Сулейман Керымаў - новы абвінавачаны па «калійнай справе»
261- 2.09.2013, 12:40
- 147,678
СК Беларусі абвясціў расейскага алігарха ў міжнародны вышук.
Акцыянер ААТ «Уралкалій» Сулейман Керымаў прыцягнуты ў якасці абвінавачанага па крымінальнай справе ў дачыненні да службовых асоб ЗАТ «Беларуская калійная кампанія». Пра гэта паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Беларусі, піша БелТА.
Вынесеныя пастановы аб ужыванні да яго меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту і абвяшчэння яго ў вышук, у тым ліку па лініі Інтэрпола.
Дзеянні Сулеймана Керымава кваліфікаваныя следствам як арганізацыя злоўжывання ўладай і службовымі паўнамоцтвамі (п.4 арт.16 і ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Максімальная санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Па словах прадстаўнікоў СК, у ходзе расследавання крымінальнай справы ў распараджэнне следства разам з выяўленымі фактамі шкоды Рэспубліцы Беларусь апынуліся шматлікія матэрыялы аб здзяйсненні Сулейманам Керымавым, Уладзіславам Баўмгертнерам і іншымі абвінавачанымі дзеянняў, якія нанеслі значны ўрон Расейскай Федэрацыі і ўтрымліваюць у сабе прыкметы злачынстваў прадугледжаных крымінальным заканадаўствам Расеі.
У сувязі з гэтым, улічваючы зацікаўленасць расейскага боку, Следчым камітэтам аналізуюцца і абагульняюцца названыя матэрыялы для накіравання ў Генеральную пракуратуру Расейскай Федэрацыі.
Нагадаем, па справе ЗАТ «БКК» распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да старшыні назіральнага савета кампаніі Уладзіслава Баўмгертнера, а таксама члена назіральнага савета Алега Пятрова, першага намесніка гендырэктара Канстанціна Саладоўнікава, намесніка гендырэктара па фінансах Ігара Еўстратава, начальніка фрахтавая аддзела Дзмітрыя Самойлава. Падставай для распачынання крымінальных спраў паслужылі матэрыялы аб здзяйсненні гэтымі людзьмі відавочных злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, якія прывялі да нанясення істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам Рэспублікі Беларусь, а таксама нанясення ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ «БКК».
Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны ў Менску 26 жніўня. Расейскія ўлады ўжо запатрабавалі яго неадкладнага вызвалення.
Фота: Коммерсант