Суд над Ірынай Халіп пройдзе 19 ліпеня
8- 16.07.2013, 18:30
- 27,723
Працэс над журналісткай Ірынай Халіп адбудзецца ў пятніцу ў судзе Партызанскага раёна Менска.
Пра гэта яна сёння паведаміла сайту charter97.org.
«Толькі што патэлефанавалі з Партызанскага суда і паведамілі, што разгляд маёй справы будзе праходзіць у пятніцу 19 ліпеня. Суд пачнецца а 9.30. Я спытала, чаму мне не даслалі позву, на што атрымала адказ: позву высылалі, але вы яе, напэўна, не атрымалі. Добра, што, прынамсі, папярэдзілі», - сказала Ірына Халіп.
Журналістка не стала рабіць прагнозы аб выніках суда.
«Апошнія тры гады навучылі мяне простай праўдзе: спрабаваць нешта прагназаваць у нашай сітуацыі не мае сэнсу. У сітуацыі адсутнасці ўсялякай логікі, нават злачыннай, нічога прадбачыць немагчыма», - адзначыла яна.
Нагадаем, 16 траўня 2011 года жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Халіп была прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.
Яна была асуджаная ў межах справы аб так званых масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Цяпер журналістка не мае права пакідаць Менск, абавязаная кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі і быць дома пасля 22.00.
Між тым Лукашэнка неаднаразова казаў пра тое, што Ірына Халіп можа выязджаць з краіны, і абяцаў арганізаваць ёй такую магчымасць.
13 лютага Ірыне Халіп дазволілі выезд у Вялікабрытанію для сустрэчы з мужам і ў Расею для ўдзелу ў рэдакцыйных мерапрыемствах «Новай газеты», дзе яна працуе. Яна вярнулася ў Беларусь 3 красавіка, у вызначаны нагляднымі органамі тэрмін.