Мядзведзеў узняў на сігнал трывогі ўсе міністэрствы
223- 26.08.2013, 18:32
- 204,022
Набірае абароты скандал вакол арышту ў Беларусі гендырэктара кампаніі «Уралкалій».
Аб тым, што здарылася першы віцэ-прэм'ер Ігар Шувалаў паставіў у вядомасць кіраўніка ўрада Дзмітрыя Мядзведзева. Амбасада Расеі просіць Менск аб сустрэчы з бізнэсоўцам, паведамляе «Эхо Москвы».
Сітуацыя з затрыманнем у Менску гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгэртнэра - дзіўная, неадэкватная і не партнёрская. Менавіта так выказаўся першы віцэ-прэм'ер Ігар Шувалаў. Дзеянні беларускіх праваахоўнікаў назваў недапушчальнымі.
Паводле ягоных слоў, Дзмітрый Мядзведзеў даў усе патрэбныя ўказанні, да таго, што здарылася, падлучаныя ўсе міністэрствы. У МУС Расеі запэўніваюць, што Менск не звяртаўся да Масквы з пытаннем вышуку топ-мэнэджараў Уралкалія. Расейскія дыпламаты разлічваюць сустрэцца з кіраўніком кампаніі ў бліжэйшыя два дні.
Пры гэтым дарадца дыпмісіі ў Менску Уладзімір Марчук паведаміў прэсе, што пiсьмовага паведамлення аб затрыманні прадпрымальніка ад уладаў суседняй краіны не было. Амбасада накіравала ноту ў МЗС Беларусі. Там зварот перанакіравалі ў Следчы камітэт.
Раней СК Беларусі заявіў аб затрыманні ў Менску кіраўніка кампаніі «Уралкалій». Прычым Баўмгэртнэра знялі з самалёта пасля яго сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Кіраўніка «Уралкалія» вінавацяць у злоўжыванні паўнамоцтвамі. Паводле звестак агенцтва БелТА, праваахоўнікі раскрылі злачынную схему, паводле якой нібыта ўзбагачаліся топ-мэнэджэры Беларускай калійнай кампаніі, звязаныя з расейскім «Уралкаліем», у тым ліку яго гендырэктарам.
СК вядзе праверку на прадмет датычнасці да супрацьпраўнай дзейнасці іншых асоб, у тым ліку аднаго з акцыянераў «Уралкалія» Сулеймана Керымава.