16 лiстапада 2024, Субота, 13:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі эксперт: Новыя хітрыя метады не дапамогуць «Беларуськалію»

24
Расейскі эксперт: Новыя хітрыя метады не дапамогуць «Беларуськалію»

Беларусь спрабуе змагацца з «Уралкаліем» не толькі з дапамогай крымінальных спраў, але і на калійным рынку.

Менск стварае новага трэйдара, фактычна выкарыстаўшы раскручаны брэнд БКК, падаў «Беларуськалію» падатковыя льготы і адмяніў экспартныя пошліны на калій у памеры €85 на тону.

Гэтыя меры ўзмоцняць канкурэнтаздольнасць «Беларуськалію», у якога паўсталі сур'ёзныя праблемы са збытам пасля разрыву партнёрства з «Уралкаліем». Але ўдзельнікі рынка кажуць, што сабекошт беларускай прадукцыі ўсё роўна амаль удвая вышэй расейскага, піша «Коммерсант».

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні новага трэйдара калійных угнаенняў - ААТ БКК. Да гэтага кампанія шмат гадоў прадавала прадукцыю праз аднайменнае СП з «Уралкаліем» ЗАТ БКК, але расейскі бок у канцы ліпеня разарваў супрацоўніцтва. Новы трэйдар атрымаў выключнае права знешняга гандлю мінеральнымі або хімічнымі калійнымі ўгнаеннямі, замацаванае за дзяржавай. Гэта, на думку ўладаў Беларусі, «дазволіць захаваць за краінай добра вядомы на сусветным рынку брэнд, зэканоміць час і рэсурсы для арганізацыі ўласнага трэйдара і ў поўнай меры скарыстацца напрацоўкамі ЗАТ БКК у частцы наладжаных кантактаў са спажыўцамі і збытавымі каналамі».

У новую кампанію будуць пераведзеныя беларускія супрацоўнікі старога трэйдара. Як патлумачылі крыніцы на рынку, іх «некалькі дзесяткаў, менш за 50 чалавек». Гендырэктарам ААТ «у парадку выключэння » будзе Алена Кудравец, якая займае аналагічную пасаду ў ЗАТ БКК. Яна была прызначаная напярэдадні заявы «Уралкалію» аб спыненні сумесных продажаў.

Таксама, каб выратаваць «Беларуськалій» (у кампаніі паўсталі сур'ёзныя праблемы са збытам прадукцыі) Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб абнуленні з 1 верасня экспартнай пошліны на калійныя ўгнаенні. «Для забеспячэння стабільнай работы ААТ «Беларуськалій» прадугледжанае ўстанаўленне з 1 верасня 2013 года да 31 снежня 2013 года нулявой стаўкі вывазной мытнай пошліны на калійныя ўгнаенні», - гаворыцца ў паведамленні. Да гэтага яна складала €75-85 на тону ў залежнасці ад рынку паставак.

У Расеі няма дзеючай пошліны на пастаўкі калію за мяжу. Таму, як тлумачыць крыніца выдання, знаёмая са схемай продажаў, у той момант, калі ЗАТ БКК гандлявала расейскім каліем, пошліна не выплачвалася, а калі на экспарт ішла беларуская сыравіна - кампанія выплачвала падаткі Беларусі. Гэта, кажа суразмоўца выдання, дазваляла беларускаму ўраду аператыўна адбіраць лішкі прыбытку і папаўняць бюджэт не раз у год, як у выпадку з дывідэндамі, а сістэматычна. Акрамя абнулення пошліны «Беларуськалію» да канца 2014 года прадастаўленая адтэрміноўка па выплаце ў рэспубліканскі бюджэт разавага плацяжу за права карыстання нетрамі (на Петрыкаўскае радовішча).

Такім чынам, улады Беларусі спрабуюць ціснуць на «Уралкалій» не толькі праз крымінальныя справы, арышт гендырэктара кампаніі Уладзіслава Баўмгертнера, пераслед іншых топ-мэнэджэраў і ўладальніка Сулеймана Керымава, але і шляхам абвастрэння канкурэнцыі на рынку.

Сяргей Фільчанкоў з «Метраполя» лічыць, што нават такія крокі не стануць панацэяй для выратавання «Беларуськалію». На яго думку, наўрад ці на рынку будуць звяртаць істотную ўвагу на назву трэйдара. А сабекошт вытворчасці ў расейскай кампаніі істотна ніжэй, чым у беларускай: $55 за тону супраць $100. «Прэферэнцыі дапамогуць у нейкай ступені, але ў асноўным усё будзе залежаць ад фактычных коштаў новых кантрактаў», - кажа аналітык. На яго думку, «Беларуськалію» нават з улікам магчымага зніжэння кошту «прыйдзецца папрацаваць», каб знайсці новых спажыўцоў на фоне эканамічнага спаду і з улікам ўжо падпісаных «Уралкаліем» кантрактаў.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках