Салігорцы адправілі палітвязням паштоўкі падтрымкі
1- 7.10.2014, 10:27
- 6,201
Салігорскія грамадскія актывісты зноў даслалі паштоўкі са словамі падтрымкі беларускім палітычным зняволеным.
- На фоне пуцінскай агрэсіі ва Украіне гучаць думкі, што ў нас тут не такая ўжо і дыктатура, - кажа адзін з удзельнікаў акцыі Уладзімір Шыла. - Але ў Беларусі на гэты момант за кратамі знаходзіцца сем палітычных зняволеных, сярод якіх былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч. І мы не маем права забываць пра іх.
Важнасць салідарнасці разумее і актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Уладзімір Лемеш, які даслоўна на мінулых выходных сам патрапіў пад каток рэпрэсіўнай сістэмы і быў вымушаны правесці ў ізалятары часовага ўтрымання некалькі дзён, піша ПЦ «Вясна».
- Гэтыя людзі - сапраўдны прыклад стойкасці і нязломнасці. І я веру, што яны годна пройдуць гэты шлях і бліжэйшым часам мы зможам іх усіх убачыць на волі, - кажа юнак.
Удзельнікі акцыі заклікаюць усіх людзей добрай волі не быць абыякавымі, не баяцца выказваць сваю салідарнасць і актыўна падтрымаць усіх беларускіх вязняў сумлення ў гэты няпросты для іх перыяд жыцця.