«Палатка» будзе выбіраць новага прэзідэнта?
244- 13.12.2014, 17:03
- 154,322
Працэдура выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь можа быць змененая праз рэферэндум.
Пра гэта гаворыцца ў сталай камісіі дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіравання і рэгламенту Палаты прадстаўнікоў у адказ на зварот групы грамадзян, піша БелаПАН.
У лістападзе 104 жыхары Магілёва звярнуліся з просьбай да «дэпутатаў палаты прадстаўнікоў», каб яны ў мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў правялі прэзідэнцкія выбары 2015 самастойна, без стварэння выбарчых камісій у рэгіёнах краіны. На думку падпісантаў, правядзенне выбараў такім чынам дазволіць захаваць 100 млрд. рублёў і вярнуць іх «у першую чаргу ўкладчыкам сталага веку». Акрамя таго, «мадэрнізаваныя» выбары прэзідэнта дазволяць пакінуць у мінулым непрызнанне вынікаў беларускіх выбараў міжнароднай супольнасцю што было раней, санкцыі і неўязных дзяржчыноўнікаў, гаварылася ў звароце магілёўцаў.
Для змянення ўстаноўленага законамі парадку правядзення выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь патрабуецца ўнясенне адпаведных змяненняў у Канстытуцыю і Выбарчы кодэкс, гаворыцца ў адказе старшыні сталай «парламенцкай камісіі» дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіравання і рэгламента Генадзя Грыцкевіча, накіраваным на адрас ініцыятара звароту грамадзян актывіста Беларускага прафсаюза РЭП Аляксея Паўлоўскага з Магілёва.
«У адпаведнасці з артыкулам 140 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, раздзел IV Канстытуцыі, які рэгламентуе у тым ліку пытанні выбараў прэзідэнта і паўнамоцтвы дзяржаўных органаў у іх правядзенні, можа быць зменены толькі шляхам рэферэндуму», - гаворыцца ў адказе «дэпутата».
«Як вынікае з адказу, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не супраць правядзення выбараў прэзідэнта такім парадкам, які прапанавалі грамадзяне. Г.зн. і наверсе, і ўнізе ўжо склалася агульнае разуменне немэтазгоднасці правядзення выбараў такім чынам, якім яны праходзяць у нашай краіне. Застаецца толькі ўтрэсці фармальнасці ў законах. Трэба ствараць ініцыятыўную групу і арганізоўваць рэферэндум», - заявіў Аляксей Паўлоўскі.
Нагадаем, раней старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына сцвярджала, што на выбары 2015 выдзелена каля 100 млрд. рублёў.