26 снежня 2024, Чацвер, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці можа Еўразвяз стаць калектыўным Рэйганам?

53
Ці можа Еўразвяз стаць калектыўным Рэйганам?

Прынцыповая і цвёрдая пазіцыя Захаду здольная змяніць сітуацыю ў Беларусі.

4 жніўня, у Міжнародны дзень салідарнасці з беларускай грамадзянскай супольнасцю, у Беларускім доме ў Варшаве адбылася дыскусія аб сітуацыі з палітычнымі вязнямі. У цэнтры ўвагі было становішча старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, бо менавіта ў гэты дзень, два гады таму, ён быў арыштаваны. Пасля Бяляцкі быў прысуджаны да 4,5 гадоў турмы па ілжывым абвінавачванні ва ўтойванні падаткаў, хоць усе сродкі на рахунках праваабаронцы выкарыстоўваліся для дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій.

Падчас дыскусіі выступілі дэпутат Еўрапейскага Парламента Марэк Мігальскі, дырэктар Інстытута Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта і стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Ян Маліцкі і былыя беларускія палітвязні - каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка і галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна. Удзел у мерапрыемстве прынялі журналісты, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

Становішча палітвязняў пагоршылася

Мадэратар дыскусіі Марэк Мігальскі спачатку папрасіў Наталлю Радзіну распавесці, у якіх умовах сёння адбывае пакаранне самы вядомы праваабаронца Беларусі. Журналістка нагадала, што ў гэтым годзе Алесь Бяляцкі быў пазбаўлены кароткатэрміновага і доўгатэрміновага спатканняў са сваякамі, яму забаранілі прадуктовыя перадачы і ізалююць ад іншых зняволеных. Адміністрацыя калоніі ў Бабруйску забараніла зняволеным ісці на кантакт з праваабаронцам, і сёння ён знаходзіцца ў ізаляцыі.

Па словах Радзінай, стала больш жорсткім стаўленне не толькі да Алеся Бяляцкага, але і да ўсіх астатніх палітвязняў. Гэта стала следствам адсутнасці прынцыповай і цвёрдай пазіцыі Захаду ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Замест працягу ціску на рэжым, Еўразвяз сёння зноў спрабуе гандлявацца з беларускімі ўладамі, скасоўваючы санкцыі ў адносінах да асобаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі.

Неабходная моцная пазіцыя Захаду

Зміцер Бандарэнка, які прабыў у турме паўтара года, пагадзіўся з тым, што становішча палітвязняў толькі пагаршаецца, калі ЕЗ пачынае ісці на саступкі беларускаму рэжыму.

«Калі б Захад і некаторыя лідары беларускай апазіцыі мелі больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, то сёння ў Беларусі мы б ужо не мелі палітвязняў. Напрыклад, пераломным момантам мог стаць ад'езд заходніх амбасадараў з Менска. Яны не павінны былі вяртацца, пакуль вязні сумлення застаюцца ў турмах. Таксама непаслядоўна павялі сябе лідары партый і арганізацый, якія парушылі ўласнае абавязацельства не ўдзельнічаць ні ў якіх выбарах, пакуль у турмах застаюцца палітвязні.

Сёння Захаду патрэбны калектыўны Рэйган, таму што менавіта дзякуючы яго паслядоўнай пазіцыі СССР быў аслаблены, і Гарбачоў вымушаны быў пачаць перабудову. У ЕЗ павінна быць цвёрдая пазіцыя ў дачыненні да Беларусі, павінны быць зроблены канкрэтныя крокі, каб усе вязні сумлення былі вызваленыя і рэабілітаваныя».

Дырэктар Інстытута Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта і стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Ян Маліцкі, які ў часы камуністычнай Польшчы быў актывістам прафсаюза «Салідарнасць» і таксама адбываў турэмны тэрмін, пагадзіўся з тым, што Захаду патрэбная моцная стратэгія ў дачыненні да дыктатураў.

«Чым слабей пазіцыя - тым горш. Чым цвярдзей - тым лепш. Так было ў часы ваеннага становішча ў Польшчы. Але Еўрапейскі звяз такое ўтварэнне, якому падобная палітыка не ўласцівая. У Еўразвязе павінны быць краіны, якія б падтрымалі намаганні Польшчы і Швецыі ў дачыненні да дэмакратыі ў Беларусі. Адзінай Еўропы як такой не існуе. Калі гаворка ідзе пра палітыку, то кожны думае пра сваё. Прашу прабачэння ў беларускіх калег, але Беларусь малацікавая Еўразвязу. Але калі Польшча, Швецыя і Германія будуць разам сур'ёзна думаць, як змяніць сітуацыю ў Беларусі, то яны змогуць павесці за сабой і іншыя краіны ЕЗ».

Лукашэнка аддаў загад у дачыненні да палітвязняў

Ян Маліцкі таксама падзяліўся ўласным турэмным вопытам. На яго думку, самы цяжкі час - першы тыдзень зняволення.

