Праваабаронцу Танкачову высылаюць з Беларусі
13- 31.10.2014, 9:41
- 16,681
Рыхтуецца пастанова аб высылцы беларускай праваабаронцы за межы Беларусі.
Апавяшчэння аб ануляванні віду на жыхарства і аб разглядзе пра высылку з Рэспублікі Беларусь кіраўніца Цэнтра прававой трансфармацыі «Lawtrend» Алена Танкачова атрымала ў другой палове дня 30 кастрычніка. Праваабаронца збіраецца абскардзіць пастанову аб ануляванні віду на жыхарства і засяродзіцца на развязванні пытання магчымай высылкі, паведамляе «ЕўраБеларусь».
Нагадаем, у верасні стала вядома, што ў дачыненні да праваабаронцы Алены Танкачовай, якая пражывае ў Беларусі з 1985 года, але якая мае расейскае грамадзянства, можа быць распачатая працэдура пазбаўлення віду на жыхарства.
Праваабаронца не мае намеру даваць ацэнку або трактаваць дзеянні ўладаў да поўнага завяршэння працэсу камунікацыі з імі ў гэтай сітуацыі і прыняцця канчатковых пастаноў.
Прычынай для пастановы аб ануляванні віду на жыхарства паслужылі адміністрацыйныя правапарушэнні ў выглядзе нязначных перавышэнняў хуткаснага рэжыму пры кіраванні аўтатранспартным сродкам, зафіксаваныя відэакамерамі.