15 лiстапада 2024, Пятніца, 21:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мечыслаў Грыб: Пад выглядам барацьбы з карупцыяй пераследуюць нязгодных

11
Мечыслаў Грыб: Пад выглядам барацьбы з карупцыяй пераследуюць нязгодных

Неад'емнай часткай палітыкі Лукашэнкі з'яўляецца пастаянная і бясконцая імітацыя барацьбы з карупцыяй.

Аб гэтым заявіў старшыня Вярхоўнага Савета 12 склікання, генерал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб, каментуючы сайту charter97.org разнос, які ўчыніў беларускі правадыр прадстаўнікам сілавых ведамстваў праз недастатковую барацьбу з карупцыяй.

«Варта адзначыць, што ўзмоцненая «барацьба» з карупцыяй вядзецца ўжо амаль 20 гадоў. Яна пачалася яшчэ пры Вярхоўным Савеце 12-га склікання, калі ў 1993 годзе выбралі камісію па ўзмацненні барацьбы з карупцыяй, якую тады ўзначаліў дэпутат Лукашэнка. Было шмат гучных слоў і заяў. Але дакладчыкі спасылаліся на тое, што ў іх няма ўлады. Справа пайшла далей і за некаторы час сябры гэтай камісіі занялі высокія пасады ва ўладзе. Адзін з іх на працягу чатырох гадоў працаваў генпракурорам. Улада прыйшла ў рукі, але выніку няма», - падкрэсліў палітык.

Ён адзначыў, што на працягу 20 гадоў барацьба з карупцыяй існуе толькі на словах і адбываецца ў выглядзе хваляў, якія ўзмацняюцца і заціхаюць.

«Часткова «барацьбу» з карупцыяй выкарыстоўваюць у якасці спосабу пераследу іншадумцаў. У свой час была ініцыяваная крымінальная справа супраць міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава, якога пасадзілі ў турму як «карупцыянера». За ім пайшоў Васіль Старавойтаў - двойчы Герой Сацыялістычнай Працы. Потым пад раздачу патрапіў гендырэктар трактарнага завода, які меў намер балатавацца кандыдатам у прэзідэнты. Спачатку гэта кранула прыватных асоб, а потым у карупцыі пачалі абвінавачвацца цэлыя прадпрыемствы і галіны: дрэваапрацоўка, будаўніцтва і Мінгарвыканкам», - дадаў генерал-лейтэнант міліцыі.

Ён перакананы, што такім чынам у Беларусі ідзе перманентная і бясконцая «барацьба» з карупцыяй.

«Лукашэнка будзе вечна «змагацца» з карупцыяй і ніколі яе не пераможа. А на прыкладзе гэтага разносу мы бачым толькі ўзмацненне хвалі. Цяпер стала зручна спісваць усё на карупцыю і тэрарызм, канцэпцыю барацьбы з якім прынялі ўчора. Бо трэба неяк адцягваць народ ад эканамічных праблем, асабліва перад выбарамі. Наогул, кожны нармальны чалавек не супраць барацьбы з карупцыяй, але яе трэба весці па-сапраўднаму, а не абмяжоўвацца размовамі пра карупцыю», - падсумаваў Мечыслаў Грыб.

Нагадаем, беларускі дыктатар абрынуўся з крытыкай на сілавыя ведамствы. Ён занепакоены «бессістэмным характарам барацьбы праваахоўных органаў з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках