяцеліца, Беларускае грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва, Вільня, Літва;

Андрэй Вардамацкі, Беларуская аналітычная майстэрня;

Іван Шыла, «Малады фронт», Катовіцэ, Польшча;

Зміцер Шчыгельскі, «Беларусы ў выгнанні», ЗША, Нью-Йорк.

Імя пераможцы абвесцяць у канцы верасня. Цэрымонія ўзнагароджання адбудзецца 30 верасня ў Страсбургу на адкрыцці восеньскай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы. Лаўрэат атрымае дыплом, статуэтку і 60 000 еўра.

За апошні год Алеся Бяляцкага, які застаецца ў турме, шматкроць узнагароджвалі за барацьбу за справядлівасць і правы чалавека. Беларускі палітвязень атрымаў прэмію Петры Кэлі (Petra Kelly) і прэмію Леха Валенсы (Lech Wałęsa). Кіраўнік ПЦ «Вясна» ўвайшоў таксама ў лік лаўрэатаў прэміі партала charter97.org за выдатныя дасягненні ў галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках