Барыс Нямцоў заклікаў да байкоту ЧС па хакеі ў Менску
64- 17.07.2013, 15:18
- 37,719
Адзін з лідараў расейскай апазіцыі лічыць, што заходнім спартсменам і палітыкам не варта ехаць у Менск.
Гэтага нельга рабіць да таго часу, пакуль Лукашэнка не вызваліць палітвязняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, лічыць Барыс Нямцоў. Палітык таксама заклікаў байкатаваць Чэмпіянат свету па хакеі, правядзенне якога запланавана ў 2014 годзе ў Менску.
Пра гэта Барыс Нямцоў заявіў падчас свайго выступлення на канферэнцыі «Праз бар'еры», якая праходзіць у Варшаве, перадае Polskie radio.
«Яны павінны заявіць: мы да цябе не прыедзем, пакуль ты не вызваліш усіх палітвязняў. Перш за ўсё, пра гэта павінны заявіць шведы - чэмпіёны свету па хакеі. Яны вядомыя праваабаронцы. Яны першыя павінны сказаць: «Слухай нас уважліва: мы да цябе не прыедзем. Заўтра каб усе былі вызваленыя! З ім толькі так можна размаўляць. З гэтым - толькі так! Паліткарэктнасць, размовы пра «Усходняе партнёрства» - гэта поўны ідыятызм», - сказаў Барыс Нямцоў.
Нагадаем, права арганізацыі чэмпіянату Лукашэнка атрымаў яшчэ ў 2009 годзе. Яго правядзенне запланавана з 9 па 25 траўня наступнага года на «Менск-Арэне» і «Чыжоўка-Арэне».
З-за парушэння ўладамі Беларусі правоў чалавека і наяўнасці палітвязняў праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі выступілі супраць арганізацыі спартыўнага мерапрыемства. Ідэю пераносу турніру падтрымалі многія еўрапейскія і амерыканскія палітыкі. Некаторыя краіны ўжо прыгразілі байкатаваць чэмпіянат у выпадку яго правядзення ў Менску з-за рэпрэсій, якія ажыццяўляюць беларускія ўлады.