Яцэк Сарыюш-Вольскі: Вызваленне палітвязняў - ключавое пытанне
8- 18.07.2013, 8:13
- 11,657
ЕЗ паўторыць сваю пазіцыю падчас сустрэчы ў Бруселі, на якую запрошаны Макей.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Рацыя» заявіў дэпутат Еўрапейскага парламента ад Польшчы і віцэ-старшыня Еўранэста Яцэк Сарыюш-Вольскі.
«Думаю, што абодва бакі застануцца на сваіх пазіцыях, наўрад ці нешта зменіцца. Уладзімір Макей запрошаны таму, што з яго па ініцыятыве Еўразвяза знятыя санкцыі. Калі ён прыме запрашэнне - паглядзім. Я мяркую, што прыме. Памятаю саміт «Усходняга партнёрства» ў Варшаве, на які былы міністр Сяргей Мартынаў не прыняў запрашэнне», - сказаў ён.
Прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Cавіных кажа, што беларускі бок вывучае пытанне ўдзелу Уладзіміра Макея ў саміце. Пра рашэнне будзе паведамлена напярэдадні сустрэчы, якая адбудзецца 22 ліпеня.
Віцэ-старшыня Еўранэста адзначыў, што калі міністр замежных спраў Беларусі ўсё ж такі прыедзе на мерапрыемства, то непасрэдна яму зададуць пытанні аб вызваленні і рэабілітацыі палітвязняў.
«Пазіцыя Еўразвяза будзе паўтораная Уладзіміру Макею. Усё будзе залежаць ад таго, што ён адкажа, будуць нейкія змены ці не. Вызваленне палітвязняў - адно з ключавых патрабаванняў, каб можна было ісці ў якім бы то ні было кірунку далей», - сказаў Яцэк Сарыюш-Вольскі.
Сустрэча кіраўнікоў дыпламатычных ведамстваў адбудзецца 22 ліпеня ў Бруселі. На сустрэчу запрошаны міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. У канцы чэрвеня візавыя санкцыі з беларускага міністра былі часова знятыя.
Фота: Wojciech Olkuśnik / AG