Пракаповіч прызнаў правал «мадэрнізацыі»
43- 13.08.2013, 9:20
- 30,284
Віцэ-прэм'ер урада Беларусі прызнае, што паказчыкі комплекснай мадэрнізацыі беларускай эканомікі далёкія ад запланаваных.
Пра гэта ён паведаміў Лукашэнку, паведамляе «Інтэрфакс».
Пётр Пракаповіч «са шкадаваннем канстатаваў, што паказчыкі за першае паўгоддзе яшчэ далёкія ад запланаваных у цэлым па году», праінфармавалі ў прэс-службе кіраўніка. «Так, выручка на аднаго занятага ў эканоміцы за гэты перыяд вырасла на 11,5% у адносінах да паказчыкаў мінулага года, у той жа час па выніках года яна павінна складаць не менш за 25%. Сярод вытворчасцяў, якія не выконваюць гэты паказчык, прадпрыемствы міністэрства прамысловасці, канцэрна «Белнафтахім», - паведамілі ў прэс-службе.
Паводле яе інфармацыі, Лукашэнку таксама было даложана, што па выніках працы за 6 месяцаў гэтага года інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 108,8% у адносінах да першага паўгоддзя мінулага года. «Гэта некалькі вышэй за прагнозныя паказчыкі (106%), аднак таксама з'яўляецца вельмі недастатковым для забеспячэння выканання запланаванага праграмай мадэрнізацыі па ўсіх прадпрыемствах. Паводле слоў Пракаповіча, фактычна на сённяшні дзень менш паловы прадпрыемстваў выконваюць графік», - падкрэслілі ў прэс-службе.
Аднак самае моцнае адставанне, адзначыў віцэ-прэм'ер, - у правядзенні арганізацыйна-эканамічнай «мадэрнізацыі».
«Ніякае самае дасканалае абсталяванне, тэхналогіі не будуць эфектыўна працаваць, калі не выбудаваная сістэма кіравання, сістэма матывацыі работнікаў, захавання вельмі жорсткай дысцыпліны і тэхналогій. Калі мы гэтага не зробім, то не зможам эфектыўна выкарыстоўваць тыя рэсурсы, якія ўкладзем у тэхнічную мадэрнізацыю», - сказаў Пракаповіч.