27 снежня 2024, Пятніца, 9:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Том Меліа: «Мы гатовыя прыняць Беларусь з распасцёртымі абдымкамі»

18
Том Меліа: «Мы гатовыя прыняць Беларусь з распасцёртымі абдымкамі»

Намеснік памочніка Дзяржаўнага сакратара ЗША Том Меліа даў эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту charter97.org.

Прадстаўнік Дзярждэпу ЗША прымае ўдзел у Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні, якая праходзіць у гэтыя дні ў Варшаве. У рамках свайго візіту Том Меліа сустрэўся з галоўным рэдактарам charter97.org Наталляй Радзінай і адказаў на яе пытанні.

- Спадар Меліа, вас называюць «ключавым гульцом па прасоўванні дэмакратыі ва ўсім свеце». Газета «The Washington Post» пісала, што вы прасоўваеце дэмакратыю ў самых нечаканых месцах - Іраку, Афганістане, краінах Афрыкі, Азіі, Усходняй Еўропы, уключаючы Беларусь. Як, па-вашаму, можна дамагчыся пераменаў у Беларусі?

- У канчатковым выніку будучыню Беларусі будуць вызначаць яе грамадзяне. Роля міжнароднай супольнасці, якая хоча, каб Беларусь атрымала поспех у якасці суверэннай, незалежнай, квітнеючай, стабільнай краіны заключаецца ў падтрымцы дэмакратаў у Беларусі. Мы не можам умешвацца ва ўнутраныя справы, нам не дазволена арганізоўваць нешта ў іншых краінах. Але мы можам гуляць дапаможную ролю: забяспечваць палітычную салідарнасць, дыпламатычны ціск, часам аказваць матэрыяльную падтрымку розным дэмакратычным ініцыятывам у такіх краінах, як Беларусь. Таму я думаю, што наша роля заключаецца ў тым, каб працаваць у партнёрстве з народам Беларусі, паспрабаваць дапамагчы яму дасягнуць моманту, калі ён зможа абіраць урад, які на самой справе яго прадстаўляе.

Як вядома, ЗША і еўрапейскія краіны былі вельмі актыўныя ў аказанні ціску на беларускія ўлады ў адказ на разгон дэманстрацыі, якая прайшла ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Мы спрабуем аказаць ціск на беларускія ўлады для таго, каб яны рухаліся ў еўрапейскім дэмакратычным кірунку.

- Так, ЗША прытрымліваюцца прынцыповай пазіцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Тым не менш, эканамічныя санкцыі з часткі беларускіх прадпрыемстваў былі знятыя. Але палітычная сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца. Амерыка гатовая адказаць на гэта адэкватным чынам?

- Я думаю, што вы маеце на ўвазе санкцыі ў дачыненні да двух беларускіх кампаній, тэрмін якіх скончыўся ў чэрвені. Яны былі фактычна звязаныя з дзейнасцю па нераспаўсюджванні і ўведзеныя з-за таго, што ўлады і некаторыя кампаніі Беларусі аказвалі падтрымку такім краінам, як Іран, якія спрабуюць стварыць ядзерную зброю. Гэта былі санкцыі, уведзеныя дзеля канкрэтнай мэты. Тэрмін іх дзеяння скончыўся згодна з нашымі законамі праз два гады. Іх адмена не была адказам на нейкія станоўчыя перамены ў палітычнай сітуацыі ў Беларусі, якая, як вы сказалі, застаецца дрэннай і працягвае пагаршацца.

Мы заўсёды шукаем спосабы ўзаемадзеяння, і я думаю, што ўрад Беларусі добра ведае, што адсутнасць дэмакратыі з'яўляецца адныой з асноўных перашкод на шляху да ўмацавання нашых двухбаковых адносінаў. Пра гэта было афіцыйна заяўлена тры гады таму ў Астане падчас сустрэчы міністраў замежных спраў. Гэта застаецца нашай палітыкай. Мы гатовыя прыняць Беларусь з распасцёртымі абдымкамі. Але ўлады павінны прадэманстраваць, што ў краіне няма палітычных зняволеных, а людзі, якія былі кінутыя ў турмы за сваю палітычную дзейнасць, не толькі вызваленыя, але і цалкам адноўленыя ў правах і могуць прымаць удзел у публічнай палітыцы.