«Кожны, хто быў у зняволенні, ведае, што існуюць дзве найбольш важных рэчы: есць вітаміны, лук і часнык, быць упэўненым, што пра цябе памятаюць. Цяжэй за ўсё сядзець першы тыдзень. У гэты час чалавек найбольш слабы і разгублены, потым ён становіцца мацней. У нас кажуць, «год - гэта не прысуд». Важна, каб пра Бяляцкага пастаянна казалі, пастаянна памяталі. Я вельмі глыбока спачуваю Бяляцкаму. Я сам быў у зняволенні. Важна адчуваць, што ты не самотны. Для мяне, простага салдата «Салідарнасці», галоўнай была ўпэўненасць, што пакуль я сяджу, маім лёсам займаецца ўвесь свет».

У адказ на гэта Зміцер Бандарэнка адзначыў, што сітуацыя ў беларускіх турмах сёння нават горш, чым у турмах камуністычнай Польшчы:

«Лукашэнка аддаў загад у дачыненні да палітычных зняволеных - выкарыстаць усе метады. Гэта тое, што ў крымінальнікаў называецца бязмежжам. Калі нас усіх арыштавалі 19 снежня 2010 года, рэжым у турме КДБ стаў больш жорсткім - там пачалося сапраўднае пекла. Другая рэч, самая страшная - пастаянна прысутнічае пагроза згвалтавання палітвязняў. Гэтую інфармацыю паведаміў у сваім апошнім лісце Мікалай Статкевіч. Міжнародны кантроль над сітуацыяй з палітвязнямі сёння проста неабходны».

Вызваленне і рэабілітацыя

Наталля Радзіна перасцерагла калег-журналістаў ад спробаў вызначыць дакладны час вызвалення палітвязняў і заявіла пра неабходнасць настойваць на рэабілітацыі вязняў сумлення.

«Як журналіст, які сам быў у турме, заклікаю не ладзіць таталізатар. Часам мне хочацца, каб журналісты, якія гэтым займаюцца, адчулі на сабе, як цяжка чытаць у турэмнай камеры ў газеце, што цябе могуць вызваліць у нейкі канкрэтны перыяд. Гэта ўсяляе ілжывыя надзеі і вельмі балюча, калі яны не апраўдваюцца.

Таксама хацела б адзначыць важнасць не толькі вызвалення, але і рэабілітацыі палітвязняў. Сёння кажуць, што гэта немагчыма, бо ў Беларусі няма закона аб рэабілітацыі. Для рэабілітацыі неабходная палітычная воля уладаў. І я ведаю, чаму яе няма: таму што ім неабходны поўны кантроль над вызваленымі з турмы апазіцыянерамі. У рэшце рэшт, нават у таталітарным СССР рэабілітавалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Кожны вязень сумлення, які выйшаў на волю пасля арышту ў 2010 годзе, сёння пазбаўлены магчымасці займацца актыўнай палітычнай дзейнасцю. Вядома, гэта не тычыцца тых, хто сёння імітуе палітычную актыўнасць, але тыя, хто спрабуе рэальна дзейнічаць, тут жа зноў трапляе за краты. Так, існуюць пагроза ўжо трэцяга (!) турэмнага тэрміну для Васіля Парфянкова, магчымы паўторны арышт Уладзіміра Яроменка. Таму патрабаваць рэабілітацыі неабходна, паколькі людзі пасля турмы застаюцца па-ранейшаму не свабоднымі, таўро «раней судзімага» пазбаўляе іх магчымасці нармальнага жыцця».

Беларусі трэба дапамагаць так, як дапамагалі польскай «Салідарнасці»

Падчас дыскусіі польскія журналісты пацікавіліся, чаго хоча беларуская апазіцыя ад Захаду?

«Мы хочам адэкватнай ацэнкі сітуацыі і адпаведнай разумнай стратэгіі. Яшчэ ў 2000-м годзе ў Беларусь прыехалі два амерыканца польскага паходжання. Гэта быў Іэн Бжэзінскі і Марк Цісен. Яны былі памочнікамі сенатара Джэсі Хелмса, які тады быў кіраўніком Камітэта па замежных справах Сената ЗША. Па выніках візіту яны напісалі артыкул, які называўся «Беларусі трэба дапамагаць так, як дапамагалі польскай «Салідарнасці». Сапраўды, легальная палітычная дзейнасць сёння ў Беларусі немагчымая. Але людзі змагаюцца, змагаюцца ў падполлі. І тое, што выходзяць дзясяткі тысяч людзей у момант, калі старшыня КДБ кажа, што за гэта будзе расстрэл, кажа пра тое, што дух барацьбы ў беларусах жыве.

Мне здаецца, што сёння няправільна ацэньваюць сітуацыю ў Беларусі. Сітуацыя ў краіне падобная на часы ваеннага становішча ў Польшчы, а з Беларуссю спрабуюць размаўляць як з нармальнай еўрапейскай краінай. Безумоўна, ёсць недахопы ў выпрацоўцы стратэгіі беларускай апазіцыі, але часта гэтыя рэчы ўзаемазвязаныя», - упэўнены Зміцер Бандарэнка.

