Спагнанні Бяляцкаму пакінулі ў сіле
5- 19.08.2013, 12:27
- 10,498
Адміністрацыя бабруйскай калоніі, дзе адбывае пакаранне праваабаронца Алесь Бяляцкі, не знайшла падстаў для адмены накладзеных на яго спагнанняў.
Пра гэта сказана ў зваротным лісце начальніка калоніі Аляксандра Какуніна на зварот грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ), сябрам якой з'яўляецца палітвязень, перадае БелаПАН.
Афіцыйны зварот арганізацыі быў накіраваны ў калонію ў пачатку жніўня. Прадстаўнікі БАЖ паведамлялі, што валодаюць інфармацыяй аб прымяненні да Бяляцкага «неабгрунтаваных мер пакарання», у прыватнасці, пазбаўлення запланаванага на ліпень спаткання з жонкай і магчымасці атрымаць чарговую прадуктовую перадачу. Журналісты прасілі адмяніць гэтыя пакаранні і ў бліжэйшы час дазволіць праваабаронцу сустрэчу з жонкай.
Як вынікае з адказу начальніка калоніі, асуджаны Бяляцкі «неаднаразова дапускаў парушэнні ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання». Какунін таксама адзначае, што сам Бяляцкі не абскардзіў «названыя ў звароце спагнанні». Такім чынам, робіць выснову аўтар ліста, «падстаў для адмены спагнанняў альбо іх замены на іншыя няма».
«Крымінальна-выканаўчае заканадаўства РБ заснаванае на прынцыпах законнасці, гуманізму, дэмакратызму, роўнасці асуджаных перад законам, дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі выканання пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, рацыянальнага прымянення мер прымусу і сродкаў выпраўлення асуджаных, стымулявання іх правапаслухмяных паводзін, спалучэння прымусовых мер з выхаваўчым уздзеяннем», - цытуе адказ начальніка калоніі прэс-служба БАЖ.
Варта адзначыць, што 7 жніўня, праз некалькі дзён пасля таго, як асацыяцыя журналістаў адправіла ў калонію зварот, Бяляцкаму ўсё ж дазволілі перадаць прадукты - гэта была першая з пачатку года прадуктовая перадача.
Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна», асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Праваабаронца быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года, у лістападзе таго ж года над ім адбыўся суд.
Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, так як «Вясна» працуе нелегальна - улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, была цалкам пагашаная за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.
Праваабаронца афіцыйна прызнаны вязнем сумлення.