«Уралкалію» надакучылі махінацыі Лукашэнкі
122- 30.07.2013, 14:40
- 155,801
(абноўлена - 14:40) Расейская кампанія спыніла экспарт праз Беларускую калійную кампанію.
Адзіным каналам экспартнага збыту прадукцыі прадпрыемства стаў «Уралкалій-Трэйдынг». Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні кампаніі, размешчаным на яе сайце. «Уралкалій» адзначае, што «супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі ў рамках БКК зайшло ў тупік».
«Уралкалій» заўсёды настойваў на тым, што экспартныя продажы абодвух вытворцаў павінны ажыццяўляцца праз адзіную тавараправодную сетку. Гэты фундаментальны прынцып супрацоўніцтва быў парушаны з падпісаннем указа прэзідэнта Беларусі ад 22.12.2012 №566 аб адмене выключнага права Беларускай калійнай кампаніі на экспартныя пастаўкі беларускага калію, услед за якім рушылі фактычныя адгрузкі «Беларуськалію» па-за рамкамі БКК.
Мы неаднаразова звярталі ўвагу нашых беларускіх партнёраў на непрымальнасць падобных дзеянняў, у выніку якіх былі разбураныя асновы нашага шматгадовага плённага супрацоўніцтва. У такой сітуацыі мы вымушаныя перанакіраваць нашы экспартныя патокі на ўласнага трэйдара», - заявіў генеральны дырэктар «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгартнер.
БКК была эксклюзіўным экспарцёрам калійных угнаенняў вытворчасці ААТ «Беларуськалій» і ААТ «Уралкалій». Кампанія была заснаваная на парытэтных умовах у снежні 2005 года. У цяперашні час акцыянерамі БКК з'яўляюцца ААТ «Беларуськалій» (45%), Беларуская чыгунка (5%) і ААТ «Уралкалій» (50%).
Эксперты прагназуюць развіццё канфлікту паміж беларускай і расейскай кампаніямі. Саперніцтва паміж імі паўстане з-за рынкаў збыту.
«Цяпер адмову ад каардынацыі экспарту можа справакаваць коштавыя войны паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем», бо яны заўсёды працавалі на адных і тых жа рынках.
Для калійшчыкаў прыярытэтам заўсёды быў кошт прадукцыі, а не аб'ёмы продажаў. Цяпер на рынку пачнецца бітва за аб'ёмы і магчымы дэмпінг. БКК за кошт свайго памеру ўдавалася адстойваць сваю коштавую пазіцыю нават з жорсткімі кітайскімі і індыйскімі перамоўшчыкамі», - піша расейскае выданне «Известия» са спасылкай на меркаванне аналітыка кампаніі «ВТБ Капітал» Кевіна Уайта.
Беларускі эканаміст Леанід Заіка адзначыў, што адмова «Уралкалію» ад супрацоўніцтва з'яўляецца лагічным адказам на махінацыі беларускага боку з коштамі на экспартаваную сыравіну. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org.
«Гэта цалкам чаканы вынік, таму што ў свой час у беларускага боку хапіла нахабства ўздымаць кошты на калій да тысячы даляраў за тону, хоць сярэднеўзважаны кошт складае каля 500-600 даляраў. На дадзены момант адбылося зніжэнне коштаў на калійныя ўгнаенні больш, чым на 100 даляраў за тону. Я думаю, што дзеянні беларускага боку былі настолькі відавочныя, што той жа самы Сулейман Керымаў і прадстаўнікі расейскага боку ўбачылі бесперспектыўнасць супрацоўніцтва з БКК», - сказаў Леанід Заіка.
Адмова «Уралкалію» ад экспарту праз беларускую кампанію дорага абыйдзецца Менску з-за будучых хуткіх пераменаў на сусветным рынку калію.
Як паведаміў Уладзіслаў Баўмгартнер на прэс-канферэнцыі, «Уралкалій» мае намер павялічыць вытворчасць і продажы хлорыстага калію да 10,5 млн тон у 2013 годзе, 13 млн тон у 2014 годзе і 14 млн тон у 2015 годзе, нарошчваючы збыт у першую чаргу ў Кітай , Індыю і Бразілію.
«Уралкалій збіраецца змяніць сваю стратэгію ў новых умовах. Мы лічым, што найбольш адэкватнай стратэгіяй будзе максімізацыя аб'ёмаў», - заявіў ён.
Па словах Уладзіслава Баўмгартнера, іншыя гульцы на калійным рынку таксама будуць нарошчваць аб'ёмы вытворчасці і экспарту, у выніку чаго кошты на калій ужо ў 2-м паўгоддзі ўпадуць з 400 да 300 і ніжэй даляраў за тону.
Адзначым, што беларускі кіраўнік 27 траўня загадаў стварыць спецыяльную камісію, якая павінна курыраваць экспарт калію. Яе ўзначалілі яго сын Віктар Лукашэнка і кіраўнік КДБ Беларусі Валерый Вакульчык. Прызначаючы некалькі дзён таму новага кіраўніка БКК, кіраўнік заявіў пра тое, што «нельга ні ў якім выпадку страціць расейскую кампанію».
Незалежныя эксперты праводзяць паралелі паміж махінацыямі беларускіх уладаў з экспартам калію і кантрабандай растваральнікаў. У гэтым годзе шэраг галін хімпраму зноў шматкроць перавысіў гістарычныя аб'ёмы сваіх продажаў - як гэта было раней з нафтапрадуктамі.