Андрэй Суздальцаў : Лукашэнка куе зброю супраць самога сябе
84- 6.09.2013, 20:43
- 68,016
Кожны дзень знаходжання Баўмгэртнэра ў турме разбуральна б’е па беларускім правадыры.
Пра гэта заявіў палітолаг Андрэй Суздальцаў, каментуючы сайту charter97.org пастанову суда пакінуць гендырэктара «Уралкалія» пад вартай.
«У гэтай сітуацыі трэба разумець, што генеральны дырэктар «Уралкалія» не мае статусу крымінальнага злачынцы. Я гэта сцвярджаю, бо яго расейскія адвакаты дагэтуль не атрымалі ніякай выразнай дакументацыі, у чым падазраецца Уладзіслаў Баўмгэртнэр. Гэта значыць абвінавачанні ў дачыненні да гендырэктара «Уралкалія» знаходзяцца на ўзроўні артыкулаў у беларускай дзяржаўнай прэсе і заяў, якія сыплюцца з экранаў беларускай тэлевізіі. Таму яго трэба ўважаць за нейкага закладніка палітычных спрэчак паміж Менскам і Масквой, градус якіх падымаецца», - перакананы экспэрт.
Палітолаг адзначыў, што беларускі бок трапіў ў вельмі дзіўнае становішча.
«Ён разлічваў на вельмі хуткі скандал, на абмен пагрозлівымі тырадамі, а затым на гандаль з нагоды новых датацый і асаблівага статусу Беларусі ў рамках Мытнага саюза. Але перамовы Уладзіміра Сямашкі і Аркадзь Дварковіча скончыліся, і цяпер Лукашэнку трэба думаць, што рабіць далей.
Кожны дзень знаходжання гендырэктара «Уралкалія» ў беларускай турме разбуральна б’е па Лукашэнку. Ён проста куе зброю супраць сябе. Думаю, што Баўмгэртнэра бліжэйшым часам не вызваляць. Як я і казаў Расея не пайшла на торг з Лукашэнкам. Таму лёс гендырэктара «Уралкалія» будзе цяжкі, а беларускія ўлады паспрабуюць давесці гэтую справу да суда», - дадаў экспэрт.
Нагадаем, суд Партызанскага раёна Менска не задаволіў скаргу адвакатаў на меру стрымання Уладзіславу Баўмгэртнэру.
Гендырэктар «Уралкалія» быў затрыманы ў Менскім аэрапорце 26 жніўня пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачанне паводле часткі 3 артыкула 424 КК Беларусі (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).