«Цал Дир Бие» будавалі рабочыя з Паўночнай Карэі
99- 7.08.2013, 13:41
- 123,313
Рэбус з загадкавымі літарамі на новай рэзідэнцыі Лукашэнкі атрымаў нечаканую разгадку.
Справа ў тым, што на будоўлях Менска сёння працуюць каля 100 наёмных рабочых з КНДР. Яны занятыя на ўзвядзенні не толькі рэзідэнцыі кіраўніка, але і на рэканструкцыі гасцініцы «Беларусь» і на будаўніцтве жылых дамоў МАПІДа.
Пра гэта сёння распавёў на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар ДВА «Менскбуд» Мікалай Мілашэўскі. Па словах кіраўніка аб'яднання, беларускіх будаўнікоў на аб'ектах па-ранейшаму бракуе, у сувязі з чым даводзіцца прыцягваць спецыялістаў з-за мяжы, перадае БелТА.
«Вялікага рэзерву працоўных рэсурсаў унутры рэспублікі няма, адбіваецца блізкасць расейскага рынку, дзе беларускія будаўнікі запатрабаваныя, таму мы супрацоўнічаем з іншымі краінамі, каб выканаць маштабныя задачы, якія стаяць перад будаўнічым комплексам Менска», - сказаў Мікалай Мілашэўскі.
Паўночнакарэйскія будаўнікі жывуць за горадам на спартыўнай базе і кожны дзень працуюць на аб'ектах «Будтрэста № 7» і МАПІДа, піша onliner.by.
«Павінен сказаць, яны вельмі добрасумленна і якасна выконваюць сваю працу, - адзначыў Мікалай Мілашэўскі. - Я асабіста быў у Маскве, размаўляў з амбасадарам. У нас падпісаны пратакол аб намерах запрасіць у Менск да 500 чалавек з Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі. Нядаўна да мяне падыходзіў іх прадстаўнік. Кажа, вы занадта мала нам працы даяце. Мы гатовыя працаваць па 12 гадзін у дзень. Не паляць, не п'юць. Дысцыпліна ў іх жалезная».
Па словах Мікалая Мілашэўскага, масавы адток беларускіх будаўнікоў за мяжу, які назіраўся ў 2011 і 2012 гадах, ужо спыніўся. На сёння колькасць супрацоўнікаў аб'яднання перавышае 24 тысячы чалавек і мала-памалу павялічваецца.
«Сярэдняя зарплата па аб'яднанні даходзіць да 8 млн рублёў. Думаю, да 1000 даляраў прыйдзем да канца года, - удакладніў ён. - Сёння няма прабелаў у заканадаўстве, можна працаваць і па 12 гадзін у суткі і атрымліваць па 12-13 мільёнаў. Некаторыя з рабочых у нас столькі і зарабляюць.
Нагадаем, журналісты звярнулі ўвагу на назву будынка, які ўзводзіўся на праспекце Пераможцаў у Менску яшчэ ў траўні, калі на фасадзе сталі мантаваць рускія літары. Пасля пратэстаў у СМІ іх знялі. Аднак новы надпіс на рэзідэнцыі - «Цал Дир Бие», які з'явіўся праз некалькі дзён, - выклікаў яшчэ больш пытанняў.
2 ліпеня тут адбылося ўрачыстае адкрыццё плошчы «дзяржаўнага сцяга», якая размясцілася паміж рэзідэнцыяй кіраўніка і выставачным цэнтрам «Белэкспа».