Вось чаму так важна праводзіць такія сустрэчы, як гэта ў Варшаве, на якіх мы можам пагаварыць з беларускімі актывістамі. Некаторыя з іх могуць прыехаць з Беларусі, некаторыя вымушаныя жыць па-за межамі сваёй краіны. Падчас такіх сустрэч мы можам прадэманстраваць нашу салідарнасць і падтрымку дзеля лепшай будучыні Беларусі.

- Свой артыкул у кнізе «Плячо ў плячо: стратэгічнае партнёрства ЗША і ЕЗ» вы назвалі «Падтрымка дэмакратыі за мяжой: трансатлантычная супрацоўніцтва на ростанях». Як вы ацэньваеце сённяшні ўзровень супрацоўніцтва паміж ЕЗ і ЗША? Некаторыя эксперты лічаць, што сёння Амерыка «сышла» з Еўропы або прысутнічае ў недастатковай ступені.

- Вядома, за час маёй трохгадовай працы ў Дзяржаўным дэпартаменце я бачыў, што мы і нашы еўрапейскія партнёры шырока супрацоўнічаем у пытаннях правоў чалавека. Некаторыя з іх тычацца глабальных праблем: мы аказваем падтрымку актывістам, з якімі змагаюцца іх уласныя ўлады. Усё больш і больш урадаў еўрапейскіх дзяржаў разам з намі прымаюць канкрэтныя меры, якія дапамагаюць праваабаронцам. У той жа час, я б сказаў, што на працягу апошніх трох гадоў, асабліва ў апошнія паўтара года, сітуацыя для дэмакратычных актывістаў у многіх краінах становіцца ўсё больш і больш цяжкай. Гэта тычыцца не толькі дзяржаў, якія ўваходзілі ў склад былога Савецкага Саюза. Мы бачым новыя законы, якія ўведзеныя ў дзеянне для стварэння новых перашкод працы дэмакратычных актывістаў і іх трансгранічнаму супрацоўніцтву. Па іроніі лёсу наша супрацоўніцтва з Еўропай нарастае адначасова з гэтымі праблемамі.

Я не згодны з тым, што ЗША пакінулі Еўропу. Шмат хто з нас штодня працуюць разам з нашымі партнёрамі ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе для таго, каб дапамагчы прасоўваць дэмакратычныя пераўтварэнні ва ўсходнееўрапейскіх краінах. Я б сказаў, што мы бачым значны прагрэс у такіх дзяржавах, як Малдова і Грузія, у іншых месцах. Мы працуем у Еўропе, яна з'яўляецца для нас важным партнёрам на Блізкім Усходзе, у Азіі - усюды, дзе мы прысутнічаем, таму няма ніякага зніжэння ўзроўню трансатлантычнага супрацоўніцтва.

- Еўразвяз не падтрымаў тыя эканамічныя санкцыі, якія ўвялі ЗША ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Шмат разоў гаварылася, што ідзе праца па каардынацыі санкцый. Чаму яна да гэтага часу не ўвянчалася поспехам?

- Гэтае пытанне лепш адрасаваць еўрапейскім чыноўнікам. Еўрапейскі Звяз - гэта 28 краін, якія маюць свае ўласныя нацыянальныя стратэгіі і нацыянальныя інтарэсы. Мы будзем весці справы з ЕЗ як з аб'яднаннем і як з асобнымі краінамі. Я б задаў ваша пытанне еўрапейскім урадам і спытаў бы пра тое, чаму яны не робяць пэўныя рэчы. Мы па-ранейшаму лічым, што для нас важна працаваць у цесным супрацоўніцтве з ЕЗ і, у прыватнасці, гэта тычыцца «Усходняга партнёрства».

Усё, што я магу сказаць, каардынацыя дзеянняў па пытанні санкцый - гэта частка нашых узаемаадносінаў. Некалькі тыдняў таму я быў у Брусэлі ў рамках афіцыйнага двухбаковага дыялогу з ЕЗ. Некаторыя з нас, высокапастаўленых службовых асоб з Вашынгтона, правялі два дні з калегамі з Еўразвяза, абмяркоўваючы шэраг агульных інтарэсаў у свеце. Тэма Беларусі, безумоўна, уздымалася падчас гэтых перамоваў. Нам нагадалі ў гэтай сувязі аб тым, што палітыка ЕЗ залежыць ад кансенсусу 28 розных урадаў, і гэта, мабыць, яшчэ больш складана, чым развіццё знешняй палітыкі ЗША.

- Вы працавалі ў Дзярждэпартаменце з Хілары Клінтан, зараз працуеце з Джонам Кэры. Ці зменяцца ў будучыні падыходы Дзярждэпартамента ў дачыненні да Беларусі?

- Я думаю, вы ўбачыце галоўным чынам цвёрдасць нашай прынцыповай пазіцыі ў адносінах да Беларусі. Дзяржсакратар Кэры распрацаваў некалькі новых ініцыятыў на Блізкім Усходзе і ў розных частках свету, але ён абапіраецца на тое, што рабіла Хілары Клінтан. Гэта ўключае ў сябе нашу падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і іншых краінах. Мы працягнем пераконваць беларускі ўрад у тым, каб ён паводзіў сябе правільна ў дачыненні да ўласнага народу.

Я хацеў бы сказаць, што ў Беларусі ёсць нейкі рух наперад на шляху да аднаўлення дэмакратычнага працэсу, але, відавочна, што гэта не так. У бліжэйшыя гады ў Беларусі пройдуць выбары. Мы спадзяемся, што беларускі народ атрымае шанец на больш адкрыты і сумленны выбарчы працэс, падчас якога ён зможа абраць службовых асоб. Мы і надалей будзем старацца працаваць для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, а таксама паспрабуем пераканаць улады ў тым, што будучыня квітнеючай, стабільнай, незалежнай краіны звязаная з дэмакратычнымі пераўтварэннямі .

- Перад тым, як атрымаць пасаду ў Дзяржаўным дэпартаменце, вы працавалі ў арганізацыі Freedom House, дзе былі адказныя за праграму дапамогі дэмакратычным актывістам у дыктатарскіх краінах. Вы больш чыноўнік ці праваабаронца?

- Я трапіў у Дзяржаўны дэпартамент пры Хілары Клінтан менавіта дзякуючы маёй працы ў галіне правоў чалавека ў Freedom House і ў Нацыянальным дэмакратычным інстытуце. Я прытрымліваюся гэтай лініі ў сваёй працы кожны дзень. Цікавая дэталь нашай сістэмы заключаецца ў тым, што сюды прыходзяць людзі з розным вопытам. Думаю, што змог як праваабарончы актывіст дадаць перспектыву ў амерыканскую дыпламатыю ў гэтым рэгіёне.

- Вы дапамаглі мне асабіста, калі я пасля выхаду з турмы бегла з Беларусі і вымушаная была з-за адсутнасці пашпарта да ад'езду ў Еўразвяз падпольна жыць у Маскве. Чаму вы вырашылі дапамагчы звычайнай беларускай журналістцы?

- Таму што гэта было правільным учынкам. Злучаныя Штаты, як і ў гэтым выпадку, выкарыстоўваюць свае дыпламатычныя рэсурсы для таго, каб дапамагчы людзям працягваць працу, нават калі яны вымушаныя з'ехаць за межы сваёй краіны. Так што я меў гонар дапамагчы вам у гэтай сітуацыі.

- ЕЗ сёння спрабуе наладзіць новы дыялог з Лукашэнкам. Лабіруюць яго, як правіла, краіны, якія эканамічна залежныя ад беларускага дыктатара. Як можна супрацьстаяць realpolitik?

- Задача складаецца не ў тым, каб спрабаваць супрацьстаяць краінам, якія праводзяць свае нацыянальныя інтарэсы. Задача ў тым, каб думаць аб доўгатэрміновай перспектыве, каб дапамагчы тым, хто змагаецца за еўрапейскую інтэграцыю.

- 25 верасня дзень народзінаў Алеся Бяляцкага. Што б вы хацелі сказаць яму і іншым палітвязням у Беларусі?

- Я спадзяюся, што ў хуткім часе змагу пагаварыць з Алесем у яго офісе ў Менску, дома або тут, на канферэнцыі. Мы спадзяемся, што ён выйдзе на волю і вернецца да сваёй сям'і вельмі хутка. Як вы ведаеце, год таму Дзяржаўны дэпартамент ганараваў Алеся ўзнагароды ў галіне правоў чалавека. Спадзяемся, што гэты год будзе апошнім, які ён правядзе за кратамі.

Мы таксама працягваем змагацца не толькі за вызваленне палітвязняў, але і за аднаўленне іх палітычных правоў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках