У Еўрапарламенце прадставілі намінантаў на прэмію Сахарава
6- 18.09.2013, 10:22
- 12,107
7 кандыдатаў на прэмію Сахарава прадставілі еўрадэпутаты на сумесным пасяджэнні камісіі замежных спраў і падкамісіі па правах чалавека Еўрапарламента.
Сярод намінантаў Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч і Эдуард Лобаў, якія прадстаўляюць ўсіх беларускіх палітвязняў, - кажа еўрадэпутат Марэк Мігальскі, які прадставіў іх кандыдатуры ў Еўрапейскім парламенце, перадае «Радыё Рацыя».
«Усіх беларускіх палітвязняў прадстаўляюць тры чалавекі. Калі ўзнагароду атрымаюць гэтыя тры чалавекі, то гэта значыць, што яе атрымаюць усе беларускія палітвязні», - заявіў Марэк Мігальскі.
Кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага вылучалі на прэмію Сахарава і ў мінулым годзе. Ён быў другім па колькасці галасоў. Аднак узнагароду тады атрымалі іранцы - адвакат Насрын Сатудэх і рэжысёр Джафар Панахі, якія ў сваёй краіне зараз знаходзяцца за кратамі.
Прэмія імя савецкага навукоўца і дысыдэнта Андрэя Сахарава была заснаваная ў снежні 1985 года Еўрапейскім Парламентам. Яна прысуджаецца асобам ці арганізацыям, якія абараняюць правы і свабоды людзей.