14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканамісты: Дэвальвацыя беларускага рубля непазбежная

26
Эканамісты: Дэвальвацыя беларускага рубля непазбежная

Эканамічны крызіс у Расеі ўдарыць па беларускай валюце ў найбліжэйшай будучыні.

За даляр у Маскве даюць ужо 72 рублі. Гэта біржавыя звесткі на 20:00 16 снежня. За некалькі гадзін да гэтага курс дасягаў 78 рублёў! Што будзе далей, не ведае ніхто, піша «Наша Нiва».

У тым, што расейскі крызіс б'е і па Беларусі, не сумняваецца ні адзін эксперт. Экспарт беларускіх тавараў у студзені-кастрычніку 2014 склаў $31,2 мільярда, прычым доля Расеі ў экспарце склала 45%. Разлікі з усходнім суседам ўсё часцей ідуць у расейскіх рублях.

Чаго чакаць беларусам бліжэйшай будучыняй?

Асацыіраваны эксперт Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менэджменту Дзмітрый Крук мяркуе, што Нацбанк павінен рэагаваць з апярэджваннем на абвал у Расеі. На ягоную думку, курс беларускага рубля да расейскага павінен адпавядаць таму, які быў у пачатку года.

Курс расейскага рубля складаў 290 беларускіх рублёў. Выходзіць, даляр павінен каштаваць у 60-70 разоў больш - блізу 20 тысяч беларускіх рублёў.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб кажа, што трэба рабіць беларускі рубель больш гнуткім: «Год таму быў зададзены прынцып курсаўтварэння - кожныя таргі даляр або вырастае на 10 рублёў, або застаецца на месцы. Гэты рэжым не мяняецца, што б вакол краіны не адбывалася.

Настаў час ад яго адмовіцца і зрабіць так, як было задэкларавана ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі: каб курс нацыянальнай валюты змяняўся пад уплывам попыту і прапановы».

Што адбудзецца ў такой сітуацыі з беларускім рублём? «Курсы валют выраслі б, але не наўпрост ўслед за расейскім рублём. Ёсць сэнс арыентавацца на кошык з трох валют - долар, еўра і рубель», - прапаноўвае Вадзім Іосуб. Тады падзенне расейскага рубля будзе «размытае» на тры валюты, што змякчыць эфект дэвальвацыі для насельніцтва.

Не верыць у перспектывы беларускага рубля і палітолаг Валер Карбалевіч: «Ці змогуць нашы ўлады знайсці замежныя крэдыты? Калі не знойдуць, то давядзецца рабіць дэвальвацыю, - сказаў ён. - Сітуацыя для ўлады не простая. Але што наш рубель будзе слабець - гэта безумоўна».

«Эканамічная сітуацыя будзе залежаць ад дзеянняў улады і Нацбанка. Калі нічога не змяняць, то інфляцыя будзе ад 20 да 30%, а наш рубель можа ўпасці на тую ж долю, што і расейскі, - разважае былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч. «Трэба нарэшце скараціць інфляцыю да адназначнай велічыні. Тая лічба, якая была запланавана - 13% - гэта ні ў якія рамкі не лезе, трэба каб яна была 5% максімум, а калі гэта немагчыма, то хаця б менш за 10%», - раіць ён.

«Крызіс у эканоміцы непазбежны. Ён выкліканы як ўнутранымі, так і знешнімі прычынамі. Наступны год і 2016 будуць для беларусаў вельмі цяжкімі. Можа не як у 2011, можа мякчэй, але сітуацыя будзе супастаўнай. Я гляджу на рэчы досыць змрочна», - сказаў заснавальнік партала Tut.by Юрый Зісер.

Тым часам беларускія ўлады ніяк не дэкларуюць гатоўнасць адпусціць нацыянальную валюту ў вольнае плаванне.

«Пытанне курсаўтварэння ў Беларусі не эканамічнае, а палітычнае, таму не факт, што яно наогул знаходзіцца ў сферы кампетэнцыі Нацбанка. Нацбанк павінен атрымаць указанне або як мінімум згоду на адмову ад ранейшай стратэгіі», - падсумоўвае Вадзім Іосуб.

«Эканамічная сітуацыя адназначна будзе горшай, але ў якіх памерах, пакуль цяжка сказаць. Бо яшчэ не вызначаны кошт нафты, і што будзе з расейскай эканомікай. Будуць гандлёвыя войны. І дапамога з расейскага боку будзе скарачацца. Дай бог, каб пералічылі тыя нафтавыя пошліны, аб якіх дамовіліся. Агульны фон адносін з Расеяй будзе дастаткова нервовы. Але добра не будзе: ці дрэнна, ці зусім дрэнна», - такі прагноз на 2015 год даў Дзмітрый Крук, эканаміст, які дакладна прадказаў папярэдні беларускі крызіс і эканамічную дынаміку пасля яго.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках