26 снежня 2024, Чацвер, 20:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Макею могуць зноў забараніць ездзіць у Еўропу

30
Макею могуць зноў забараніць ездзіць у Еўропу

Міністра замежных спраў Беларусі могуць зноў вярнуць у «чорны спіс» ЕЗ.

Гэта адбудзецца, на думку лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ў тым выпадку, калі Менск не будзе ўспрымаць сігналы Бруселя, піша camarade.biz.

Сустрэча міністраў замежных спраў Еўразвяза па перспектывах «Усходняга партнёрства» і саміту гэтай ініцыятывы, які адбудзецца ў канцы лістапада ў Вільні, прайшла прадказальна. Уладзімір Макей цвёрда растлумачыў еўрапейскім палітыкам, што Менск не згодны ісці на саступкі. А галоўным пытаннем на маючым адбыцца саміце «Усходняга партнёрства» для Беларусі будзе эканоміка.

«Мы гаварылі пра Віленскі саміт, пра дэкларацыю, мы зрабілі некалькі прапаноў у дэкларацыю, у першую чаргу, тое, што ўсе дзяржавы-партнёры павінны трактавацца аднолькава, а не дыскрымінавацца. І мы праявілі нашу зацікаўленасць у супрацоўніцтве ва ўсіх сферах «Усходняга партнёрства». Мы думаем, што актыўнасць па канкрэтных праектах павінна быць галоўным кампанентам віленскай дэкларацыі, гэта дапаможа палепшыць бачанне «Усходняга партнёрства» ў краінах Еўразвяза і краінах-партнёрах. І мы павінны звярнуць больш увагі на бізнес-вымярэнне. Вось гэта нашы прапановы», - заявіў Макей па выніках сустрэчы.

Гэта значыць, «старая песня пра галоўнае»: «Не вучыце нас жыць, дапамажыце матэрыяльна».

Ці варта было Макею з такімі настроямі ездзіць у Брусэль? І ці варта яму пры такой «камерцыйнай» пастаноўцы пытання наогул з'яўляцца на саміце ў Вільні?

Вядома, яго зрабілі адказным за разгрузку складоў «Амкадору», але ж саміт «Усходняга партнёрства» - не тое месца, дзе трэба падымаць пытанне продажу беларускай тэхнікі.

Калі «камерцыйны» складнік візіту Макея ў Брусэль усё ж такі стане пераважным, то на саміт у Вільні яго проста не запросяць, сказаў Анатоль Лябедзька.

«Я мяркую, што палітыкі ЕЗ адсочваюць сітуацыю ў Беларусі і ведаюць меркаванне і пазіцыю большасці дэмакратычных структур з нагоды запрашэння Макея ў Брусэль. Нескладана было прадказаць, з якім пасланнем Макей едзе ў Брусэль - гэта пасланне было напісана не ў МЗС, а ў рэзідэнцыі Лукашэнкі. Макей выступіў у ролі паштальёна, і можна было б выбраць у гэтай ролі кагосьці іншага, а не чалавека, які знаходзіцца пад кропкавымі санкцыямі з боку ЕЗ. Гэта мая пазіцыя», - кажа Лябедзька.

Аднак, паводле яго слоў, больш важна не тое, што Макей прывёз у Еўропу, а тое, што ён з яе павёз.

«Я не дапускаю думкі, што Макей прыязджаў для таго, каб у чарговы раз агучыць і так вядомую пазіцыю афіцыйнага Менска. Пытанне ў тым, чаго мы не ведаем - які канверт Макей павёз з Бруселя. І ў гэтым невядомым і складаецца адказ на пытанне, была місія Макея тупіковай, ці яна мела сэнс на існаванне», лічыць палітык.

Калі ж усё скончылася так, як казаў Макей, то Лябедзька выключае магчымасць запрашэння міністра на саміт у Вільню.

«Чатыры краіны ўжо выступілі супраць запрашэння Макея на гэтае мерапрыемства, і калі Беларусь не ўспрыме сігнал Бруселя, то ён не толькі можа не паехаць у Вільню, але і зноў вярнуцца ў той стан, у якім ён быў - у стан неўязнога ў ЕЗ», - мяркуе лідар АГП.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках