СК гатовы распачаць справу супраць Керымава
86- 29.08.2013, 10:53
- 52,087
Следчы камітэт Беларусі збіраецца распачаць крымінальную справу ў дачыненні да акцыянера «Уралкалію» Сулеймана Керымава.
Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс -Захад» афіцыйны прадстаўнік СК Павел Траулька.
«Матэрыялы, якія паступілі ў Следчы камітэт, даюць падставу для распачынання крымінальнай справы ў дачыненні да Сулеймана Керымава, а таксама іншых асоб, у тым ліку і з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь», - сказаў Траулька.
«А таксама прымяненне ў дачыненні да гэтых асоб меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту і абвяшчэння іх у вышук», - працягнуў прадстаўнік СК.
Ён заўважыў: «Не патрабуецца спецыяльных юрыдычных ведаў, каб зразумець, як следства можа кваліфікаваць дзеянні Керымава».
Нагадаем, 26 жніўня ў Менску быў арыштаваны гендырэктар ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнер. Ён знаходзіўся ў Беларусі па пісьмовым запрашэнні прэм'ер -міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча. Падставай для арышту бізнесмена сталі матэрыялы аб здзяйсненні ім «відавочных злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, якія нібыта пацягнулі нанясенне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам Беларусі, а таксама нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ «БКК».
Запрашэнні на сустрэчу з Мясніковічам былі таксама накіраваныя старшыні савета дырэктараў «Уралкалію» Аляксандру Валошыну і акцыянеру кампаніі Сулейману Керымаву, але яны не змаглі паехаць на сустрэчу.
Фота: Коммерсант