БРСМ будзе шукаць «дармаедаў»
66- 26.11.2014, 16:22
- 25,779
Рэктар магілёўскага ўніверсітэта заклікаў прыцягнуць БРСМ і «Чырвоны крыж» на барацьбу з «дармаедамі».
Рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Вячаслаў Шаршуноў мяркуе, што ў Беларусі трэба выкараняць паразітычнае пражыванне ў грамадстве.
Гэта датычыцца і тых, хто не працуе і вядзе, як правіла, асацыяльны лад жыцця, і тых, хто не плаціць падаткі. Да прафілактычнай працы з такімі людзьмі трэба падключаць усіх зацікаўленых, перш за ўсё грамадскія арганізацыі, мясцовыя органы ўлады, праваахоўнікаў, паведамляе БелТА.
«Нам трэба ў першую чаргу развязаць праблему працаўладкавання такіх людзей, уключэння іх у грамадска-карысную працу. Для спецыялістаў, якія дэградавалі, цалкам рэальна знайсці простую працу. Бо ўборка вуліц, смецця, нарыхтоўка другасных рэсурсаў - таксама карысць для грамадства. Толькі разам мы зможам зрабіць так, каб гэтая катэгорыя людзей прыносіла карысць і не была абцяжараннем для нашага грамадства», - мяркуе Шаршуноў.
У той жа час, мяркуе ён, меры, якія прымаюцца ў дачыненні да такіх людзей, павінны быць вельмі ўзважанымі. Тут нельга забываць пра правы чалавека і ізаляваць непрацуючых грамадзян ад грамадства. З такімі людзьмі трэба больш кропкава і канкрэтна працаваць грамадскім арганізацыям, у тым ліку «Белай Русі», Чырвонаму Крыжу, БРСМ у плане прафілактыкі, распавёў рэктар.
«На мой погляд, у гэтай працы трэба старацца менш прымяняць адміністрацыйны націск, бо гэта можа быць успрынята негатыўна ў грамадстве і выклікаць зваротную рэакцыю. Тут тонкая грань палягае ў тым, што антырэклама можа ператварыцца для асобных элементаў у рэкламу і тыя, хто яшчэ не «прачнуўся», могуць далучыцца да так званых адвержаных», - мяркуе Вячаслаў Шаршуноў.