Newsweek: Краіны Балтыі рыхтуюцца да расейскага ўварвання
3- 20.11.2014, 16:13
- 13,701
Вайсковыя самалёты і караблі РФ дэманструюць нарастаючую актыўнасць, і краіны Балтыі рыхтуюцца супрацьстаяць вайсковай пагрозе.
У пачатку лістапада расейскі вайсковы карабель увайшоў у выключную эканамічную зону Латвіі, прыкладна ў 9 марскіх мілях ад тэрытарыяльных вод гэтай краіны, піша Newsweek(пераклад - Инопресса.ру). У гэтым годзе расейскія вайсковыя караблі набліжаліся да водаў Латвіі раз 50, а расейскія вайсковыя самалёты да паветраных межаў Латвіі - прыкладна 200 разоў.
Міністр абароны Латвіі Райманд Веёніс сказаў у інтэрв'ю часопісу: калі ўсходні сусед наважыцца на ўварванне, яго краіна гатовая: "У нас ёсць асаблівыя планы дзеянняў. Разам з міністэрствам унутраных спраў мы праводзім вучэнні, навучаючы нашы войскі і паліцыю на выпадак розных сцэнарыяў. Але, вядома, нам неабходна больш супрацоўнічаць з нашымі суседзямі, а таксама з нашымі хаўруснікамі ў NATO".
У адрас краін Балтыі даўно гучалі абвінавачванні, што яны перабольшваюць расейскую пагрозу, але цяпер гэтыя краіны мяркуюць, што падзеі даказалі іх правату. "Мы, эстонцы, не меркавалі, што дваццаць гадоў таму гісторыя падышла да канца, - кажа Свен Сакаў, намеснік міністра абароны Эстоніі. - Вайна ў Грузіі ў 2008 годзе стала трывожным "сігналам будзільніка", але большасць еўрапейскіх краін адключылі сігнал і зноў задрамалі". Сакаў называе сапраўдную сітуацыю ў Еўропе "змяненнем клімату, а не благім надвор'ем". Ён кажа, што Эстонія ўжо адрэагавала на расейскую пагрозу - паскорыла забеспячэнне войска і папрасіла NАТO размясціць на яе тэрыторыі войскі і тэхніку на пастаяннай аснове. З мінулага года падвоілася колькасць навабранцаў у добраахвотнай "Абароннай лізе". Цяпер яна налічвае 14545 "вайскоўцаў па сумяшчальніцтве" - гэта 1% насельніцтва краіны.
Літва нядаўна стварыла баявыя сілы высокай гатоўнасці. Гэта каля 1600 вайскоўцаў, якія могуць рэагаваць на варожыя дзеянні на працягу 2-24 гадзін. "А Латвія, якая разглядаецца як асабліва ўразлівая, бо 26% насельніцтва - расейцы і маецца моцная партыя расейскай арыентацыі, папрасіла аб перманентнай ратацыі войскаў NАТО", - гаворыцца ў артыкуле. Цяпер у Латвіі размешчаны 150 вайскоўцаў NАТО. Са слоў Веёніса, іх прысутнасць - ужо фактар стрымлівання.
Хоць на гэты момант уварванне, мабыць, малаверагоднае, Латвія павялічвае абаронны бюджэт, піша аўтар.
Яшчэ адна прыкмета эскалацыі напружанасці - NАТО і Расея праводзяць у рэгіёне вайсковыя вучэнні.
Швецыя, якая ў пачатку 2000-х значна скараціла свае ўзброеныя сілы, выявіла, што ёй патэнцыйна бракуе тысяч салдат і маракоў.
Са слоў Юры Раўтасала (Фінскі нацыянальны абаронны ўніверсітэт), "фінскія палітыкі, якіх цікавіла супрацоўніцтва з Расеяй, здзіўлены яе нарастаючай агрэсіяй, але вайскоўцы не вельмі здзіўлены". Экспэрт мяркуе, што фінскаму войску прыйдзецца адаптавацца менш, чым шведскаму.
Праўда, ёсць і іншая інтэрпрэтацыя падзей, мяркуе часопіс: "Ястрабы" залішне драматызуюць дзеянні Расеі, называючы агрэсіяй тое, што можа быць больш бясшкоднай пыхай". Дэпутат з латвійскай партыі "Згода", арыентаванай на Расею, Івар Зарынс, мяркуе: "Усе астатнія партыі кажуць пра Расею, каб адцягнуць увагу ад сваёй няздольнасці развязваць асноўныя ўнутраныя праблемы".
З ягоных слоў, Латвія абыходзіцца з беларускай меншасцю як муж, які грэбуе сваёй жонкай. Зарынс мяркуе, што Латвіі варта засяродзіцца на праблемах "беднасці, сацыяльнай няроўнасці і адукацыі".
У Латвіі і Эстоніі расейцы глядзяць прарасейскія тэлеканалы, працягвае аўтар. У пачатку лістапада запрацаваў расейскі канал "Спадарожнік", які вяшчае на 30 мовах. Урад Латвіі мяркуе, што расейская прапаганда раўнасільная інфармацыйнай вайне, і ўважае яе не менш сур'ёзнай, чым вайсковая пагроза. Латвія выдзеліла 800 тысяч еўра на пашырэнне рускамоўнай рэдакцыі дзяржаўнай тэлевізіі і патрабуе абмежаваць расейскія "прапагандысцкія каналы", што вяшчаюць з краін ЕЗ.
На думку аўтара, сёння ў краін Балтыі больш шанцаў у выпадку расейскай агрэсіі. "Калі на Эстонію нападуць, мы будзем супраціўляцца з усіх сіл, - абяцае Сакаў. - У 1939-1940 гадах мы засвоілі ўрок, што трэба ваяваць, як бы мала ў цябе ні было шанцаў, што табе патрэбныя саюзнікі і што трэба быць дэмакратычнай краінай".
Фота: Reuters