Наталля Радзіна адзначыла, што неабходныя канкрэтныя санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Пакуль жа не выконваюцца ў поўнай меры нават візавыя абмежаванні, а гандаль Захаду з рэжымам Лукашэнкі квітнее, паколькі эканамічныя інтарэсы бізнесменаў уплываюць на палітычныя рашэнні еўрапейскіх чыноўнікаў. Пры гэтым яна нагадала, што ў 2011 годзе кіраўнікі МЗС Польшчы, Германіі, Чэхіі і Швецыі апублікавалі артыкул пад загалоўкам «Лукашэнка - лузер», у якім прызналі, што ён прайграў прэзідэнцкія выбары. Тым не менш, кантакты з нелегітымным рэжымам Лукашэнкі працягваюцца.

Цвярозая ацэнка сітуацыі

Еўрадэпутат Марэк Мігальскі адзначыў, што пазіцыя Захаду яго здзіўляе:

«Для мяне запрашэнне кіраўніка МЗС Беларусі Макея ў Брусэль - было гандлем без гандлю. Я чуў, што Макей будзе запрошаны ў Брусэль толькі пасля вызвалення Статкевіча, Дашкевіча і Бяляцкага. Іх вызваленне было б для ЕЗ ясным сігналам. Але раптам ЕЗ зрабіў крок у бок Лукашэнкі без якіх-небудзь саступак з яго боку.

Галоўная праблема ў тым, што Еўразвяз кожныя паўгода мяняе сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі. Сёння мякчэй, заўтра цвярдзей, паслязаўтра зноў мякчэй. Палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі сёння нагадвае п'янага, які танчыць ад сценкі да сценкі.

Лукашэнка ведае, што праз кожныя паўгода палітыка ЕЗ змяняецца і ўжо чакае гэтага. Але адзіны выхад - мець паслядоўную палітыку. Нельга мяняць пазіцыю пад уплывам нейкіх аналітыкаў або лабістаў. Рэцэпт вельмі просты: неабходная жорсткая палітыка ў дачыненні да дыктатуры і адкрытая - у дачыненні да беларускага народа».

Ян Маліцкі пагадзіўся, што неабходна аказваць пастаянны ціск на рэжым Лукашэнкі.

«Мы павінны больш звяртаць увагу на Беларусь. Так, праблемы ёсць у Азербайджане ці Бірме, але Беларусь зусім побач з намі.

Згодны са Змітром Бандарэнкам, што сітуацыя ў Беларусі нагадвае ваеннае становішча ў Польшчы. Але беларусам складаней, чым нам. У Польшчы палякаў паднялі «Салідарнасць» і Папа Рымскі, а ў Беларусі такога няма. Гэта не праўда, што ўсе людзі - барацьбіты. Людзі баяцца. Яны не будуць кідацца на танкі з-за нейкага Лукашэнкі. Просты беларус ведае, што яго адразу ж знішчаць.

Калі людзі пачынаюць змагацца? Калі лопне апошняе цярпенне, калі кожнаму чалавеку будзе нанесеная асабістая крыўда, ці калі ён абурыцца вялікай несправядлівасцю ў дачыненні да іншых. Як паказвае сацыялогія, гэта адбываецца тады, калі сітуацыя ў краіне рэзка пагаршаецца ці, як ні дзіўна, паляпшаецца.

Павінна скласціся рэвалюцыйная сітуацыя. Калі ў вас на плошчы будзе 10 тысяч чалавек, то прыменяць вадамёты, калі 20 тысяч чалавек - будуць біць, калі 50 тысяч - яны пачнуць сумнявацца, а калі будзе 150 тысяч - міліцыя пяройдзе на бок народа. Усё проста. Але трэба разумець, што сам Лукашэнка з'яўляецца вельмі спецыфічнай істотай. Мы крытыкуем ЕЗ за яго няздольнасць вырашыць сітуацыю, але Лукашэнка - выключэнне з правілаў. Ёсць такая катэгорыя вінаў - эндэмічныя. Кожны, хто п'е віно, ведае 5-10 гатункаў. А гэтыя эндэмічныя гатункі малавядомыя, рэдка сустракаюцца дзесьці ў гарах Партугаліі, на Каўказе. Лукашэнка - гэта такі эндэмічны гатунак, які не супадае з азначэннямі ў падручніках. Таму еўрапейцы да гэтага часу не могуць з ім справіцца».

У адказ Наталля Радзіна адзначыла, што раз ужо Ян Маліцкі параўнаў Лукашэнку з «эндэмічным віном», а Марэк Мігальскі палітыку Еўразвяза - з «п'яным, які танчыць ад сценкі да сценкі», то яна жадае ЕЗ хутчэй цвяроза зірнуць на сітуацыю ў Беларусі.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках